«З гонарам неслі званне савецкага грамадзяніна»
Няма сумневаў, што наверсе зробяць урокі з гісторыі з Ціманоўскай. Хутчэй за ўсё, нас чакае вяртанне да некаторых савецкіх практык кантролю над спартоўцамі падчас турніраў за мяжой.
Праблема кантролю над спартоўцамі падчас замежных турнэ пачала ўзнікаць у СССР прыкладна ў 1950-я гады, па ходзе выхаду савецкага спорту на міжнародную арэну. Прычым, вырашыць гэтую праблему не ўдалося да самага канца існавання Савецкага Саюза. Гісторыкі з іроніяй успамінаюць казус на пачатку 1980-х гадоў, калі была прынятая чарговая пастанова аб узмацненні правіл паводзін спартсменаў у замежных турах. Літаральна на наступны дзень прыйшло паведамленне пра тое, як нашы хакеісты спрабавалі нешта сцягнуць у трох фінскіх крамах.
Відавочна, што прычыну правалу трэба шукаць у хібах першапачатковай фармуліроўкі місіі савецкага спартоўца за мяжой. Паколькі гэтыя людзі прадстаўлялі СССР, ад іх патрабавалі на кожным кроку сімвалізаваць самую перадавую краіну ў свеце. Такая ўстаноўка прадугледжвала выкананне часам проста невыканальных правілаў.
Дзевяціразовая алімпійская чэмпіёнка Ларыса Латытніна ўспамінала выпадак у Капенгагене ў 1965 годзе ў гатэлі, куды засялілася зборная СССР па гімнастыцы. Раптам кіраўніцтва спахапілася, што ў сваім нумары няма дзвюх 16-гадовых гімнастак. Паўстала страшная версія: яны спусціліся ў бар! Але нават у бары іх не аказалася, што генеравала яшчэ больш жудасныя здагадкі. У выніку ўсё аказалася значна больш празаічна. Пакуль іх шукалі, маладыя спартсменкі ўвесь час каталіся ў ліфце, захапляліся яго дызайнам і тэхнічнымі якасцямі.
Зрэшты, перш чым выслухаць інструкцыю пра тое, як паводзіць сябе за кардонам, спартоўцу трэба было прайсці нялёгкі шлях збірання паперак і праходжання шматлікіх камісій. А паколькі ў выніку таксама ўлічвалася меркаванне кампетэнтных органаў і парткамаў, усе сабраныя дакументы, рэкамендацыі і даведкі маглі ў апошні момант ператварыцца ў макулатуру.
Тое, што ўдзельнікаў спартовых замежных паездак зацвярджалі на самым высокім узроўні, гісторыкі тлумачаць страхам функцыянераў. Яны надзвычай баяліся, што сустрэча з Захадам можа пахіснуць у спартсмена веру ў перамогу сацыялізму, і той адразу трапіць пад уплыў буржуазнага ладу жыцця.
Таму ад кіраўнікоў дэлегацый патрабавалі дэталёвых справаздач пра паводзіны чальцоў каманд. Часам такія рапарты мелі незвычайную рэакцыю. Напрыклад, старшыня КДБ Сяроў, калі даведаўся пра калектыўныя п’янкі спартсменаў, рэкамендаваў прыцягнуць іх да грамадска карыснай працы паміж спаборніцтвамі. Вялікае раздражненне ў чыноўнікаў у 1970-я гады выклікала тое, што спартсмены вазілі шмат імпартных рэчаў сваякам і сябрам — і нібы дэманстравалі гэтым наяўнасць у краіне Саветаў сур’ёзных матэрыяльных праблем.
Безумоўна, у тых рапартах павінна была быць адлюстраваная і палітычная свядомасць спартсменаў. Часам даводзілася падымаць яе штучна. Так, перад чэмпіянатам па лёгкай атлетыцы ў 1982-м у Грэцыі камандзе СССР прымацавалі інструктара аддзела прапаганды ЦК КПСС «для ўзмацнення ідэалагічнай падрыхтоўкі». Але часцяком гэта прыводзіла да фармалізму, калі практычна ўсе рапарты заканчваліся шаблоннай фразай: «Усе таварышы за мяжой з гонарам неслі званне савецкага грамадзяніна».
Калі за куплю часопісаў з фота аголеных жанчын, продаж гарэлкі ці нецвярозы стан можна было атрымаць строгую вымову, то кантакты з замежнікамі цягнулі на больш сур’ёзныя наступствы. Вялікі перапалох выклікала ў ЦК КПСС размова трэнера савецкіх хакеістаў Усевалада Баброва з нейкай рускамоўнай жанчынай у холе заходненямецкага гатэля. Баброву, як культавай асобе, гэта ўсё ж прабачылі. Для іншых размова з імігрантамі часцяком заканчвалася забаронай на візіты нават у краіны сацыялістычнага лагера.
Ну і, вядома, самым буйным скандалам былі ўцёкі спартсменаў за мяжу. Аказваецца, такіх выпадкаў хапала. У 1967-м з Румыніі не вярнуліся два гульцы ў воднае пола, у 1971-м у Швецыі застаўся эстонскі фехтавальшчык. Найбольш тытулаваным невяртанцам, напэўна, з’яўляецца шматразовы чэмпіён СССР па шахматах Віктар Карчны.
Таксама асабняком стаяць уцёкі двухразовых алімпійскіх чэмпіёнаў у парным катанні Алега Пратапопава і Людмілы Белавусавай. Адмова апошніх вяртацца з гастроляў лядовага балета ў Швейцарыі стала шокам для спартовага кіраўніцтва СССР. Усё праз тое, што генсек Брэжнеў быў вялікім прыхільнікам фігурнага катання. Зрэшты, у Крамлі маглі супакоіць сябе тым, што ў Венгрыі або Чэхаславакіі на Захад перабягалі ледзь не цэлыя спартыўныя калектывы.
Выпадкі з невяртанцам былі моцным псіхалагічным ударам для савецкага кіраўніцтва. Таму ніякая інфармацыя пра тое, што здарылася, у прэсу не трапляла. Фанатам спорту даводзілася толькі здагадвацца, куды, напрыклад, падзелася некалькі баскетбалістаў пасля турнэ зборнай па ЗША ў 1973-м. Любая інфармацыя пра тых, хто не вярнуўся, прыбіралася са спартыўных даведнікаў. Уцёкі таксама выклікалі ў некаторых функцыянераў сапраўдную паранойю. Ад куратараў патрабавалі ўсталяваць больш жорсткую дысцыпліну і абмежаваць выпадкі выхаду спартсменаў з гатэляў. Павялічвалася колькасць супрацоўнікаў «нябачнага фронту», якія суправаджалі каманду. Калі кагосьці хаця б падазравалі ў намеры здрадзіць радзіме, яго адразу адпраўлялі назад. Зрэшты, калі меркаваць па мемуарах, асаблівага эфекту ў атмасферы ўсеагульнага пафігізму 70–80-х гадоў гэта не мела.
Так ці інакш, узнікае пытанне: ці магчыма адрадзіць нейкія савецкія напрацоўкі ў цяперашняй беларускай зборнай, каб пазбегнуць новых скандалаў? Напэўна, можна, хаця існуе вопыт зборных Кубы або КНДР. Там таксама дзейнічае суровы нагляд за спартоўцамі, што не замінае ім рэгулярна бегчы на Захад. У любым выпадку, дысцыплінарныя меры і прамыўка мазгоў на колькасці медалёў можа і не адбіцца.