Партызан і арганізатар «вялікага тэрору» на Ушаччыне

Авіяналёт? Не, усё было па-іншаму. Дыверсійны атрад «Храбрецы» пад кіраўніцтвам Рабцэвіча ўлетку таго ж года атрымаў заданне падарваць дзейнасць станцыі Асіповічы — важнага чыгуначнага вузла, праз які немцы перакідвалі тэхніку і жывую сілу на ўсходні фронт.

Сцяпан Змушко з групай таварышаў, Наваградак, 1949 год

Сцяпан Змушко з групай таварышаў, Наваградак, 1949 год

Супрацоўнікі НКУС спрычыніліся да масавых сталінскіх рэпрэсій у Беларусі. Адначасна — тое ж ведамства арганізоўвала антынямецкі супраціў у «тыле ворага» падчас Другой сусветнай вайны. Часцяком і першае, і другое рабілі тыя ж самыя людзі.

Летняя ноч з 29 на 30 ліпеня 1943 года ў Асіповічах прайшла ў надзвычайным рэжыме. Жыхары горада і ваколіц былі абуджаныя выбухамі на чыгуначнай станцыі, з вокнаў і падворкаў быў бачны вогненны шторм. Гарэлі нямецкія вагоны, платформы з «тыграмі», будынак станцыі. Узрываліся бочкі з палівам: яны ўзляталі ў асветленае агнём начное неба ды падалі на адлегласці ад эпіцэнтру. Немцы ў паніцы дакладвалі, што на станцыю здзейснены бомбавы ўдар.

«Значны поспех партызанаў»

Авіяналёт? Не, усё было па-іншаму. Дыверсійны атрад «Храбрецы» пад кіраўніцтвам Рабцэвіча ўлетку таго ж года атрымаў заданне падарваць дзейнасць станцыі Асіповічы — важнага чыгуначнага вузла, праз які немцы перакідвалі тэхніку і жывую сілу на ўсходні фронт. Праз Асіповічы, у тым ліку, праходзілі танкі ды самаходкі ў раён Курскай дугі. Заданне — першачарговай важнасці.

Адказным за выкананне быў прызначаны камандзір выведкі атраду Сцяпан Змушко. Гэта ён дамовіўся з працоўным станцыі Крыловічам, каб той незаўважна замацаваў атрыманыя ад дыверсантаў магнітныя міны на баках цыстэрнаў з палівам падчас абходу. Усяго дзве міны, паводле партызанскіх зводак, знішчылі цэлы чыгуначны вузел.

Дзёрзкая аперацыя была паспяховай. Пазней яе высока ацанілі, як «свае», так і «чужыя». Генерал Панамарэнка, кіраўнік Цэнтральнага штабу партызанскага руху, пісаў пра «вялікае значэнне дыверсіі»: маўляў, нават пачатак аперацыі «Цытадэль» немцы адклалі праз затрымку з пастаўкамі новых танкаў ва ўдарную групоўку. Былы афіцэр Генштабу Германіі Міддэльдорф апісваў падзеі як «значны поспех партызанаў».

Ад дыверсій на чыгунцы да «ліквідацыі Уласава»

Хто ж такія «Храбрецы» ды камандзір выведкі Змушко? Выведвальна-дыверсійная група з такой кодавай назвай была накіраваная на тэрыторыю занятай немцамі БССР 4-м упраўленнем НКУС СССР 25 чэрвеня 1942-га — за год да аперацыі ў Асіповічах. Група ў складзе 14 чалавек мусіла ладзіць агентурную працу ва Усходняй Беларусі, а таксама дыверсіі на чыгуначных шляхах, якія шчыльна апляталі гэтую тэрыторыю. Сярод гэтых «чатырнаццаці» і быў вышэйзгаданы Сцяпан Змушко.

Сцяпан Змушко пасля 1945 года

Сцяпан Змушко пасля 1945 года

Адметна, што «Храбрецам» была даручаная і яшчэ адна аперацыя: дапамога ў ліквідацыі былога генерала Чырвонай Арміі Уласава, які перайшоў на нямецкі бок і стварыў свой «Рускі камітэт». На тэрыторыі Беларусі працавалі аддзяленні камітэта, якія Уласаў наведваў з інспекцыямі. Дыверсантам НКУС было даручана вывучаць побыт, ахову і звычкі генерала для падрыхтоўкі забойства. Аднак ішоў ужо 1944 год, Уласаў адышоў на Захад, а «Храбрецы» перамясціліся на тэрыторыю Польшчы ўжо з новымі задачамі…

Вернемся, аднак, да Змушко. На 1944–1945 гады прыпадае пік ягонай кар’еры: ён, у званні падпалкоўніка, прызначаны начальнікам упраўлення НКДБ па Мінскай вобласці. Пасля — нечаканы перавод у аналагічнае ўпраўленне ўжо Брэсцкай вобласці. Далей — пераводы ў Наваградак, Слонім, праца па Гродзенчышне, поўнай у тыя гады дыверсантамі ды «ляснымі братамі» розных поглядаў. Як былому партызану, такая праца мусіла быць блізкай Сцяпану Васільевічу.

У маі 1955-га падпалкоўнік выходзіць на заслужаную пенсію, яго след губляецца. Званне палкоўніка чамусьці яму так і не далі, нягледзячы на шматлікія заслугі і кіруючыя пасады. На момант выхаду на пенсію Змушко меў на мундзіры два ордэны Чырвонай Зоркі, ордэн Леніна, ордэн Айчыннай Вайны І ступені. Сярод іншага — прысвоены ў 1944 годзе знак «Заслуженный работник НКВД», які ў пэўных колах цаніўся вышэй за іншыя ўзнагароды.

Вычышчаў Ушаччыну ад «шпіёнаў» ды «шкоднікаў»

На першы погляд, Сцяпан Васільевіч — хрэстаматыйны герой з фільмаў пра партызанаў ды падпольшчыкаў. Але што наконт ягонай даваеннай біяграфіі? Чым Змушко займаўся да 1941 года? Ён нарадзіўся ў 1905 годзе ў вёсцы Рудня Гарбавіцкая Мінскай губерні. Для ўдзелу ў кастрычніцкай рэвалюцыі і Грамадзянскай вайне, зразумела, быў занадта малады. Але ўжо ў 1929-м далучыўся да партыі, неўзабаве — у 1932-м — стаў слухачом курсаў пры Паўнаважным прадстаўніцтве АДПУ пры СНК СССР па Беларускай вайсковай акрузе.

Сваю кар’еру чэкіста ён пачаў нават раней, ад 1930-га, упаўнаважаным Чашніцкага райаддзелу ДПУ, з 1932-га — Гарадоцкага, з 1933-га — намеснікам начальніка Палітычнага аддзела саўгаса «Замошша» (Плешчаніцкі раён) па працы АДПУ-НКУС. У 1935–1941, на працягу шасці гадоў, ён — начальнік Ушацкага райаддзелу НКУС. Такім чынам, час «вялікага тэрору» Змушко адпрацаваў менавіта тут. Адпрацаваў па поўнай: «так, чтобы товарищ Сталин сказал: «Спасибо».

Сцяпан Змушко. Вушачы, 1936 год

Сцяпан Змушко. Вушачы, 1936 год

Калі звяртацца да матэрыялаў расійскага «Мемарыялу», то праз палітычныя рэпрэсіі на Ушаччыне з 1935 па 1941 год прайшло амаль паўтысячы чалавек: сайт выдае 474 прозвішчы. Сабатажнікі, шпіёны, шкоднікі… — стандартны спіс. Зразумела, што ўсё гэта рабілася пад кіраўніцтвам усё таго ж Сцяпана Змушко.

Сярод рэпрэсаваных і мой прадзед: Кварцёнак Восіп (Язэп) Сцяпанавіч, удзельнік Грамадзянскай вайны, які добра ведаў Фурманава і меў наградную зброю. У 1930-я — старшыня калгасу «Сака і Ванцэці» ў вёсцы Цялічына Ушацкага раёна. 12 лістапада 1937 года яго забралі акурат пасля нарады ў Полацку, прымеркаванай да гадавіны Кастрычніка. 19 снежня таго ж года ён быў расстраляны ў Оршы (абвінавачаны ў шпіянажы на карысць Польшчы). Тады ж быў арыштаваны і расстраляны ягоны брат Іван, таксама ветэран Грамадзянскай вайны…

Паводле сумнай іроніі лёсу, дачка Восіпа Кварцёнка Ніна, мая бабуля, у часы вайны была партызанскай сувязной там жа, на Ушаччыне. Распаўсюджвала ўлёткі, нават разам са сваяком вазіла партызанам выбухоўку. Немцы арыштоўвалі Ніну Кварцёнак, дапытвалі, імітавалі расстрэл, каб знішчыць найперш маральна. Аднак бабуля збегла, засталася жывая. Цікава, ці магла яна ўявіць, што ваюе не проста на адным баку, але яшчэ і ў адным раёне з катам свайго бацькі? Ці магла перасекчыся з ім выпадкова, перадаючы нешта ці забіраючы згодна заданню камандзіра? Ці рэзалі вуха таварышу Змушко прозвішчы мясцовых партызанаў, сваякоў якіх ён знішчаў у 1930-я?..

Кат ці вызваліцель?

І за савецкім часам, і сёння пра дыверсантаў, закінутых з «большой земли» ў нямецкі тыл падчас вайны, пішуць кнігі, здымаюць фільмы, на іх прыкладзе выхоўваюць моладзь. Зразумела, што збольшага падобная дыверсійная дзейнасць была інспіраваная органамі дзяржбяспекі — чэкісты складалі касцяк падобных групаў. Чэкісты ж пасля вайны змагаліся з «бандамі» ды «заходнімі шпіёнамі», што яшчэ хаваліся па лясах.

Атрымліваецца, што шмат хто з тых, хто кіраваў расстрэламі, фальсіфікаваў справы, па-садысцку дапытваў, беспадстаўна абвінавачваў, знішчаў цэлыя сем’і ў 1930-я, вярнуўся ў Беларусь у 1940-я гады з агентурна-дыверсійным заданнем, каб пасля вайны стаць героем… Як нам зараз ставіцца да гэтых людзей? Ці лічыць іх «вызваліцелямі»? Урэшце, каго яны забілі больш — беларусаў альбо немцаў?..

znak__zasluzennyj_rabotnik_nkvd_.jpg


Для справядлівасці варта сказаць, што Сцяпан Змушко наўрад ці быў чалавекам маладушным. Усё ж такі не адседжваўся ў савецкім тыле, а рызыкаваў жыццём штодня, калі знаходзіўся на тэрыторыі ворага. Ды і на падобныя заданні органы дзяржбяспекі наўрад ці пасылалі абы-каго: толькі прафесіяналаў. Але ці рэабілітуе гэта Сцяпана Васільевіча перад нашчадкамі? Ці можна спачатку адной рукой забіваць суайчыннікаў, а пасля — іншай рукой — «вызваляць»?..

Калі прыняць логіку аб тым, што, маўляў, «час быў такі», то давайце працягваць лагічную лінію. У такім разе, і беларускіх нацыяналістаў, якія супрацоўнічалі з нямецкімі спецслужбамі — Барыса Рагулю, Зміцера Касмовіча, Рыгора Зыбайлу, Міхала Вітушку і іншых — таксама няма ў чым вінаваціць. «Час такі»... Значыць, варта прызнаць, што падчас сутыкнення двух таталітарных рэжымаў беларусы аказаліся ў стане, набліжаным да грамадзянскай вайны.

Такім чынам, ані ўніверсальнага алгарытму дзеянняў на той час, ані ідэальнага пантэону герояў, прымальных для кожнага, мы не можам мець — усё індывідуальна. А калі так, дык і лічыць адных адназначна забойцамі, а іншых — адназначна героямі не маем аніякага права.

Фота Сцяпана Змушко — з прыватнага архіву

Лічбы і факты

За гады вайны з ліку спецыяльных партызанскіх групаў і атрадаў НКДБ БССР загінула падчас спецаперацыяў 360 чэкістаў, 254 атрымалі цяжкія раненні, 60 супрацоўнікаў дзяржбяспекі лічацца і зараз зніклымі без вестак. Усяго ж з 1941 па 1943 год у выведвальных органах партызанскіх фармаванняў на Беларусі працавала 564 супрацоўніка органаў дзяржбяспекі БССР (разам з супрацоўнікамі вайсковай контрвыведкі). А колькі яшчэ было агульнасавецкіх чэкістаў?..

Да снежня 1941-га за лінію фронту было накіравана звыш 40 груп асаблівага прызначэння (больш за 1200 чалавек). Толькі ў 1943 годзе наркаматам дзяржбяспекі БССР у тыл закінута больш за 50 падраздзяленняў чэкістаў са спецзаданнямі, з ліпеня 1943 па ліпень 1944-га — 60 выведвальных падраздзяленняў, а гэта больш за 700 удзельнікаў.

(Паводле кнігі А.К. Салаўёва "Они действовали под разными псевдонимами")