«Выбары Пуціна»-2024 на тэрыторыі Беларусі: асаблівасьці і лічбы

Расейскія «выбары Пуціна», імаверна, фальсыфікаваліся і ў Беларусі. Паводле словаў расійскіх адказных асобаў, афіцыйна на тэрыторыі Беларусі было шэсць участкаў для галасаваньня. Але іх магло быць і сем. І нават восем.

iljustracyja_1_1.jpg

Падчас так званых выбараў прэзідэнта РФ 17 сакавіка 2024 года Расея арганізоўвала галасаваньне расейскіх грамадзянаў на некалькіх выбарчых участках у Беларусі. Паводле інфармацыі на старонцы амбасады Расеі ў Беларусі, а таксама словаў амбасадара Расеі ў Беларусі Барыса Грызлова, такіх участкаў было 6, у кожным абласным цэнтры Беларусі (на фота).

Але насамрэч, што пацьвярждаецца данымі са старонкі Цэнтральнае выбарчае камісіі Расеі, было арганізавана 7 выбарчых участкаў. Сёмы ўчастак знаходзіўся ў пасёлку Азярэчча Клецкага раёна Менскае вобласьці, дзе дыслякуецца расейская вайсковая частка, што абслугоўвае радыёлякацыйную станцыю «Волга»

Іншы цікавы факт, які бачны на старонцы Цэнтральнае выбарчае камісіі Расеі — тое, што ў «Сьпісе выбарчых участкаў, арганізаваных за межамі тэрыторыі Расейскае Федэрацыі, на якіх праводзіцца датэрміновае галасаваньне», ёсьць участак нумар 8046 (Гомель і Мазыр), на якім адбывалася датэрміновае галасаваньне 14 і 15 сакавіка. Гэта значыць, што ў згаданыя дні расейская выбарчая камісія ездзіла ў Мазыр. Як даказана шматлікімі дасьледаваньнямі, у Мазыры на аэрадроме «Бокаў» знаходзяцца вайскоўцы расейскае вайсковае часткі, якая належыць да зенітна-ракетных войскаў. То бок, зь вялікай імавернасьцю менавіта да іх была накіраваная выбарчая камісія.

Што тычыцца агульнае колькасьці расейскіх грамадзянаў, якія прагаласавалі, то яна складае 13 719 чалавек.

Глядзіце таксама

У верасьні 2021 года на тэрыторыі Беларусі Расея таксама арганізоўвала галасаваньне падчас «выбараў» у Дзярждуму РФ, прычым яно супала з правядзеньнем так званых вышкалаў «Захад-2021». На старонцы міжнароднае супольнасьці «ІнформНапалм» маецца дасьледаваньне, у якім падлічана колькасьць удзельнікаў згаданых вышкалаў на падставе вынікаў галасаваньня. Гэтае дасьледаваньне паказала, што колькасьць удзельнікаў вышкалаў складала прынамсі 3700 чалавек, і іх галасы былі прыпісаныя да выбарчага ўчастку «Клецк-2». 

Зараз жа, у 2024 годзе, колькасьць тых, хто галасаваў у Азярэччы, прыкладна адпавядала той колькасьці, якая назіралася да вышкалаў 2021 года. 

Калі ад агульнае колькасьці тых расейцаў, якія прагаласавалі ў 2021 годзе, адняць падлічаную дасьледнікамі «ІнформНапалм» колькасьць удзельнікаў вышкалаў «Захад-2021», атрымаецца 7393 чалавекі.

Падлік паказвае, што на дадзены момант у параўнаньні зь верасьнем 2021 года колькасьць расейцаў, якія бралі ўдзел у галасаваньні, вырасла меркавана на 6326 чалавек. Вельмі імаверна, што пераважную частку зь іх складаюць менавіта вайскоўцы.

Варта адзначыць, што гэтая лічба можа быць менш, бо частка расейцаў, якія ў 2021 годзе прыбылі нібыта для ўдзелу ў вышкалах, маглі застацца ў Беларусі.

Пры гэтым невядома, якім чынам і дзе галасавалі найміты ПВК «Вагнэр», асноўная база якіх знаходзіцца, як вядома, у вёсцы Цэль Асіповіцкага раёна Магілёўскай вобласьці. Па даных тэлеграм-канала «Беларускі гаюн», які маніторыць ваенную актыўнасьць у Беларусі, у краіне застаюцца некалькі сотняў «вагнэраўцаў», што даволі істотна ў агульнае колькасьці расійскіх выбаршчыкаў на тэрыторыі нашай краіны.

Захаваны правапіс арыгіналу