Зміцер Захарэвіч зладзіў перформанс на судзе

Суддзя Віталь Сямёнаў прызнаў актывістаў вінаватымі паводле артыкулу 23.34 Адміністрацыйнага кодэксу аб паўторным парушэнні парадку правядзення масавых вулічных мерапрыемстваў.

ki.jpg

Адпаведны пратакол на Аляксандра Макаева і Змітра Захарэвіча быў складзены 28 верасня, падчас збору імі подпісаў за наданне бела-чырвона-беламу сцягу статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці.

Супрацоўнік міліцыі Кастрычніцкага раёну маёр Колб, які складаў пратакол, а таксама міліцыянты Лаўрыновіч і Якуновіч, што фільмавалі падзеі, выступілі таксама ў судзе ў якасці сведкаў.

Паводле судовай працэдуры, беручы заключнае слова, Зміцер Захарэвіч зладзіў пэрформанс: на паштоўцы з выявай бел-чырвона-белага сьцягу ён напісаў верш, які склаў напярэдадні, і зачытаў яго ў зале пасяджэння:

Слёзы і пот, і халопства таўро,
Палотнішчы капітулянтаў
Дзёрзкім струменем закрэсліла кроў,
Гарачая кроў камбатантаў.
Справа й прысуд ад падступных віжоў...
Аднак не адолець рэжыму
Чырвань на белым — гарачую кроў
Служэння й Веры ў Радзіму!

Зміцер Захарэвіч паведаміў Радыё Свабода, што ён і Аляксандар Макаеў лічаць пакаранне помстай сілавікоў за адкрыццё новых пляцовак грамадскай актыўнасьці мінчукоў: подпісы за бела-чырвона-белы сцяг актывісты ўпершыню збіралі на станцыі метро «Інстытут культуры». Гэтаксама помстай актывісты называюць той факт, што на наступны дзень, 29 верасня, судовыя выканаўцы без папярэджання з'явіліся на здымную кватэру Аляксандра Макаева і вынеслі бытавую тэхніку.

Пакаранне штрафамі актывісты называюць незаконным і несправядлівым, але не будуць яго абскарджваць, бо не спадзяюцца, што суд вышэйшай інстанцыі прыме справядлівае рашэнне. Адначасна яны намерваюцца і надалей удзельнічаць у акцыі прызнання бела-чырвона-белага сцяга гісторыка-культурнай каштоўнасцю.

Паводле Радыё Свабода