Кобрынскія замалёўкі: па слядох Рамуальда Траўгута. Частка 2

Працягваю вандроўкі, звязаныя з лёсам нашага выбітнага земляка, нацыянальнага героя Польшчы Рамуальда Траўгута — камандзіра Кобрынскага паўстанцкага атрада падчас нацыянальна-вызвольнага паўстання 1863-64 гадоў супраць расійскага самаўладдзя.

Дарога на Літоўск

Дарога на Літоўск

Чарговы маршрут прайшоў праз Орлавічы-Літоўск-Пярковічы-Закозель-Валавель у Драгічынскім раёне Берасцейшчыны. Скіраваўся сюды, бо побач з вёскай Літоўск некалі знаходзіўся маёнтак Стэфанты, што належыў бліжэйшаму паплечніку Рамуальда Траўгута 29-гадоваму адстаўному штаб-ротмістру расійскага войска Феліксу Ягміну, які ў паўстанцкім атрадзе кіраваў кавалерыяй.


Працяг. Пачатак падарожжа — тут


Апроч таго, з Закозелем звязаны лёс выбітнага ўдзельніка паўстання, лекара і грамадскага дзеяча Фларыяна Ажэшкі — прататыпу шэрагу твораў вядомай беларускай польскамоўнай пісьменніцы Элізы Ажэшкі, у сярэдняй школе суседняй вёскі Валавель працуе галерэя берасцейскіх мастакоў з твораў, прысвечаных гістарычнай спадчыне краю. Вось чаму Закозель і Валавель таксама ўвайшлі у маршрут чарговай вандроўкі.

Пярковічы


Да Орлавічаў раніцай даехаў дызелем Брэст-Лунінец і пешшу рушыў на Літоўск. Аднак на пытанне пра маёнтак Стэфанты доўга не змог пачуць уцямнага адказу. Урэшце прапанавалі наведаць месца былога маёнтку на ўсход ад Літоўску. Аднак адлегласць паміж гэтымі мясцінамі насамрэч аказалася нашмат даўжэйшай — не «каля пяцісот метраў», як паведаміў мясцовы жыхар, а амаль пяць кіламетраў… Але гэты шлях прайшоў хутка, бо надвор’е было добрае, а краівяды навокал цудоўныя.

 У Літоўску

 У Літоўску

Урэшцэ звярнуў леваруч ад былога тракту Пінск-Берасце і апынуўся ў старадаўняй сядзібе Віславухаў, пра што сведчылі прыгожыя алеі, сляды каналаў і сажалак, фрагменты пейзажна-рэгулярнага парку, а таксама адноўленая частка фасаду былога мураванага палацу Віславухаў пачатку XIX стагоддзя. Дарэчы, сярод гістарычных каштоўнасцяў у палацы захоўваўся стары крыж чорнага дрэва, што падараваў гаспадарам маёнтку Рамуальд Траўгут.

На шляху з Літоўску ў Пярковічы

На шляху з Літоўску ў Пярковічы

pst_4_logo.jpg


Як распавёў настаўнік гісторыі мясцовай школы Яўген Квачук, прадстаўнікі роду Віславухаў актыўна ўдзельнічалі ў паўстанні 1863-64 гадоў. Так, Віктар Віславух, маёнтак якога ў Хлявішчах (знаходзіўся ў дзвюх вярстах на паўночны ўсход ад Пярковічаў, зараз там Драгічынскае райспажыўтаварыства — паміж станцыяй і горадам Драгічын) даваў штогод прыбытку ў 11 326 рублёў срэбрам, быў пазбаўлены сваёй нерухомасці і высланы ў Аланецкую губерню, а ягоны кузэн, уладальнік Пярковічаў Антоній Віславух ледзьве не паўтарыў лёс сваяка.

У былым маёнтку Антонія Віславуха зараз месціцца Пярковіцкая санаторная школа-інтэрнат

Пасля бітвы пад Горкамі (тры баі — 18, 21 і 25 траўня 1863 году — атрада Рамуальда Траўгута з расійскімі войскамі на тэрыторыі цяперашняй Валынскай вобласці Украіны) Антоній Віславух быў накіраваны ў маёнтак Пятра і Элізы Ажэшкаў Людвінава (зараз вёска ў Драгічынскім раёне), каб уладкаваць там параненых. У Людвінаве спадара Антонія і арыштавалі. Але паколькі не было дастатковых доказаў ягонага ўдзелу ў паўстанні, расейцы вырашылі зрабіць вобшук у маёнтку арыштанта Пярковічы. Некалькі афіцэраў з казакамі прывезлі Антонія дахаты, але ўжо было цёмна і вобшук вырашылі рабіць раніцай. Пад аховай казакоў уладальнік Пярковічаў усю ноч правёў на возе. Тым часам, мясцовы карчмар Ёзаль Сідрэр, які дапамагаў Антонію ў ягоных канспіратыўных справах і ведаў, дзе захоўваюцца паперы, што кампраметуюць маладога гаспадара, ноччу прыставіў драбіны да вакна другога паверху палаца, выняў шыбіну, улез у бібліятэку Антонія і знёс адтуль пакет з дакументамі паўстанцаў. А паколькі ранішні вобшук анічога не даў, расійскія афіцэры былі вымушаныя вызваліць Антонія з-за недахопу доказаў. Дзякуючы гэтаму высокароднаму ўчынку карчмара Ёзаля род Віславухаў заўсёды шанаваў Сідрэраў, нашчадкі якіх пасля таго, як у 1915 годзе ў час Першай сусветнай вайны згарэла іхная карчма, выехалі ў ЗША, дзе жывуць і па сёння…

Яўген Квачук паказвае месца ў Пярковічах, дзе да 1915 году стаяла карчма Ёзаля Сідрэра

Яўген Квачук паказвае месца ў Пярковічах, дзе да 1915 году стаяла карчма Ёзаля Сідрэра

Распавёў Яўген Квачук і пра маёнтак Стэфанты Фелікса Ягміна. Гэтае былое паселішча ў Валавельскай воласці, затым у Брашэвіцкай гміне знаходзілася на паўднёвы захад ад вёскі Гумнішчы. Апроч Стэфантаў Феліксу Ягміну ў Літоўску належылі яшчэ 222 рэвізскія душы. Аднак у 1905 годзе ў Стэфантах жылі толькі 22 жыхары, а пасля Савецка-польскай вайны 1919-1921 гадоў былы маёнтак зусім абезлюдзеў — у фальварку з двух двароў пражывалі 6 чалавек, у тым ліку 1 праваслаўны і 5 каталікоў. Праўда, перад Другой сусветнай вайной у фальварку ўжо налічвалася 8 двароў, аднак за Саветамі Стэфанты канчаткова заняпалі і цяпер не існуюць. Давядзецца шукаць сляды гэтага гістарычнага паселішча.
Спадар Яўген паказаў у Пярковічах месца, дзе да 1915 году знаходзілася карчма Ёзаля Сідрэра, што была спаленая пад час Першай сусветнай вайны. Выказаўшы падзяку Яўгену Квачуку за шчодрую дапамогу, рушыў на вёску Закозель — першы на Беларусі аграгарадок.  

Дарога на Закозель

Дарога на Закозель

Настрою надавала ласкавае сонейка, прыемны сухі вецярок з палёў, а таксама цудоўны палесскі краявід, што ўпрыгожвала шашэйка, абсаджаная дрэвамі. Увогуле, у заходнім Палессі прыемна ўражваюць старасвецкія прысады ўздоўж трактаў, бо гэткія краявіды не толькі пераносяць у мінулае, але і даюць пешаму вандроўніку адчуванне ўтульнасці і гасціннасці. Дарэчы, пакуль не сустрэў ніводнага падарожніка, хто пехам, як бывала, ідзе ад вёскі да вёскі…
Можа таму мясцовы маладзён Алесь Селівончык, калі ўбачыў на шашы вандроўніка з заплечнікам, прыпыніў машыну і ласкава прапанаваў падвезці да Закозеля. Хлопец — мясцовы прадпрымальнік з вёскі Сулічава, вучыўся ў Заходняй Еўропе, займаецца рамонтам сельгастэхнікі і сваю будучыню не ўяўляе без Бацькаўшчыны. Было вельмі прыемна пазнаёміцца з гэтым сімпатычным бізнесоўцам — выхаваным і адукаваным маладым чалавекам.

Алесь Селівончык

Алесь Селівончык

Закозель


Гісторыя гэтага месца насычаная і цікавая, мінулае прысутнічае не толькі ў планіроўцы і забудове Закозеля, але і ў адносінах ягоных жыхароў паміж сабою і да свайго пасялення. Іначай і быць не можа. Бо з Закозелем назаўжды звязаныя падзеі паўстання 1863-64 гадоў, імёны змагароў за волю і незалежнасць краю Рамуальда Траўгута, прадстаўнікоў выбітнага беларускага шляхецкага роду Ажэшкаў гербаў «Кораб» і «Побуг», а таксама пісьменніцы Элізы Ажэшкі (Паўлоўскай).
Закозель — родавое гняздо Ажэшкаў, якія валодалі пасяленнем з XVIII стагоддзя. Лічыцца, што на пачатку XIX стагоддзя Нікадзім Ажэшка ўзвёў у Закозелі аднапавярховы мураваны палац з бакавымі крыламі, ампірным чатырохкалонным ацікавым порцікам, нізкім падмуркам, даволі высокім вальмавым дахам з невялікімі паўкруглымі вакенцамі. Пасля Ажэшкаў Закозель належыў Бабрынскім, Весялоўскім і Талочкам, таму палац перабудоўваўся і паступова страчваў свае аўтэнтычныя рысы. І хоць ад сядзібнага дому застаўся перабудаваны паркавы фасад, ён і сёння ўражвае.  

Куточкі старога парку ў Закозелі

Уражваюць іншыя будынкі старасвецкага маёнтку — былой вінакурні і гаспадарчы, фрагменты алеяў і пейзажна-рэгулярнага парку з мясцовых пародаў дрэваў — ліпы, клёну, каштану, бярозы і акацыі, а таксама італьянскай таполі.

Некалі капліцу ўпрыгожвалі фігуры чатырох евангелістаў, што  стаялі ў бакавых нішах парталу

Некалі капліцу ўпрыгожвалі фігуры чатырох евангелістаў, што стаялі ў бакавых нішах парталу

Але сапраўднай пярлінай ансамблю з’яўляецца напаўразбураны будынак былой капліцы-пахавальні Ажэшкаў, узведзенай у 1839 годзе ў стылі псеўдаготыкі з элементамі класіцызму.

Капліца Ажэшкаў у Закозелі
Сёння гэты помнік архітэктуры нацыянальнага значэння перажывае не лепшыя часы — прыкладна дзесяць гадоў таму абрынулася яго найвышэйшая цэнтральная частка — чатырохгранны шацёр, завершаны гранёным шпілем з гатычным крыжом, ад вільгаці, перападаў тэмператур і непагадзі крашыцца цэгла будынку, які сіратліва і моўчкі паглядае вакол свамі з’едзенымі часам і людзьмі сценамі і вежамі, ваконнымі і дзвярнымі праёмамі. Чакае свайго выратавання…

Перабудаваны фасад былога сядзібнага дому Ажэшкаў у Закозелі
А некалі гэты цуд людской творчасці быў дамінантай месца, дзівіў сваім дынамізмам, вытанчанасцю, гармоніяй формаў і мастацкага аздаблення з чыгуннага ліцця картушаў для родавых гербаў, каваных працаў, ляпніны, роспісаў, скульптуры і вітражоў. Дзівілі сажалкі складаных абрысаў, кранала мемарыяльная вежа ў гонар паўстанцаў 1863-64 гадоў з высечанымі на ёй прачулымі словамі: “За душы Нікадзіма і ўсіх палеглых у лясах!”.

Выявы сядзібы Ажэшкаў і капліцы ў Закозелі на малюнках Напалеона Орды (здымак з сайту vedaj.by)

Выявы сядзібы Ажэшкаў і капліцы ў Закозелі на малюнках Напалеона Орды (здымак з сайту vedaj.by)

Згодна паданню, у другой палове ліпеня 1863-га ў патаемным пакоі пад шпілем капліцы хаваўся стомлены і хворы пасля цяжкіх баёў у заходнім Палессі Рамуальд Траўгут.

Іна Якоўчык паказвае месца патаемнага пакою пад разбураным шпілем капліцы, дзе згодна паданню, хаваўся ад царскіх жандараў Рамуальд Траўгут 

Іна Якоўчык паказвае месца патаемнага пакою пад разбураным шпілем капліцы, дзе згодна паданню, хаваўся ад царскіх жандараў Рамуальд Траўгут 


Паколькі казакі ўвесь час пільна сачылі за Ажэшкамі і часцяком наязджалі ў іхныя сядзібы ў Закозелі, суседніх Людвінаве і Оўзічах (зараз у Іванаўскім раёне), камандзір інсургентаў у залежнасці ад сітуацыі хаваўся ад расейцаў у закозельскай капліцы ці ў Людвінаве, пакуль ягоная сувязная Эліза Ажэшка ў сваім вазку пад выгладам хворага на тыфус кузэна не вывезла Траўгута з Людвінава ў Каралеўства Польскае.

Гаспадарчая пабудова маёнтку Ажэшкаў у Закозелі

Гаспадарчая пабудова маёнтку Ажэшкаў у Закозелі

Архітэктура і славутае мінулае капліцы — гэтага выбітнага помніку айчыннай гісторыі і культуры, зачыненага, разрабаванага і апаганенага за Саветамі, патрабуе яго неадкладнай кансервацыі і рэстаўрацыі. Прыкладна дзесяць гадоў таму парэшткі прадстаўнікоў роду з разрабаванай крыпты капліцы былі сабраныя і пахаваныя побач з святыняй.

Ля вуліцы імя Элізы Ажэшкі ў Закозелі месціцца родавая капліца-пахавальня

Колькі словаў пра знакамітага паўстанца Фларыяна Ажэшку (09.03.1835 ці 1833, Оўзічы Кобрынскага павету Гродзенскай губерні Расійскай імперыі — 29.03.1904, Томск, Расійская імперыя), лёс якога звязаны і з Закозелем.

Фларыян Ажэшка (здымак з Вікіпедыі)

Фларыян Ажэшка (здымак з Вікіпедыі)

Фларыян нарадзіўся ў заможнай сям’і Фелікса і Фларэнтыны. Пасля вучобы ў гімназіі і Пецярбургскай медыка-хірургічнай акадэміі разам з хворым малодшым братам Браніславам жыў у сваім маёнтку Оўзічы, часцяком наведваў сваякоў у Закозелі і свайго старэйшага брата Пятра ў маёнтку Людвінава, прымаў сяброў і аднадумцаў, якія ідэямі волі і незалежнасці краю натхнілі жонку Пятра Элізу Ажэшку. Пазней памяць пра свайго швагра пісьменніца ўшануе ў шэрагу твораў, сярод якіх — зборнік апавяданняў «Gloria victis» («Слава пераможаным»), прысвечаны паўстанцам 1863-64 гадоў.
Пад час падрыхтоўкі паўстання Фларыян уваходзіў у Кобрынскую арганізацыю інсургентаў, у вандроўках па маёнтках і вёсках заклікаў шляхту і сялян ісці ў паўстанцкія атрады, збіраў адзенне, харчы, грошы, зброю і баепрыпасы, што захоўваў у маёнтку Оўзічы. Пасля таго, як вясною 1863-га гэтая схованка з волавам, кулямі, шротам і забароненымі вершамі была выкрытая, знаходзіўся пад наглядам паліцыі. У красавіку 1863-га далучыўся да атрада Траўгута, дзе лекаваў параненых і хворых.

Будынак былой вінакурні ў Закозелі

Будынак былой вінакурні ў Закозелі

Арыштаваны 5 ліпеня 1863-га падчас чарговай агітацыйнай вандроўкі па Кобрынскаму павету, 2 студзеня 1864-га асуджаны на высылку ў Томскую губерню, пазбаўлены дваранства, маёнтку Оўзічы і права працаваць па спецыяльнасці.
У Сібір пайшоў разам з сваёй нарачонай Аленай Мількевіч, з якой пабраўся шлюбам ужо ў Цюмені. Толькі праз 18 месяцаў яны дайшлі да Томску, дзе Фларыян застаўся да скону жыцця. Працаваў памочнікам аптэкара, затым атрымаў права на дзяржаўную службу і стаў лекарам у Томскім астрозе. Пасля сканчэння тэрміну пакарання выйшаў па-за муры пасялення і атрымаў мажлівасць прыватнай лекарскай практыкі. Пражываў у Томску на вуліцы Мільённай, 38 (дом захаваўся). Са згоды імператара ў 1872 годзе ўзначаліў кіраўніцтва мясцовымі лякарнямі, а праз год яму даручылі яшчэ і кіраванне шпіталём духоўнай семінарыі.
Па смерці жонкі, якая пакінула Фларыяну двух сыноў, пабраўся шлюбам з Люцыяй Пацалуеўскай — дачкой мясцовага лекара. У гэтым шлюбе нарадзіліся яшчэ два сыны і дачка.

На сродкі Віктара Ажэшкі з Польшчы былі ўпарадкаваныя гэтыя пахаванні побач з капліцай (здымак з архіву Іны Якоўчык) 

Спадар Фларыян падтрымліваў сасланых у Сібір землякоў, дзякуючы ягоным высілкам у горадзе паўсталі чытальні і бібліятэкі, Таварыства дабрачыннасці, Дом для сіротаў, у доме Ажэшкаў ладзіліся літаратурныя і музычныя вечарыны, вядомага лекара тройчы абіралі ганаровым міравым суддзёй Томскага акруговага суду.

У старым парку Закозеля добра захаваліся былыя сажалкі з дзівоснымі абрысамі

У старым парку Закозеля добра захаваліся былыя сажалкі з дзівоснымі абрысамі

У сваіх успамінах пра падарожжы па Сібіры напрыканцы XIX стагоддзя князь Павел Сапега так апісаў свае ўражанні ад знаёмства з Фларыянам Ажэшкам на пачатку кастрычніка 1889 года: «Самай паважанай і найбольш шануемай асобай Томску разам з ксёндзам Грамадзкім з’яўляецца доктар Ажэшка, лекар тутэйшых астрогаў. Гэты Ажэшка сапраўды чалавек рэдкага высокародства, чысціні пачуццяў характару: пра яго распавядаюць шматлікія гісторыі, якія сведчаць, што гэтая асоба мажліва адзіная ў Сібіры, якая валодае абсалютнай папулярнасцю сярод самых шырокіх колаў, у тым ліку сярод бадзягаў, бандытаў, разбойнікаў. Ніхто на яго не нападае, бо ён дабрадзей, лекар, які ня толькі нікому і ніколі не адмаўляе ў парадзе, дапамозе сваёй прысутнасцю, але словам заспакойвае, асабістай кішэняй, як можа, падтрымлівае. Характар Катона, сагрэты цяплом каталіцызму. Куча дзяцей, жонка, даволі мілая і высокародная жанчына».  

pst_42_logo.jpg

У апошні шлях чуйнага і бескарыслівага лекара праводзілі тысячы ўдзячных яму сібіракоў розных слаёў грамадства. На жаль, каталіцкія могілкі Томску, дзе быў пахаваны Фларыян Ажэшка, не захаваліся. Аднак да гэтай пары тамічы памятаюць нашага выбітнага суайчынніка.

Валавель  

Закозель незаўважна пераходзіць у Валавель, дзе ў галерэі сярэдняй школы дэманструюцца алейныя творы берасцейскіх мастакоў, што ў сваіх палотнах адлюстравалі праваслаўныя святыні Драгічыншчыны, славутасці Закозеля і Валавеля, вобразы Рамуальда Траўгута і Элізы Ажэшкі.


Сярод іншых у галерэі экспануюцца працы Анатоля Сакалова. Тамары Паўлючук, Сяргея Казака, Язэпа Крупскага, Анастасіі Фяцісавай, Анатоля Жалудко, Генадзя Сурмы, Міхася Кебеца, Міколы Гуршчанкова і Марата Клімава. Ад іхных твораў патыхае замілаванасцю Бацькаўшчынай, яе цудоўнымі мясцінамі, адданымі краю людзьмі.

Куточкі Валавеля Вельмі ўдзячны настаўніцы Валавельскай школы Іне Якоўчык, якая разам з вучнямі рупліва апякуецца слаўнай мінуўшчынай Бацькаўшчыны, цёпла сустрэла мяне ў Закозелі і распавяла шмат цікавага пра гісторыю гэтага незвычайнага месца.

Мастацкая галерэя ў Валавельскай сярэдняй школе 

Мастацкая галерэя ў Валавельскай сярэдняй школе 

Напоўнены новымі звесткамі і ўражаннямі вяртаўся дахаты, каб не толькі падзяліцца з іншымі, але і працягнуць знаёмства з мясцінамі, звязанымі з дзейнасцю ў заходнім Палессі Кобрынскага паўстанцкага атрада Рамуальда Траўгута.  

pst_63_logo.jpg

pst_64_logo.jpg

pst_65_logo.jpg

pst_66_logo.jpg


Завяршылася вандроўка пешым пераходам Валавель-Літоўск-Орлавічы
Працяг падарожжа чытайце тут