За Расіяй замацоўваецца імідж крымінальнай дзяржавы

Расследаванне падзення «Боінга» можа вельмі сур'ёзна паўплываць на нарошчванне ціску Захаду на Расію, тым больш, што гэта яшчэ адзін доказ датычнасці Расіі да канфлікту на Данбасе.

boeing_777_ukraine_8.jpg

Дырэктар Цэнтра стратэгічных і знешнепалітычных даследаванняў Арсень Сівіцкі пракаментаваў Thinktanks.by інфармацыю аб выніках расследавання міжнароднай следчай групы, якая ўстанавіла, што комплекс "Бук", з якога была запушчана ракета, належаў 53-й зенітнай ракетнай брыгадзе СПА Расіі, якая месціцца ў Курску.

— У цэлым вынікі гэтага расследавання маюць на ўвазе стварэнне міжнароднага трыбунала. Яны могуць мець дастаткова сур'ёзны ўплыў на санкцыйнае супрацьстаянне Захаду і Расіі. У прыватнасці, гэта можа справакаваць ўзмацненне заходніх санкцый у дачыненні да Расійскай Федэрацыі.

У цэлым, калі паглядзець на чараду расследаванняў, звязаных не толькі са збітым «Боінгам», але і справай Скрыпаля, расійскім умяшаннем ва ўнутраныя палітычныя працэсы еўрапейскіх краін і ЗША, складаецца адчуванне, што за Расіяй замацоўваецца імідж крымінальнай дзяржавы. І ўсё часцей у дыскурсе такі тэрмін выкарыстоўваецца.

Гэта сведчыць аб тым, што заходняя супольнасць гатова ўзмацняць свой ціск на расійскі істэблішмент, з мэтай заахвоціць РФ да змены знешняй палітыкі і наогул мадэлі паводзін. Я думаю, расследаванне падзення «Боінга» можа вельмі сур'ёзна адбіцца на нарошчванні ціску Захаду на Расію, тым больш, што гэта яшчэ адзін доказ таго, што Расія мае прамое дачыненне да канфлікту, які цяпер ідзе на Данбасе.


Паводле thinktanks.by

Пераклад НЧ