СК далучыўся да расследавання бальшавіцкіх расстрэлаў пад Віцебскам
Ахвярамі масавых бальшавіцкіх расстрэлаў у Хайсах заняўся Следчы камітэт.
Пра масавыя расстрэлы пад Віцебскам вядома даўно, а знаходкі, зробленыя ў красавіку, толькі пацвердзілі гэта. Так званыя “чорныя капальнікі” раскапалі некалькі ямін, у якіх знаходзіліся парэшткі людзей і рэчы, што належалі расстраляным. Большасць чарапоў маюць характэрную адтуліну ў патыліцы, на месцы знойдзены таксама гільзы ад куль.
Пра страшныя знаходкі распавядае стваральнік грамадскай ініцыятывы “Хайсы” Ян Дзяржаўцаў:
– Лес даволі вялікі. І вось мы прайшлі ад чыгункі і амаль да Дрыколля паўтара кіламетра і ў некалькіх месцах бачылі 12 ці 13 вялікіх ямін. З віцебскай турмы, дзе знаходзіліся арыштаваныя, органы НКВД прывозілі і расстрэльвалі іх, пачынаючы з 30-х гадоў і да вайны. Я апытаў 31 чалавека з мясцовых жыхароў, якія жывуць тут паблізу: у Хайсах, Баравых, Дрыколлі, Мазалаве.
Да справы падключыўся віцебскі раённы Следчы камітэт, які частку знаходак адправіў на экспертызу. Раней улады чынілі супраціў даследванню трагедыі і нават пахавалі частку людскіх парэштак у братэрскай магіле ў якасці ахвяраў гітлераўцаў, хоць гэта і не адпавядае рэчаіснасці. Акрамя таго, невядомыя ламалі ўсталяваныя ў лесе крыжы, але міліцыя не імкнулася высвятляць асобы вандалаў. Ініцыятыва “Хайсы” заклікае органы ўлады публічна асудзіць злачынствы бальшавікоў.
racyja.com