Канферэнцыя Каліноўскага ў Вільні: галоўныя тэзісы Офіса Святланы Ціханоўскай
Адна з галоўных мэт — ізаляваць рэжым Лукашэнкі і забяспечыць падтрымку беларусаў унутры і за межамі краіны, піша Марыя Міхалевіч для «Белсат».
22 сакавіка ў літоўскім Сейме ў Вільні праходзіць канферэнцыя Каліноўскага, якую ладзяць Камітэт Сейму па замежных справах і Офіс Святланы Ціханоўскай.
Сёлета канферэнцыя прысвечаная еўрапейскаму выбару Беларусі. Арганізатары чакаюць, што па выніках будзе выпрацаваная адзіная стратэгія заходніх краінаў у дачыненні Беларусі, а таксама будуць вызначаныя крытэры інтэграцыі Беларусі ў еўрапейскую супольнасць. На Форуме разгледаюцца аргументы на карысць еўрапейскай будучыні ўсяго рэгіёну Усходняга партнёрства, які з 1991 года з усіх сіл спрабуе вырвацца з савецкага мінулага і «Русского мира».
У канферэнцыі прымаюць удзел прадстаўнікі парламентаў Літвы, Латвіі, Польшчы, Нямеччыны, Ісландыі, Даніі, Эстоніі, ЗША, Італіі, Еўрапарламенту, дыпламаты ЕЗ і еўрапейскіх краінаў.
Абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская перад пачаткам канферэнцыі ў інтэрв’ю «Белсату» выказала ўдзячнасць «замежным сябрам Беларусі» і самім беларусам за тое, што сабраліся абмеркаваць сучаснасць і будучыню нашай краіны. Беларуская лідарка выказала спадзяванне на практычныя вынікі пасля канферэнцыі.
«Можа, падумаюць над адзінай стратэгіяй датычна Беларусі, бо як я бачу, цяпер у Еўропы такой стратэгіі няма. Мы ведаем, што ў Расеі ёсць стратэгія па нашай краіне, а ў еўрапейцаў няма. Гэтае пытанне трэба прапрацоўваць, і гэтая канферэнцыя – адна з пляцовак, дзе людзі могуць выказвацца і прыходзіць да аб’яднаных меркаванняў», – зазначыла Святлана Ціханоўская.
Паводле старэйшага дарадцы Ціханоўскай Франака Вячоркі, беларускія дэмакратычныя сілы чакаюць ад канферэнцыі разгляду варыянту ўключэння Беларусі ва Усходняе партнёрства на фармальным узроўні, а таксама перафарматаванне Люблінскай тройкі ў Люблінскую чацвёрку – каб акрамя Літвы, Польшчы і Украіны там з’явілася Беларусь. Трэцяя мэта – выпрацаванне двухбаковай стратэгіі па Беларусі, якая будзе ўключаць ізаляцыю для рэжыму і падтрымку для беларусаў.
«Зараз моцны перакос у бок ціску, санкцыяў. Не ўсё робіцца эфектыўна, але робіцца, – кажа Франак Вячорка. – Але мы мала чуем пра праграмы падтрымкі для беларусаў, еўрапейскую перспектыву, бязвізавы рэжым».
На думку дарадцы Ціханоўскай, размова пра тое, што Беларусь можа атрымаць ад Еўразвязу змяніла б настроі ўнутры краіны, таму што цяпер людзі адчуваюць сябе разгубленымі, забытымі, і з гэтымі настроямі трэба працаваць у пазітыўнай павестцы.
«Калі людзі чуюць увесь час «санкцыі, ціск, закрыццё мяжы, вайна», гэта выклікае фрустрацыю, стомленасць, расчараванасць, але калі б яны чулі: санкцыю на Лукашэнку, але мы зробім простым атрыманне візаў, дапаможам са студэнцкімі стыпендыямі, тады гэта дае ясную альтэрнатыву. І гэты пазітыў трэба трансляваць. Не хапае пазітыву, адчування перамогаў, і я спадзяюся, на гэтай канферэнцыі мы будзем гаварыць пра тыя пазітыўныя меседжы, якія могуць ісці ўнутр Беларусі», – зазначае Вячорка.
Дарадца Святланы Ціханоўскай згадаў таксама пра скарачэнне і нестабільнасць еўрапейскай падтрымкі для Беларусі, праз што «найбольш церпяць незалежныя медыі, якія залежаць ад еўрапейскай падтрымкі, праваабарончыя ініцыятывы, грамадзянская супольнасць».
«Але я не сказаў бы, што сітуацыя драматычная, – кажа палітык. – Падтрымка есць, проста патрэбы сталі нашмат большымі. У 2020 – 2021 гадах было больш падтрымкі прыватнага бізнесу беларускага, калі збіралі праз BYSOL, фандрайзінгавыя кампаніі. Цяпер гэтага стала менш – людзі ахвяруюць менш, бізнесы ахвяруюць менш, і больш патрэбаў ад інстытуцыйных партнёраў, як ЕЗ, ЗША. І нашая задача – лабіяваць гэтую падтрымку, як гэта Украіна робіць штодня. Толькі для Украіны патрэбная падтрымка вайсковая і фінансавая для стабілізацыі эканомікі, а нам патрэбная падтрымка для грамадзянскай супольнасці і супраціву».
Удзел у такіх мерапрыемствах, як канферэнцыя Каліноўскага, на думку Вячоркі, гэта як раз шанец заявіць аб сваіх патрэбах і пралабіяваць іх. Такой магчымасцю можна таксама скарыстацца на дыяспаральнай канферэнцыі, якая пачынаецца ў Празе.
«Гэта магчымасць сфармуляваць пазіцыю, чаго беларусы за мяжой чакаюць ад замежных краінаў. Таксама ўдзел у міжнародных фарматах – ААН, Вялікая сямёрка, што робіць Ціханоўская пастаянна: ты прыходзіш і тлумачыш, чаму Беларусь важная. Таму што фокус увагі вельмі кароткі – ты нешта ім кажаш, а праз тры дні яны забываюць. Становіцца цяжка трымаць Беларусь у павестцы, але мы павінны гэта рабіць, і мы павінны не дазволіць змешваць Беларусь з Расеяй, класці ў адзін кошык, таму што нас проста спішуць, забудуць і мы згубім наш шанец на вызваленне», – рэзюмаваў дарадца Ціханоўскай.
З ініцыятывы Святланы Ціханоўскай 23 і 24 сакавіка ў Празе адбудзецца Канферэнцыя беларусаў і беларусак свету. Гэта ўжо трэцяя сустрэча суполак і арганізацыяў беларусаў замежжа.