Беларуская Краёвая Абарона была створаная 80 гадоў таму дзеля барацьбы з камунізмам

Вайсковая арганізацыя пад патранажам акупацыйнай нямецкай улады пачала афіцыйную дзейнасьць 23 лютага 1944 года, калі да канца вайны было ўжо значна менш часу, чым прайшло ад пачатку. Што гэта было? Спробы нямецкага кіраўніцтва мабілізаваць беларускіх патрыётаў у час, калі на фронце справы ішлі ня вельмі, ці ініцыятыва беларусаў аб стварэньні нацыянальнага войска з перспэктывай адваёўваць незалежнасьць ад камуністаў?

Жаўнеры Беларускай Краёвай Абароны

Жаўнеры Беларускай Краёвай Абароны

Агульная колькасьць Беларускай Краёвай Абароны на піку складала каля 30 тысячаў беларускіх жаўнераў. Да параўнаньня, сёньняшнія Ўзброеныя сілы Беларусі складаюць каля 49 тысячаў жаўнераў і афіцэраў.

Як нашмат пазьней, у 40-я ўгодкі стварэньня БКА ў 1984 годзе, узгадваў маёр краёвай абароны Ўладзімер Шнэк:

«Беларуская Краёвая Абарона на Бацькаўшчыне была адзіная сапраўды нацыянальная Беларуская Збройная Сіла, неабходная для абароны правоў Беларускага Народу і аховы тэрытарыяльнай непарушнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі ад усякага роду шматлікіх чужаземных панявольнікаў з усходу і захаду, апранутых у маску «вызваліцеляў», «апякуноў» ці «братоў», дэманструючых сваё братэрства і каханьне да ўсяго Беларускага бізуном, куляй, шыбеніцай ды агнём».

Ад самага пачатку рэалізацыі справы Беларускай Краёвай Абароны паміж Беларускай Цэнтральнай Радай і Гэнэральным камісарыятам распачаліся рознагалосьсі. Як узгадвае гісторык Язэп Найдзюк, немцы ўважалі, што БЦР мае толькі правесьці мабілізацыю, а кіраваць змабілізаванымі людзьмі будуць яны самі.

БЦР не пагаджалася з такім станам, а уважала, што пры арганізацыі і кіраўніцтве БКА павінна браць удзел і БЦР пры дапамозе свайго штабу. Па доўгіх дыскусыях паміж прэзыдэнтам Радаславам Астроўскім і кіраўніком палітычнага аддзелу гэнэральнага камісара доктарам Маркусам было прынята канчатковае вырашэньне. Пры БЦР мае быць створаны аддзел БКА, які падрыхтуе і правядзе мабілізацыю ў БКА.

У далейшым гэты аддзел будзе супрацоўнічаць са штабам Готбэрга ў справах БКА датычна прапаганды, вайсковай падрыхтоўкі ды гаспадарчай і санітарнай частак. Увесь апэрацыйны бок БКА мае належаць толькі да нямецкага штабу Готбэрга, які прыняў на сябе абавязак належнага ўзбраеньня БКА. Прэзыдэнт Астроўскі прыняў на сябе абавязак абмундзіраваньня, якое мела быць цывільным, з нашыўкамі на каўняры паводля ўзору, апрацаванага БЦР.

Харчаваньне Беларускай Краёвай Абароны мелі забясьпечыць старшыні паветаў у паразуменьні з акруговымі камісарамі. Па гэтым узгадненьні ў сярэдзіне лютага 1944 году начальнік галоўнага кіраўніцтва БКА Францішак Кушаль распачаў арганізацыю штабу.

Прысяга Беларускай Краёвай Абароны

Я, жаўнер Беларускай Краёвай Абароны, прысягаю на Ўсемагутнага Бога і жаўнерскі гонар, што буду верна служыць свайму беларускаму народу, сумленна і прыкладна выконваць усе загады сваіх камандзіраў і начальнікаў.

Я прысягаю, што не выпушчу з рук зброі да тых пор, пакуль ня будзе ўстаноўлены поўны спакой і бясьпека ў нашых сёлах і гарадох, пакуль ня будзе зьнішчаны на нашай зямлі апошні вораг беларускага народу.

Я прысягаю, што хутчэй аддам сваё жыцьцё, чымся дапушчу, каб мая жонка і дзеці, бацькі і сёстры і ўвесь беларускі народ зноў цярпелі бальшавіцкі зьдзек і няволю.

Калі ж з сваёй слабасьці ці злога намеру я парушу гэту прысягу, то няхай пакарае мяне Бог ганебнай сьмерцю здрадніка свайго народу і Бацькаўшчыны.

Прысяга жаўнераў БКА

Прысяга жаўнераў БКА

Стварэньне

Галоўнае кіраўніцтва БКА, пры ўдзеле прэзыдыюму БЦР, занялося распрацоўкай арганізацыі БКА і пляну мабілізацыі. 23 лютага 1944 году ў кабінэцэ прэзыдэнта БЦР была скліканая зачыненая нарада для азнаямленьня з загадам Готбэрга аб стварэньні Беларускай Краёвай Абароны. На гэтай нарадзе былі прысутныя: прэзыдэнт БЦР Астроўскі, першы віцэ-прэзыдэнт Шкялёнак, галоўны кіраўнік БКА Кушаль і яго заступнік Мікула, намесьнікі БЦР і акруговыя начальнікі БКА.

Ад немцаў былі прысутнымі: начальнік штабу Готбэрга падпалкоўнік Клейн з ад'ютантам, камандзір паліцыі на Беларусі падпалкоўнік Каўфман з ад'ютантам, кіраўнік палітычнага аддзелу СД у Менску Сэп і нямецкія акруговыя каманданты паліцыі.

Ад'ютант Клейна зачытаў таемны загад Готбэрга аб утварэньні БКА, у якім быў пададзены наступны плян.

Адгукаючыся на прапанову прэзыдэнта Беларускае Цэнтральнае Рады Радаслава Астроўскага ад 18 лютага 1944 году, Готбэрг загадаў утварэньне БКА для барацьбы супроць бальшавізму. Утварэньне БКА мае адбыцца на ўсім Гэнэральным абшары Беларусі, за выняткам акругаў Ганцавічы і Ліда.

Жаўнеры БКА на стрэльбішчы

Жаўнеры БКА на стрэльбішчы

Як адзначаў Начальнік Генштабу Беларускага Вызвольнага Фронту маёр Зьміцер Касмовіч: «Заданьнем БКА было: абарона насельніцтва нашага Краю ад зьдзеку, тэрору і фізычнага нішчэньня, праз розных захопнікаў і ворагаў Беларусі. Мэтай-жа БКА — Беларускіх Збройных Сілаў, была здабыцьцё і абарона Вольнасьці, Бясьпекі Граніц Беларускай Дэмакратычнай Рэспублікі агалошанай Радай Беларускай Народнай Рэспублікі Гістарычным Актам 25-га Сакавіка 1918 года, ратыфікаваным Другім Усебеларускім Кангрэсам 27-га чэрвеня 1944 года.

Згодна сваёй мэце і заданьню Беларускія Збройныя Сілы ніколі ня прымалі ўдзелу ў ніякіх зьнішчальных акцыях, а спробы немцаў пры адступленьні перакінуць некаторыя часткі БКА на заходні фронт, напаткаў на востры пратэст БЦР і рашучае супраціўленьне гэтых частак. Беларускіх афіцэраў і жаўнераў не запалохалі растрэлы ані нямецкіе канцэнтрацыйныя лагеры. Пры першай нагодзе гэтыя беларускія вайсковыя часткі пераходзілі на бок заходніх сілаў».

Прэзідэнт БЦР Радаслаў Астроўскі ў той час пісаў: «Я ўпэўнены, што кожны беларус выканае свой абавязак у справе хуткага ачышчэньня нашай бацькаўшчыны ад бальшавіцкіх бандаў, пасьля чаго асобы, пакліканыя гэтым загадам, змогуць вярнуцца да мірнай працы на гаспадаркак, фабрыках і заводах».

9 сакавіка 1944 года ўвечары ў большай частцы Беларусі былі расклеяны вялікія абвесткі аб мабілізацыі. Наступнай раніцы мабілізацыйныя камісіі распачалі сваю працу, піша Язэп Найдзюк. На будынках камісіяў былі ўзьнятыя беларускія бел-чырвона-белыя сьцягі. Прызыўнікі масава пайшлі да мабілізацыйных камісіяў. З абшараў, занятых савецкімі партызанамі, прызыўнікі прабіраліся ляснымі сьцежкамі.

Жаўнер БКА сярод беларусаў у 1944 годзе

Жаўнер БКА сярод беларусаў у 1944 годзе

Мабілізацыя спаткала чырвоных партызанаў не прыгатаванымі. У некаторых мясцовасьцях яны варочалі прызыўнікоў назад да хаты. У іншых месцах яны казалі прызыўнікам ісьці ў БКА, браць зброю і біць немцаў. На працягу трох дзён мабілізацыя дала вельмі добрыя вынікі.

Каля 28 тысячаў чалавек прайшлі мабілізацыйныя камісіі. Зь іх было арганізавана 39 батальёнаў пяхоты, ад 500 да 600 чалавек у кожным. Батальёны былі разьмешчаныя па акруговых і павятовых цэнтрах.

З пратаколу паседжаньня акруговых намесьнікаў Беларускай Цэнтральнай Рады і акруговых начальнікаў Беларускай Краёвай Абароны з удзелам Прэзыдэнта Беларускай Цэнтральнай Рады Радаслава Астроўскага.

Вынікі мабілізацыі і стан боездольнасьці Беларускай Краёвай Абароны ў 7 акругах прадстаўленых на паседжаньні:

  • Менск — 2358 чал. — сфармавана 6 батальёнаў
  • Слуцак — 3982 чал. — сфармавана 5 батальёнаў
  • Наваградак — 2047 чал. — сфармавана 4 батальёнаў
  • Баранавічы — 6495 чал. — сфармавана 8 батальёнаў
  • Глыбокае — 2910 чал. — сфармавана 4 батальёнаў
  • Вялейка — 2414 чал. — сфармавана 4 батальёнаў
  • Слонім — 1423 чал. — сфармавана 3 батальёнаў

Агульны стан: 21 629 афіцэраў, падафіцэраў і стральцоў усіх радоў зброі. Усяго — 34 батальёны.

Глядзіце таксама

Юры Туронак слушна адзначыў на гэты конт, што «Мабілізацыя, бясспрэчна, была актам прымусовым, і, напэўна, большасьць прызыўнікоў не адчувала маральнай адказнасьці за сваю службу. Тым ня менш нельга абмінуць маўчаньнем і той факт, што 40 тыс., а паводле зьвестак Кушаля нават і 50 тыс., чалавек прыйшлі ўсё ж такі на прызыўныя камісіі БКА. Гэтыя людзі ведалі, што іх будуць выкарыстоўваць для барацьбы з савецкімі партызанамі, і не іх віна або заслуга, што не хапіла часу, каб даць ім зброю, і большай частцы давялося вярнуцца дадому, а ваяваць пайшлі толькі нямногія батальёны.

У тагачасных умовах яны маглі пазьбегнуць мабілізацыі і сысьці ў партызаны. Гэтага, аднак, яны не зрабілі. Улады, безумоўна, пагражалі за такія ўчынкі рэпрэсіямі, але ў адваротным выпадку тыя самыя рэпрэсіі ўчынялі і партызаны. Цяжка таму спрачацца з тым, што мабілізацыя ў БКА стала сур’ёзным палітычным посьпехам Готбэрга і Астроўскага».

Як пісаў маёр БКА Зьміцер Касмовіч: «На жаль, незразуменьне праз вольны сьвет камуністычнай імпэрыалістычнай экспансыі і яе пагрозы для ўсяго сьвету, ня дало магчымасьці зьнішчыць гэтую камуністычную пагрозу, а нам беларусам, аднавіць сваю Вольную і Незалежную Дзяржаву».

Беларуская Краёвая Абарона была забясьпечаная нямецкім вайсковым харчаваньнем. Вопратку мелі сваю і яна хутка зношвалася. Зброя была дастаўленая праз акруговыя аддзелы паліцыі, аднак дрэннай якасьці і ў малой колькасьці. Гэта былі італьянскія карабіны па 100 на батальён і 30 патронаў на карабін, некалькі польскіх або бэльгійскіх цяжкіх і лёгкіх кулямётаў, некалькі мінамётаў, трохі ручных гранатаў, ды пісталеты для афіцэраў. Пазьней былі дададзеныя францускія, галяндзкія, расейскія і польскія вінтоўкі. Аднак адна стрэльба прыпадала на 6 або 7 чалавек.

Як узгадваў потым кіраўнік БКА Францішк Кушаль: «Зброю для БКА узялiся даць нямецкiя ўлады, якiя абяцалi на пачатак па сто вiнтовак на кожны батальён. Фактычна, пад канец мабiлiзацыi на кожны батальён было прыдзелена па сто iтальянскiх вiнтоўкаў. Вiнтоўкi гэтыя былi, аднак, такой марнай якасьцi, што мы сьпярша прынялi iх за вучэбныя».

Было відавочна, што немцы ня мелі даверу да беларусаў і не хацелі дапусціць да стварэньня эфектыўнай беларускай збройнай сілы, сцьвярджае Язэп Найдзюк, і з гэтым цяжка не пагадзіцца.

Глядзіце таксама

Аднак факт стварэньня беларускай збройнай сілы рабіў свой уплыў. На заклік прэзыдэнта Астроўскага да чырвоных партызанаў Случчыны пакінулі лясы і здалі зброю каля 4,5 тысячаў мясцовых партызанаў. Але ў іншых месцах камуністы нападалі на беларускія аддзелы БКА. Яна зьдзейсьнілі начныя напады на паасобныя казармы БКА. У Варапаеве і Плісе батальёны БКА былі заатакаваныя ў начы і разьбітыя, частка была ўзятая ў палон, а частка разьбеглася. У Шаркаўшчыне чырвоныя партызаны вялікімі сіламі напалі ўначы на ўвесь батальён і спалілі драўляныя казармы ды разагналі дзьве роты БКА. У мураваных казармах жаўнеры абараніліся і прагналі камуністычных партызанаў.

У другой палове траўня пачалі паступаць партыі зброі. Толькі цяпер усё яшчэ слаба ўзброеныя батальёны пачалі выкарыстоўваць у барацьбе з партызанамі, піша гісторык Юры Туронак. 15 чэрвеня, гэта значыць усяго за два тыдні да канца акупацыі, у Менску была адкрытая афіцэрская школа Беларускай Краёвай Абароны

Пасьля вайны камандзір Беларускай Краёвай Абароны Францішак Кушаль прызнаваў:

«Немцы зусім ня мелі намеру дазволіць беларусам стварыць нейкую беларускую збройную сілу, ім патрэбны былі толькі людзі, якіх беларусы павінны ім даць, а кіраваць людзьмі меліся яны самі бяз нашай помачы.

Штаб БКА, які пасьля правядзеньня мабілізацыі павінен быў займацца выключна прапагандаю сярод салдат, мог зь імі кантактаваць толькі з згоды нямецкага начальства».

Пасьля 27 чэрвеня 1944 года штаб Беларускай Краёвай Абароны выехаў у кірунку Захаду. Туды ж перабралася, паводле зьвестак кіраўніка Кушаля, каля 10 тысячаў беларускіх жаўнераў.