Вучэнні скончыліся — напружанасць засталася
Ці распачнецца неўзабаве ваенны канфлікт ва Украіне? Палітолаг Дзяніс Мельянцоў лічыць, што наўрад ці Расія сур'ёзна разглядае планы поўнамаштабных ваенных дзеянняў.
Увесь мінулы тыдзень свет напружана сачыў за ваеннай эскалацыяй на мяжы з Украінай. Каму выгадная гэтая напружанасць? Ці зменшыцца «наэлектрызаванасць» або ў далейшым стане яшчэ больш інтэнсіўнай? Сваімі развагамі з гэтай нагоды з газетай «Белорусы и рынок» падзяліўся Дзяніс Мельянцоў, палітолаг-міжнароднік, каардынатар праграмы «Знешняя палітыка Беларусі» Савета па міжнародных адносінах «Мінскі дыялог».
— У гэтай гісторыі самымі вялікімі алармістамі сталі СМІ заходніх краін. Менавіта ад іх зыходзіла адчуванне ваеннай трывогі, яны падавалі інфармацыю ў алармісцкім ключы. Нават украінскім афіцыйным асобам давялося рабіць заспакаяльныя заявы. Напрыклад, міністр абароны Украіны неаднаразова заяўляў, што вялікай колькасці расійскіх войскаў і тэхнікі на мяжы з Украінай усё ж недастатковая для масіраванага ўварвання. Непасрэднай пагрозы вайны няма. Таму, па факце, можна казаць, што тэматыка вайны больш раздзімалася ў СМІ.
Можна ўспомніць папярэднія сумесныя беларуска-расійскія вучэнні, якія таксама выклікалі хвалю заклапочанасці. Нават выказвалася меркаванне, што пад выглядам вучэнняў Расія мае намер напасці на Беларусь. Цяпер кажуць, што войскі з тэрыторыі Беларусі могуць напасці на Украіну.
Так што сітуацыя зусім не новая. Проста цяперашнія вучэнні — самыя маштабныя, таму і рэакцыя з боку Захаду і Украіны адпаведная.
Расіі нявыгадна ўрывацца ва Украіну ні ў палітычным, ні ў фінансавым, ні ў ваенным плане, інакш ёй давядзецца кантраляваць аграмадную тэрыторыю велізарнай колькасцю войскаў. Да таго ж тэрыторыю не дружалюбную ў адносінах да Расійскай Федэрацыі. Зыходзячы з гэтага, можна казаць, што наўрад ці Расія сур'ёзна разглядае планы поўнамаштабных ваенных дзеянняў.
Крэмль, які праводзіць падобныя вучэнні, спрабуе гэтым прымусіць Захад да перамоваў. Патрабуе ад Захаду гарантыі спынення пашырэння НАТА на ўсход. Вучэнні — гэта дэманстрацыя магчымасцяў Расіі. Акрамя таго, даная сітуацыя прадэманстравала ўсяму свету, як будуць паводзіць сябе заходнія саюзнікі Украіны. Цяпер відаць, што ваеннай гатоўнасці абараняць Украіну ў выпадку расійскага ўварвання няма. Для Украіны вынікі гэтага крызісу несуцяшальныя, паколькі яна застаецца адзін на адзін з Расіяй.
Будзе спадаць ці, наадварот, павялічыцца напружанасць у бліжэйшы час — пытанне няпростае. Цяперашні крызіс — частка вялікай расійскай палітычнай гульні. Расія імкнецца навязаць сваё бачанне і новую архітэктуру бяспекі, мае намер дамагчыся ад Захаду прызнання ўласных сфер уплыву. Калі цяпер Захад не пойдзе на саступкі для Расіі, то ў бліжэйшыя гады такія крызісы будуць паўтарацца. Пакуль Расія адчувае сябе дастаткова ўпэўнена, каб падштурхоўваць Захад да перамоваў і патрабаваць прызнання сваіх зон уплыву.