«Гэта пост, пасада і аб'ём паўнамоцтваў». Венедыктаў адказаў на рэпліку Лукашэнкі пра кошт аб'яднання
Галоўны рэдактар радыёстанцыі «Эхо Москвы» Аляксей Венедыктаў адказаў на рэпліку Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што «няма той цаны, якую яны могуць мне заплаціць, каб я пайшоў на іх умовы» ў пытанні аб'яднання Расіі і Беларусі. Блізкі да Крамля журналіст лічыць, што шмат хто ў Маскве ўпэўнены, што «недаклалі» Лукашэнку.
5 ліпеня Венедыктаў распавёў «байку» ўкраінскаму журналісту Дзмітрыю Гардону аб размове Уладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі па аб'яднанні дзвюх дзяржаў, якая нібыта адбылася ў Шанхаі паўтара гады таму. Па словах радыёвядучага, аб'яднанне — гэта «пытанне цаны». У адказ на гэта Лукашэнка заявіў, што суверэнітэт і незалежнасць Беларусі не прадаюцца.
— Слухайце, няма той цаны, якую яны могуць мне заплаціць, каб я пайшоў на іх умовы. Няма той цаны! У труне кішэняў няма. Колькі б у цябе мільярдаў не было, на тым свеце табе ніякія мільярды не патрэбныя будуць. Гэта мае перакананні, прынцыпы, ідэалогія, — сказаў беларускі лідар. — Таму мне нічога плаціць не трэба. Гэта не прадаецца. Суверэнітэт і незалежнасць не прадаюцца! І трэба памятаць, што грошы як прыйшлі, так і пойдуць.
11 ліпеня Венедыктаў працягнуў завочную палеміку з Лукашэнкам у эфіры «Эхо Москвы».
— У Маскве вельмі шмат хто лічыць, што трэба прапанаваць вам адэкватную цану, каб вы пагадзіліся на аб'яднанне Расіі і Беларусі. Пры гэтым, Аляксандр Рыгоравіч, цана гэта не па кішэнях, гэта пост, пасада і аб'ём паўнамоцтваў. І сапраўды вам было прапанавана ўзначаліць саюзны парламент, і вы правільна сказалі ў інтэрв'ю мне, што гэта нейкая бздура. Але я лічу, што па-ранейшаму вельмі многія людзі ў Маскве, у Крамлі і Белым доме лічаць, што проста вам недаклалі, — растлумачыў галоўрэд «Эхо Москвы».
Ён параіў Лукашэнку звярнуць увагу на нядаўнюю заяву прэс-сакратара Пуціна Дзмітрыя Пяскова аб працягу абмеркавання саюзнай інтэграцыі.
— [Пяскоў] не абверг таго, што сказаў я [5 ліпеня]. А сказаў, што дарога такая, план такі. Дарожная карта. Па якой мы будзем рухацца, — сказаў Венедыктаў.
tut.by