"Захад–2013" занепакоіў суседзяў

Беларусь ды Расія зноў праводзяць сумесныя вучэнні. Для Масквы — гэта чарговая дэманстрацыя сілы перад Захадам. Афіцыйны Мінск на гэтым спадзяецца крыху падзарабіць. Суседзі Беларусі: Польшча ды Літва занепакоеныя. Наколькі гэта апраўдана?  



9cb80a4b_f5cf_406d_ab0a_344e11d13151_mw1024_n_s.jpg

На першы погляд, ёсць ад чаго быць занепакоеным. Вайсковыя манеўры «Захад–2013» ладзяцца з размахам. Яны праводзяцца ажно на 7 палігонах Беларусі ды расійскай Калінінградскай вобласці. У манеўрах задзейнічана больш за дзесяць тысяч жаўнераў, дзясяткі танкаў, артылерыя ды авіяцыя. Апроч таго ў Беларусь панаехалі вайсковыя кантынгенты з Арменіі, Казахстану ды Таджыкістану.Пад выглядам забеспячэння «вайсковай бяспекі саюзнай дзяржавы» яны будуць адпрацоўваць папераджальны ўдар па Варшаве.

Такая інфармацыя з’явілася ў беларускіх СМІ. Афіцыйнага пацверджання няма. Беларускія чыноўнікі ад бяспекі паведамілі толькі, што падчас вучэнняў будуць адпрацоўвацца пытанні кіравання войскамі падчас правядзення ваенных аперацый па стабілізацыі абстаноўкі ў інтарэсах забеспячэння бяспекі «саюзнай дзяржавы».

Польскія СМІ пішуць пра гэтыя манеўры ў зусім іншым тоне. Маўляў, Масква з Мінскам рыхтуюцца да вайны. Дэманстрацыяй сілы, скіраванай супраць іх, манеўры назвалі абаронныя ведамствы Латвіі ды Літвы. Ці сапраўды заходнім суседзям Беларусі і Расіі ёсць чаго баяцца? З гэтым пытаннем мы звярнуліся да мінскага палітолага Андрэя Фёдарава.

— Я б не стаў казаць, што цяпер рыхтуецца напад на Польшчу. Гэта перабольшванне. Факт, што гэтыя вучэнні скіраваныя супраць Захаду, і ў прыватнасці Польшчы, сумневаў не выклікае. Мы бачым дэманстрацыю сілы. Гэта заўсёды было расійскай палітыкай. Калі Масква магла, яна заўсёды гэта рабіла. Цяпер Расія мае сапсаваныя адносіны з Захадам з-за Сірыі, адчувае сябе больш моцнай, і яна вярнулася да ранейшай палітыкі. Беларусы радыя ім падсабляць, бо беларускае кіраўніцтва разлічвае атрымаць у матэрыяльным плане за такую дэманстрацыю хаўрусніцтва.

Агрэсіўныя намеры беларускіх ды расійскіх вайскоўцаў не трэба перабольшваць. У гэтым таксама перакананы аглядальнік Аляксандар Класкоўскі:

З аднаго боку, мы маем афіцыйныя заявы, як з беларускага, так і з расійскага бакоў, дзе неаднойчы падкрэслівалася, што манеўры маюць абарончы характар. Пры гэтым нейкія падрабязнасці сцэнару не афішуюцца. Цяжка сказаць, наколькі імаверныя тыя версіі, што фігуруюць у медыях. Увогуле, гэтыя эмацыйныя ацэнкі носяць палітычны характар. Сур'ёзныя вайсковыя эксперты стрымана каментуюць гэтую падзею.

Нягледзячы на грозную назву ды велізарны размах, гэтыя вучэнні паказваюць і шматлікія слабасці беларускага ды расійскага войскаў, дадае беларускі эксперт.

Аляксандар Класкоўскі працягвае: 

— Нават, калі б у нечую галаву і прыйшла вар'яцкая ідэя пачаць вайну з Захадам, то патэнцыялы несувымерныя. Расійска-беларускае войска на парадак слабейшае, асабліва што да тэхнічнага аснашчэння. Як былі мінулыя манеўры, расіяне паказалі архаічны спосаб дастаўкі сваіх вайскоўцаў — некалькі дзён эшалонамі. Дарэчы, гэтым разам тое самае было. Калі б была сапраўдная вайна, іх бы даўно ўшчэнт размалаціла на подступах да раёну вучэнняў. Нават гэта паказвае, што не тыя сілы ў расійска-беларускай групоўкі, каб рэальна пагражаць Захаду.

Расійска-беларускія вайсковыя вучэнні “Захад–2013” завершацца 26 верасня. Захад адкажа на іх манеўрамі NАТО «Steadfast Jazz», якія запланаваныя на пачатак лістапада на тэрыторыі Польшчы і балтыйскіх краін.

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч, radyjo.net