Эвалюцыя пакаранняў за герб «Пагоня»: якія справы заводзілі на беларусаў у 2011-2023?

Што чакала беларуса за налепку з «Пагоняй» у 2011 годзе? А ў 2015-м? Як змяняліся пакаранні беларусаў за выкарыстанне нацыянальнага герба, высвятляў Алег Грыцкевіч для «Медыязоны».

Крыніца bel-news.by

Крыніца bel-news.by

13 гадоў таму за налепку з гербам «Пагоня» на машыне маглі даць папярэджанне — парушэнне ПДР. Цяпер за любое выкарыстанне герба беларусы часцей атрымліваюць штрафы і арышты. 

2011 год. Папярэджанне за налепку «Пагоні» на аўто і парады ад міліцыянта

У 2011 годзе муж Вольгі правёў эксперымент: наклеіў БЧБ-сцяг з гербам «Пагоня» на яе аўто. У ДАІ адрэагавалі: патэлефанавалі дзяўчыне і прапанавалі прыехаць аформіць парушэнне.

Тады беларуску хацелі аштрафаваць не за пікетаванне, а за недазволеную ПДР налепку. Па правілах на аўто можна наляпляць налепкі тыпу» «шыпы»,  «BY», «чалавек з інваліднасцю», «небяспечны груз» і гэтак далей. Усе астатнія — нельга.

Цяпер за такое парушэнне могуць даць папярэджанне або штраф да адной базавай велічыні (40 рублёў) паводле артыкула аб парушэнні правілаў эксплуатацыі аўто.

У 2011 годзе выкладчык Акадэміі МУС і былы супрацоўнік прэс-службы ДАІ Мінгарвыканкама Юрый Красноў параіў Вользе адказваць інспектарам, што налепка — для павышэння настрою:

«Хай скажа: «а вось я чуў, што ДАІ праводзіць праграму «паразуменне» ў краіне. Дык вось, я хачу вам дапамагчы: наклеіў налепку, каб павышаць настрой ва ўдзельнікаў дарожнага руху». І я думаю, што яго не аштрафуюць».

2012 год. Паляванне за «Пагоняй» у Берасці і пагрозы пратаколамі

У 2012 годзе абласная ДАІ ў Берасці палявала на кіроўцаў аўто з налепкамі герба «Пагоня». У ДАІ выклікалі больш за 10 чалавек і пагражалі пратаколамі за адміністрацыйнае правапарушэнне.

«Лічу, што трэба надаць рэзананс гэтай справе, бо відавочна, што справа палітычная. Тут ёсць нейкая замова, бо я бачыў, што ў іх у спісе блізу 30 чалавек», — распавядаў тады берасцейскі актывіст Віктар Клімус.

Глядзіце таксама

2016 год. Затрыманне за нацыянальны арнамент і бчб-сцяг з «Пагоняй»

У 2016 годзе мінчука Цімафея Дранчука спынілі супрацоўнікі ДАІ. Нагода — нацыянальны арнамент і бчб-сцягі з «Пагоняй» на машыне. У выніку беларуса аштрафавалі за «таніроўку шкла», таму што кіраўніцтва ДАІ дало загад «без штрафу не адпускаць».

2020 год. Дзве базавыя за налепкі «псіхо3%» і герб «Пагоня»

У ліпені 2020 года мінчука Андрэя Ляўшыцкага суд аштрафаваў на 10 базавых за непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі і на 2 базавыя — за налепкі «псіхо3%» і герб «Пагоня» на аўтамабілі.

Аўто беларуса адвезлі на штрафстаянку, а яго самога запрасілі ў пастарунак, дзе паведамілі пра затрыманне. У пастарунку Леўшыцкага пратрымалі суткі. Супрацоўнікі ДАІ запатрабавалі зняць налепкі цягам 15 дзён.

2021 год. Папярэджанне за налепку і 100 базавых за стыкеры

Вясной 2021 года жыхару Гродна Максіму Саўко з-за налепкі герба «Пагоня» на аўто тыдзень тэлефанавалі ўчастковы і супрацоўнік ДАІ. Пазней супрацоўнікі ДАІ спынілі ягоную жонку на тым жа аўто і папрасілі зняць налепку. Інспектары патлумачылі, што налепкі на аўто забароненыя і зрабілі вуснае папярэджанне.

Ужо восенню суд Добрушскага раёна аштрафаваў 49-гадовую Вераніку Драбышэўскую за стыкеры «Пагоня» і «Жыве Беларусь» у тэлеграме. Суддзя Святлана Лук'янава палічыла гэта пікетам і судзіла жанчыну па артыкуле аб парушэнні масавых мерапрыемстваў.

Глядзіце таксама

2022 год. 15 сутак за «Пагоню» на шапцы

У сярэдзіне снежня 2022 года беларуса затрымалі за «пікетаванне шапкай» з гербам «Пагоня». Суд Ленінскага раёна Мінска прызнаў мужчыну вінаватым і арыштаваў яго на 15 сутак.

2023 год. 25 сутак за татуіроўку «Пагоні» і «экстрэмізм»

У жніўні 2023 года суд Полацкага раёна арыштаваў шматдзетнага бацьку Вадзіма Берднікава за «пікетаванне» татуіроўкай з гербам «Пагоня» і падпіску на экстрэмісцкія паблікі на 25 сутак.

Татуіроўку суд палічыў пікетаваннем, а публікацыю «Вконтакте» з лагатыпам TUT.BY — распаўсюджваннем экстрэмізму.

У 2007 годзе герб «Пагоня» прызналі нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасцю, але гэта не перашкаджае сілавікам лічыць любое выкарыстанне герба пікетаваннем — за гэта можна атрымаць штраф ці суткі. Затрыманне па адміністрацыйнай справе можа стаць падставай для больш дбайнай праверкі вашага тэлефона і сацсетак, а значыць і для патэнцыйнай крымінальнай справы.

Глядзіце таксама