Міністэрства абароны Украіны агучыла план расійскай агрэсіі
Міністр абароны Украіны Аляксей Рэзнікаў агучыў сцэнар расійскай агрэсіі. Ён заявіў, што ўзровень пагрозы высокі.
Паводле яго слоў, Украіна не змяншае пагрозу, яе ўзровень высокі, але ўлады ажыццяўляюць прагназаванне ўсіх сцэнарыяў, выбіраючы тактыку паводзін.
"Сярод іншых мы разглядалі сцэнар, што РФ паспрабуе літаральна акружыць войскамі: ад Брэста да Таганрога, па сушы, на двух морах і ў часова акупаваным Крыме. І пазначыць актыўнасць на часова акупаванай частцы Малдовы, у Прыднястроўі. Таксама чакалася, што РФ на фоне гэтага зладзіць абвастрэнне на ўсходзе Украіны", — распавёў ён.
Міністр дадаў, што ўсё гэта будзе суправаджацца іншымі сродкамі ціску: кібератакамі, мініраваннямі грамадзянскіх аб'ектаў, спробамі ўчыніць беспарадкі пад рознымі падставамі.
"Мэта гэтых дзеянняў — расхістаць Украіну знутры, каб мы змянілі палітычны курс і адмовіліся ад ЕС і НАТА, а ў рэшце рэшт страцілі незалежнасць. Цяпер гэты сцэнар спрабуюць увасобіць", — паведаміў ён.
Колькі расійскіх вайскоўцаў ля межаў Украіны
Сёння падраздзяленні РФ налічваюць 127 тысяч чалавек наземнага кампанента, з марскім і авіяцыйным кампанентамі — 147 тысяч, паведаміў Рэзнікаў.
"Мы не бачым адводу і не гаворым аб памяншэнні колькасці (ваенных, — рэд.). Тыя часткі, якія цяпер у руху, могуць вярнуць у папярэднія месцы або перакінуць на іншы ўчастак", — паведаміў ён.
Нагадаем, у зоне правядзення аперацыі Аб'яднаных сіл на Данбасе працягваецца эскалацыя вайсковага канфлікту.
Прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі Борыс Джонсан упэўнены, што план уварвання Расіі ва Украіну ўжо пачаў у некаторым сэнсе рэалізоўвацца.
rbc.ua