Фотапраект «Нашы Руіны»: Обаль
Прадстаўляем чарговы аб’ект фотапраекта пра нашы беларускія
руіны вядомага мастака і падарожніка Уладзіміра Цвіркі. Гэты праект пра тое, што засталося ад
былой вечы, але дасюль уражвае. Пра тое, што варта было б адрадзіць, але... Перад вамі
драўляныя руіны.

Драўляных руінаў няшмат, і таму яны вельмі каштоўныя. Але, як сведчаць дакументы, такое нам не патрэбна. Чаму? Гэтае пытанне гучыць ужо якое дзясяцігоддзе, і сёння яно актуальнае, як ніколі. Гэта Віцебская вобласць, вёска Обаль.
Не захавалася звестак, да якой канфесіі першапачаткова належаў гэты храм. Але вядома, што ён быў пабудаваны у маёнтку Лускіных

У 40-я гады XIX стагоддзя Лускіны з'ехалі жыць, верагодна, у Варшаву, а храм па нейкай прычыне перанеслі з іх маёнтку ў вёску Обаль.

Ужо ў 1846 годзе гэтая святыня пазначаная як праваслаўная царква. Ці змяняўся яе вонкавы выгляд, таксама невядома.

Вядома другое — святаром у царкве служыў Вікенцій Шабуніо, які меў узнагароду «За падаўленне Польскага паўстання» 1863-1864 гадоў.

З 1929 года савецкія улады царкву зачыняюць. Спачатку ў ёй дзейнічаў вясковы клуб, а потым там захоўвалі збожжа.

У час вайны драўляная пабудова храма ацалела, і з 1948 года ў ёй ізноў было сховішча калгаснай маёмасці.

З ліхалеццяў 1930-х і аж па 1990-я гады ў Сенненскім раёне адсутнічалі дзеючыя храмы. А гэта, уяўляеце, не адно пакаленне.

У зводзе помнікаў, у спісе гістарычна-культурных каштоўнасцяў Обальскай святыні няма. Але вось яна! І някепска выглядае! Моцненькая такая!