«З чортам кроўю падпішу дамоўленасць, каб толькі яны далі мне зброю, і я змог бы бараніць Беларусь»

У дзень памяці экс-старшыні Рады БНР Язэпа Сажыча распавядаем пра беларускага нацыяналіста ў Львове. Пры жыцці па ім зладзілі паніхіду, сам Сажыч галасаваў супраць Івонкі Сурвілы. Пакручасты шлях знакамітага беларуса.

Сяргей Навумчык, Язэп Сажыч, Зянон Пазьняк. 1996 год. Фота radabnr.org

Сяргей Навумчык, Язэп Сажыч, Зянон Пазьняк. 1996 год. Фота radabnr.org

Гадаваўся ў страшэннай галечы

Язэп Сажыч нарадзіўся 5 верасня 1917 года ў вёсцы Гарадзечна. Ён пісаў ва ўспамінах: «Гадаваўся ў страшэннай беднаце: бацька памёр, калі мне было два годзікі (мамачка расказвала, што ён любіў мяне больш за ўсё на свеце), і маленькі хлопчык мусіў зрабіцца гаспадаром — араць, касіць.

У сем-восем гадоў я стаў у хаце лідарам: як скажу, так і мусіць быць! Калі мама злавалася, называла мяне «праклятым бальшавіком». «Чырвоных», як і палякаў, ніколі не паважала».

Бацька Язэпа, Сымон Сажыч, напачатку XX стагоддзя паехаў на заробкі ў ЗША. Жыў у Нью-Ёрку, развозіў піва. Сымон вярнуўся ў Беларусь, калі даведаўся пра смерць першай жонкі, маці трох ягоных дзяцей. Неўзабаве ажаніўся з маці Язэпа — Верай Дарашэвіч. Памёр у 1919-м ад гішпанкі.

«Мамачка, зусім маладая тады жанчына, да шлюбу працавала ў Гарадзечна ў цёткі. Была яна чалавекам амаль непісьменным, але вельмі інтэлігентным, разумным», — зафіксаваў у мемуарах Язэп на 90-м годзе свайго жыцця.

«Братка, ты не ўяўляеш, як мы з мамачкай любілі адно аднаго. Ужо апынуўшыся на вайне, перад апошняй атакай быў упэўнены, што мяне заб'юць. Смерці не баяўся, страшыўся аднаго: што мама не перажыве страты сыночка...».

Цудам атрымаў магчымасць вучыцца ў беларускай, а потым у польскай гімназіі

Язэп Сажыч

Язэп Сажыч

«Калі споўнілася 14 гадоў, здарылася падзея, якая моцна паўплывала на мой лёс. Кашу ля рэчкі сена, пад'язджае брычка з войтам Сокалам: «Хадзі вучыцца, ты здольны хлопец». Я кажу: «Дык гэта грошай вялікіх каштуе».

А ён: «Нічога, я ведаю дырэктара Ціханоўскага, прыходзь да мяне ў гміну».

Войт мне выпісаў пасведчанне, перахрысціў і кажа: «Сынку, хадзі вучыся, але не давярай ніякай савецкай прапагандзе!»

Пасля таго, як зачынілі беларускую гімназію, перайшоў у наваградскую польскую гімназію, плаціў толькі 25 працэнтаў ад сумы. Я быў найбяднейшы з усіх хлопцаў. За гады навучання ў гімназіях не знайшоў магчымасці купіць аніводнай кнігі  пазычаў у багацейшых сяброў», — распавядаў спадар Язэп.

Да таго ж, каб дабрацца да гімназіі, юнаку даводзілася штодзя хадзіць пешшу з Гарадзечна ў Наваградак – каля 10 кіламетраў.

«Чатыры кіламетры ішоў босы, а пад горад надзяваў чаравічкі, вось так, братка», — пісаў Язэп.

Падчас нападу Германіі на Польшчу ў 1939-м быў камандзірам узводу

«На фронце я зрабіўся героем: кідалі ў цяжкія абставіны, і я неяк з іх вылазіў. Камандзір дывізіі, таксама беларус, Мікалай Болтуць называў мяне «беларускім ільвом».

Пяць разоў хадзіў у атаку — быў камандзірам левага флангу. У час апошняй атакі паднімаю пісталет і крычу: «Хлопцы, за мною!». А кулямёт як трахне  добра мяне прасёк. Ляжу, гляджу на рану і думаю: усё, заб'юць немцы.

Аказалася, што яны добра ратавалі афіцэраў,  адразу мяне паднялі з зямлі і адвезлі ў амбулянс. Нямецкі маёр, малады хірург, зрабіў рэнтген, пагладзіў па галаве і кажа: «Юнге, ты шчаслівы! Косць не закранута, мы цябе вылечым». Лячылі мяне ў вялікім ваенным шпіталі ў Лодзі», — згадваў будучы прэзідэнт Рады БНР.

У родным Гарадзечне па Язэпу Сажычу зладзілі паніхіду. Маці думала, хлопец памёр

«Якраз тады саветы дамовіліся з Гітлерам: Нямеччына выпускае дадому беларусаў і ўкраінцаў, а СССР — г. зв. «фольксдойчаў», палякаў нямецкага паходжання. Я скарыстаў гэтую магчымасць, уцёк са шпіталю і пайшоў дадому, у Гарадзечна».

Але да гэтага нехта з аднавяскоўцаў данёс маці Язэпа, што яе адзіны сын палёг у баі. Забітая горам жанчына пабегла да святара. Па хлопцу зладзілі паніхіду, спяваў хор, мясцовыя плакалі… А калі Язэп вярнуўся дадому, маці падумала, што ўбачыла прывід.


Глядзіце таксама

«Нацыяналістам я стаў менавіта ў Львове»

Язэп хутка зразумеў, што пры камуністах у Гарадзечна жыцця яму не будзе.

«Сустракаю аднаго са сваіх таварышаў па гімназіі, а ён быў камсамольцам: «Юзік, хавайся. Табе тут не месца. Уцякай!». Выпісаў пасведчанне, у якім было сказана наступнае: «Сажич Иосиф Семенович, бедняк, направляется на учебу», — узгадваў ён.

Тады малады чалавек скіраваўся ў Львоў, дзе здолеў паступіць на ўлікова-эканамічны факультэт Львоўскага ўніверсітэта.

«Між іншага, у Львове ў тыя часы апынулася шмат беларусаў: пасля таго як Вільню аддалі літоўцам, Віленскі ўніверсітэт перавялі на літоўскую мову.

Па-расейску ў Львове ніхто не размаўляў  расейцаў галічане не шанавалі.

Калі прыехаў у Львоў, на нацыяналізм не «хварэў». І мае калегі-студэнты, адданыя галіцкія патрыёты, уцягнулі мяне ў «бандэраўцы». Я сваімі вачыма бачыў, як на Галоўным рынку Львова было аб'яўлена аб стварэнні незалежнай дзяржавы, самаўраду», — распавядаў спадар Язэп.

«Слухай, браток, нацыяналістам я стаў менавіта ў Львове. Калі жылі пад палякамі, пра незалежнасць і не марылі: нейкія правы, аўтаномія і ўсё.

А ў сяле пад Львовам бачу: дзяўчаты выцягваюць з-пад куфраў нацыянальныя «жоўта-блакітныя» сцягі, усе спяваюць, святкуюць - нацыянальны ўздым каласальны. Божа, думаю, а ў нас што?.. Украінцы мяне пытаюць, якія сцяг і гімн у Беларусі, а я чырванею — не ведаю... Нават вусаты селянін-украінец, калі пачуў адказ, адкуль я прыехаў, сказаў: «Дык ты ж ліцьвін!»

Гэта мяне страшэнна ўзварушыла».

Падчас Другой сусветнай вайны быў камендантам падаафіцэрскай школы Беларускай народнай самапомачы

«Мусіў вярнуцца ў Наваградак, дзе ўсё апанавалі палякі, якія здавалі беларусаў немцам: ён, ён і ён  камуністы, і справа скончана... Стаўленне немцаў да нас было рознае: шмат было і добрага, і благога. Напрыклад, галоўны камісар Вільгельм Кубэ зрабіўся сябрам беларусаў, стараўся нам дапамагчы», — пісаў Сажыч.

Беларус Барыс Рагуля, які працаваў у гэбітскамісарыяце, прапанаваў яму пасаду камісара паліцыі па Наваградскай акрузе.

«Але, пабыўшы ў Львове, я адрэзаў: «Ніякага супрацоўніцтва з немцамі! Дай мне войска  пайду ў войска», — узгадваў спадар Язэп.

«Аднойчы ноччу, а другой гадзіне, прылятае Барыс, запальвае святло і кідае мне пачак папер: «На табе тваё войска!». Тады немцы далі дазвол утварыць Самаахову: адчынялася афіцэрская школа перашкалення ў Менску, у кожнай акрузе  падафіцэрскія школы і ў кожным раёне  батальёны. Да самай раніцы святкавалі падзею: выпілі, браток ты мой, добра».

«У суме я перашколіў каля 2500 жаўнераў. Гадаваў іх у патрыятычным рэчышчы, рабіў заклікі хапаць зброю і бараніць Бацькаўшчыну. Мала хто ведае, што я з'яўляюся аўтарам некалькіх знакамітых вайсковых песень, падбіраў да іх мелодыі. Пад бел-чырвона-белымі сцягамі, з «Пагонямі» мае хлопцы маршыравалі і спявалі патрыятычныя песні. Лішнім будзе казаць, што размаўлялі мы толькі па-беларуску. А цяпер хтосьці ўяўляе сабе, каб лейтэнант беларускай арміі загаварыў на роднай мове?..»

Глядзіце таксама

На загад Франца Кушаля зарганізаваў у Лідзе Беларускі батальён чыгуначнай аховы

«Раптам мяне ў Менск выклікае Франц Кушаль і інфармуе, што немцы даюць дазвол утварыць чыгуначны батальён. Цікава, што Кушаль мяне спаткаў ужо ў чыгуначнай уніформе. У ранзе палкоўніка мяне тады сустрэў князь Святаполк-Мірскі . Я быў супраць гэтай працы, аднак мне адказалі: «Сажыч, вы ёсць афіцэр, таму  ніякіх дыскусій». Я мусіў узяць 50 хлопцаў са сваёй школы ў Наваградку і ехаць у Ліду. Батальён не быў беларускай ваеннай адзінкай: я цягам шасці месяцаў школіў жаўнераў, і пасля іх накіроўвалі на ахову станцый. Мы мелі кулямёты, гранаты, вострую зброю. Нас апранулі ў сінюю нямецкую чыгуначную ўніформу, на шапках была нашыта «Пагоня», а на каўнярах — ярылаўскія крыжы».

Глядзіце таксама

«Мая біяграфія чыстая»

У 1950 годзе Язэп Сажыч выехаў у ЗША. Да гэтага жыў у Цюрынгіі, дзе ажаніўся з Верай Мазур, пазней у Гесэне, дзе нарадзілася дачка Алена.

Атрымаў дыплом лекара ў Марбургскім універсітэце.

«Пасля вайны многія беларусы, якія перабіраліся ў ЗША, з той нагоды, што тым ці іншым чынам былі далучаны да немцаў, баяліся праблем. Яўрэі зрабілі так, што нас пачалі называць нямецкімі калабарантамі.

А я нічога не баяўся, бо ведаў: мая біяграфія чыстая. Ніколі, ніводнага разу мяне не вінавацілі, што я быццам зрабіў штосьці благое для свайго народу. Калі даваў нямецкаму журналісту інтэрвію, сказаў наступнае: «З чортам кроўю падпішу дамоўленасць, каб толькі яны далі мне зброю, і я змог бы бараніць Беларусь», — пісаў Язэп Сажыч.

«Цікавая размова адбылася, калі мы ўжо заходзілі на карабель. Правяральшчык глядзіць у мой пашпарт і кажа:

«Хто Вы па нацыянальнасці?»  «Беларус». Той здзіўляецца: «Дык беларусы ж сталіся вольным народам, вяртайцеся на радзіму». Я не губляюся: «А я камуністаў не люблю». Мне ў лоб: «Ты што,  фашыст?»  «Чаму ж, я  дэмакрат». Той зарагатаў: «Тады, канешне, праходзь  будзеш у ЗША за нашую дэмакратычную партыю галасаваць». У той час пры ўладзе былі рэспубліканцы...»

У Амерыцы будучы прэзідэнт БНР працаваў анестэзіёлагам.

Пазней у Сажыча нарадзіўся сын Юзік, якому было наканавана стаць пратэстанцкім місіянерам.

«Прыехаўшы ў Дэтройт, адразу ж працягнулі нацыянальную справу»

«Ведаеш, чалавеча, калі б я не быў у Дэтройце, ніхто б там не ведаў, што такое Беларусь, і хто такія беларусы. Справу сваю мы рабілі шчыра, самааддана, самаахвярна.

Менавіта я заснаваў у Дэтройце праваслаўную парафію Святога Духа. Потым царкву напаткала бяда. Пра раскол у беларускім царкоўным жыцці сказана-пісана шмат, таму спыняць на ім увагу не буду. Скажу адно: я заўсёды падтрымліваў беларускую аўтакефалію. Яна, а не вуніяцтва, мусіць быць нашай нацыянальнай рэлігіяй», — лічыў Язэп Сажыч.

З 1982-га – старшыня Рады БНР

Язэп Сажыч з прэзідэнтам ЗША Джорджам Бушам – старэйшым, 1991 год. Фота radabnr.org

Язэп Сажыч з прэзідэнтам ЗША Джорджам Бушам – старэйшым, 1991 год. Фота radabnr.org

«Шчыра кажучы, я не збіраўся займацца палітыкай. Аднак у 1982 г. мяне нечакана абралі на пасаду старшыні Рады БНР», — прызнаваўся спадар Язэп.  

«Хоць былы старшыня Вінцэнт Жук-Грышкевіч мяне не любіў, галасы за мяне падалі 70% дэлегатаў. Раней Жук-Грышкевіч зрабіў мяне сакратаром па справах ветэранаў, заўсёды казаў, што палітычна я — непісьменны.

Пісьменны, непісьменны, але ж кіраваў 15 гадоў. Час майго кіравання хтосьці ахрысціў «брэжнеўскім застоем», але, паверце, гэта хлусня».

Галасаваў супраць Івонкі Сурвілы

«Калі сыходзіў, галасаваў супраць цяперашняй старшыні Івонкі Сурвілы, і яна пра гэта ведае — хацеў, каб маё месца заняў Рагуля.

Калі яе выбралі, я сказаў: «Івонка, будзеш нашай Маргарэт Тэтчар».

Лічу, што яна добра кіруе справамі: усюды піша, прамаўляе».

У 1993 годзе Язэп Сажыч прыязджаў на святкаванне 75-годдзя БНР

Крыніца: belarusworld [ youtube ]

«Ніколі не забуду гэтага гістарычнага моманту: я раблю прамову перад трыма тысячамі чалавек, усе скандуюць «Жыве Беларусь!» — і ў мяне цякуць слёзы...

Ездзіў тады і ў Вільню, дзе адбыўся заклад магілы братоў Луцкевічаў. І ў Беларусі, і ў Літве за мной бегала прэса, усё пытала пра БНР. Я адказваў коратка: «Калі б не БНР, не было б БССР. Калі б не было БССР, не было б незалежнай Беларусі». Вось так, братка.

Спаткаўся з нашымі адметнымі дзеячамі. Напрыклад, з Пятром Краўчанкам у добрым рэстаране пілі каньяк, з мітрапалітам Філарэтам. Апошні, дарэчы, абяцаў, што з цягам часу абавязкова пяройдзе на беларускую мову...

Антыбеларускасць  страшэннае гора сучаснай Беларусі. Лукашэнка  хітры і здольны палітык. І сярод апазіцыі я сёння не бачу такіх жа здольных ды хітрых. Але ж, нягледзячы ні на што, Беларусь мусіць адрадзіцца», — пісаў Язэп Сажыч напрыканцы жыцця.

Ён памёр 19 лістапада 2007 году, ва ўзросце 90 гадоў, у Saint Clair Shores, штат Мічыган. Пахаваны на беларускіх могілках у Іст-Брансьвіку (Нью-Джэрзі, ЗША).