Роўна дзесяць гадоў таму ў авіякатастрофе загінуў лепшы хакеіст у гісторыі Беларусі Руслан Салей
У той жа дзень 7 верасня 2011-га абарвалася жыццё яшчэ двух беларусаў — нападаючага Сяргея Астапчука і трэнера Мікалая Крываносава. Яны таксама былі на борце самалёта, які ўпаў пад Яраслаўлем.
Сёння спаўняецца дзесяць гадоў са страшнай авіякатастрофы, у якой загінула хакейная каманда «Лакаматыў» з Яраслаўля.
Самалёт Як-42, на якім «чыгуначнікі» ляцела на дэбютную гульню сезона ў Мінск, не змог набраць вышыню і сутыкнуўся з антэнай радыёмаяка каля аэрапорта Туношна. Усе пасажыры, якія знаходзіліся на борце, загінулі. У іх ліку былі тры беларусы: капітан зборнай, 36-гадовы абаронца Руслан Салей, 21-гадовы форвард Сяргей Астапчук і 31-гадовы трэнер па фізпадрыхтоўцы Мікалай Крываносаў.
Руслан Салей — легенда беларускага хакея і самы запатрабаваны гулец у мацнейшай у свеце Нацыянальнай хакейнай лізе. У рэгулярных сезонах НХЛ правёў 917 гульняў, у якіх набраў 204 (45+159) балы. Выступаў за «Анахайм», «Флорыду», «Каларада» і «Дэтройт».У складзе зборнай Беларусі ўдзельнічаў у Алімпійскіх гульнях у Нагана, Солт-Лэйк-Сіці і Ванкуверы.
У сям'і Руслана Салея засталося трое дзяцей.