Лукашэнка-1994: «Мне стала дрэнна. У эканоміцы поўны абвал»
Трыццаць гадоў таму, не прыходзячы ў прытомнасць, беларускі электарат прагаласаваў за цёмную будучыню. 23 чэрвеня 1994 года адбыўся першы тур першых прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, у якім большасць галасоў набраў Аляксандр Лукашэнка. Канчатковую перамогу ён атрымаў 10 ліпеня, падчас другога туру галасавання.
Многія аналітыкі і проста выбаршчыкі ва ўзросце 40 з лішкам гадоў падчас падзей 2020 года праводзілі паралелі з 1994 годам, калі значная частка беларусаў галасавалі па прынцыпе «хто заўгодна, абы не Кебіч», тагачасны прэм’ер-міністр. Так і ў 2020-м электаральны выбар шмат у каго быў матываваны проста: «Хто заўгодна, абы не Лукашэнка».
Кандыдат без пашпарта
У другім туры выбараў 10 ліпеня 1994 года дэпутат Вярхоўнага Савету, старшыня саўгасу Аляксандр Лукашэнка пераканаўча выйграў у кіраўніка ўраду Вячаслава Кебіча, набраўшы 80% галасоў. Такім чынам ён узяў рэванш у прэм’ера за паразу ў 1989 годзе: яны балатаваліся па адной акрузе на выбарах у Вярхоўны Савет СССР, прычым Кебіч тады атрымаў дэпутацкі мандат з зусім невялікай перавагай у галасах.
Цікава, што дэпутат Вярхоўнага Савету першай паловы 1990-х гадоў ад апазіцыйнага Беларускага Народнага Фронту Сяргей Навумчык у сваёй кнізе «Дзевяноста чацвёрты» піша, што Лукашэнка перамог нават у першым туры: «Ноч з 23 на 24 чэрвеня, калі падлічваліся вынікі галасавання ў першым туры выбараў, я ў якасці даверанай асобы Зянона Пазьняка правёў у Цэнтральнай выбарчай камісіі, прычым — у кабінеце яе старшыні Аляксандра Абрамовіча. Да яго сцякаліся дадзеныя з абласных камісій, і ўжо гадзіны ў тры ночы быў папярэдні вынік: перамог Аляксандр Лукашэнка, ён атрымаў каля 54-56% галасоў. Другім за ім ішоў Пазьняк, потым — Шушкевіч, а Кебіч быў на чацвёртым месцы».
Афіцыйныя вынікі першага туру былі такія: Лукашэнка — 45%, Кебіч — 17%, Пазьняк — 13%, былы спікер парламенту Станіслаў Шушкевіч — 10%... Але апратэстоўваць іх штаб Лукашэнкі не стаў. У сваёй кнізе «Лукашэнка. Палітычная біяграфія» палітолаг і сябра перадвыбарчага штабу Лукашэнкі, а затым кароткі час супрацоўнік Адміністрацыі прэзідэнта Аляксандр Фядута піша: «Паводле Грамадскай кантрольнай камісіі, Лукашэнка перамагае ўжо ў першым туры, аднак яго штаб не прадпрымае ніякіх дзеянняў, каб аспрэчыць абвешчаныя Цэнтрвыбаркамам вынікі», бо ў выніку іх афіцыйнага абвяржэння «выбары маглі быць прызнаныя несапраўднымі, а наменклатура атрымала б шанец ачуняць ад перапуду і не дапусціць паўторнага вылучэння Лукашэнкі».
Згаданая намі паралель у пратэставых настроях выбаршчыкаў на гэтым і сканчаецца. Бо, у адрозненне ад сітуацыі 2020-года, у 1994-м прэзідэнцкія выбары прайшлі цалкам дэмакратычна — прысутнасці супернікаў кандыдата ад улады Кебіча было ў сродках масавай інфармацыі дастаткова. Болей за тое: Лукашэнка не павінен быў стаць кандыдатам у прэзідэнты праз недакладнасці ў дакументах, пададзеных для рэгістрацыі. Напрыклад, у падпісных аркушах за Лукашэнку няправільна было ўказанае месца працы — было пазначана, што ён дэпутат, але яго працоўная пасада называлася інакш: «Дырэктар саўгасу “Гарадзец” Шклоўскага раёна». Акрамя таго, ён не меў пры сабе пашпарту: маўляў, скралі. Але на гэта заплюшчылі вочы, і Лукашэнку зарэгістравалі. Параўнайце такі лаяльны падыход з тым, якія прыдзіркавыя бар’еры ўзводзяцца падчас кожнай выбарчай кампаніі перад апанентамі дзейнага кіраўніка краіны!
«Ніводнага несумленнага кроку ў адносінах да людзей»
Выбарчая кампанія-1994 Лукашэнкі была, бадай, самай паліттэхналагічнай. Да яго харызмы і ўмення ладна гаварыць дадалося ўдалае пазіцыянаванне як незалежнага і народнага кандыдата. І галоўнага барацьбіта з карупцыяй, на якога нават, нібыта, быў здзейснены замах пад горадам Лёзна на Віцебшчыне. Зрэшты, следчыя прыйшлі да высновы, што гэта была самастрэльная інсцэніроўка. Шмат пунктаў надаў Лукашэнку і візіт у Маскву з інтэграцыйным выступам з трыбуны Дзяржаўнай думы. Дарэчы, арганізоўваў той візіт Валерый Цапкала, які адказваў у камандзе кандыдата Лукашэнкі за міжнародны кірунак.
«Новы Час» вывучыў, што казаў і абяцаў Аляксандр Лукашэнка ў сваёй перадвыбарчай праграме, а таксама ў першыя дні і месяцы пасля таго, як заступіў на пасаду прэзідэнта. Пачнем з таго, што сітуацыя ў эканоміцы сапраўды была складаная. Хаця, канешне, Лукашэнка цяпер згушчае фарбы, кажучы, што мукі было ў Мінску на тры дні, ці што хадзілі ледзьве не ў лапцях. Аднак у перадвыбарным 1993 годзе ў параўнанні з папярэднім 1992-м нацыянальны даход склаў 90%, інфляцыя — 1700%.
На эканамічным заняпадзе і акцэнтаваў увагу Лукашэнка напярэдадні выбараў. Тэзісы яго праграмы як кандыдата называліся пафасна-месійна — «Адвесці народ ад бездані». Сітуацыя ў Беларусі апісвалася так: «Мы стаім над безданню сістэмнага крызісу дзяржавы. Нават пасля Вялікай Айчыннай вайны такога не было... Квітнеюць спекуляцыя, гвалт, размываюцца маральныя асновы грамадства, сумленнасць і прыстойнасць становяцца катэгорыямі трэцяга гатунку. Злачыннасць замахнулася не толькі на бяспеку грамадзян, але і на саму дзяржаву. Карупцыя паралізавала работу ўлады. Па-жывому разрэзаны традыцыйныя сувязі братэрскіх народаў». Асноўнымі мэтамі новай улады, паводле кандыдата Лукашэнка, павінны былі стаць: спыненне росту цэн і збяднення насельніцтва, рух ад развалу да стабільнасці, барацьба з карупцыяй, аднаўленне знішчаных сувязяў — у першую чаргу з Расіяй ды Украінай.
Адметна, што ў першых сваіх інтэрв’ю адразу пасля трыумфу на выбарах Лукашэнка прызнаваўся, што страціў сон і спакой: «Эйфарыя перамогі прайшла на працягу адной раніцы»; «Мне стала дрэнна. У эканоміцы поўны абвал».
Пасля прысягі на сесіі Вярхоўнага Савету Лукашэнка ў сваім выступе абяцаў узяцца за праграму выхаду з крызісу. Пры гэтым ён завіў, што «прэзідэнт і ўрад не зробяць ніводнага непралічанага і несумленнага кроку ў адносінах да людзей», «ніякага вяртання да камандна-адміністратыўных метадаў кіравання эканомікай не будзе», «мы дасягнем згоды з рознымі палітычнымі сіламі».
Як Лукашэнка адкручваў цэны
Увосень Лукашэнка прадставіў праграму рынкавых рэформаў. Яе нават збольшага ўхваліў Ценявы ўрад апазіцыі. Але Лукашэнка відавочна вагаўся паміж гэтымі самымі рэформамі і страхам незадаволенасці людзей ад іх негатыўнага эфекту. Паміж Адміністрацыяй прэзідэнта і ўрадам пачаліся супярэчнасці што да эканамічнай палітыкі. У лістападзе грымнуў скандал. Калі Лукашэнка быў у ад’ездзе, прэм’ер-міністр Міхаіл Чыгір распарадзіўся падняць кошты дзеля падтрымкі вытворцаў. Лукашэнка вярнуўся і загадаў адкруціць лічбы на цэнніках назад, а тых, хто адмовіцца гэта зрабіць — «зняць з пасадаў і арыштаваць». Падобная рыторыка стала фірмовым стылем яго кіравання на гады.
Крыху адкручаныя на той загад назад кошты хутка не толькі вярнуліся на старыя пазіцыі, але і паляцелі ўгару. Увогуле, у першыя месяцы кіравання Лукашэнкі паляпшэння ў эканоміцы абсалютна не наставала. Наадварот, расла інфляцыя і курс долара. У тым самым лістападзе 94-га прэса пісала, што больш за палову насельніцтва Беларусі жыве за рысай беднасці!
У снежні ў адстаўку падаў віцэ-прэм’ер Віктар Ганчар, адзін з «маладых ваўкоў» сярод беларускіх палітыкаў, што паспрыялі прыходу Лукашэнкі да ўлады. Ганчар, у прыватнасці, крытыкаваў згаданае адкручванне мэтазгодна ўзнятых дзеля аздараўлення эканомікі коштаў і тое, што працу Саўміну падмяніла сабой блізкае атачэнне Аляксандра Лукашэнкі. Наўпрост ён называў і прозвішчы — кіраўніка справамі прэзідэнта Івана Ціцянкова і сакратара Савету бяспекі Віктара Шэймана. Апрача гэтага, Ганчар заявіў, што чакае, каб Лукашэнка нарэшце перайшоў ад словаў да справаў.
Між тым, Лукашэнка якраз увосень 1994 года, — а не прайшло і паўгода ад пачатку прэзідэнцтва, — пачаў прасіць у парламента дадатковых паўнамоцтваў для рэалізацыі свайго курсу па выхадзе з эканамічнага крызісу. У тым ліку каб прымаць указы ў абыход законаў. Тады ж было заяўлена пра неабходнасць стварэння «вертыкалі» выканаўчай улады.
Дэмакратычна абраны на прэзідэнта Аляксандр Лукашэнка вельмі хутка пачаў мацаць уладу «цвёрдай рукой». Але тады яшчэ многія пасміхаліся і прагназавалі, што яго кіраванне працягнецца гады з два...
Арыгінальная версія артыкула была апублікавана ў "Новым Часе" 10 ліпеня 2020