Паглядзіце, як жонка і дзеці сустракалі палітвязня, які збег з «хіміі» (відэа)

З'явілася відэа, як сям’я палітвязня Дзмітрыя Кулакова сустрэлася з ім у Літве. Ім дапамагла валанцёрская арганізацыя «Dapamoga» пад кіраўніцтвам Наталлі Калегавай, адзначае «Еўрарадыё».

233673321_4137261226365801_2727251644337362188_n_1.jpg

Нядаўна Дзмітрый Кулакоў збег з папраўчай установы і пакінуў Беларусь. Так ён апынуўся ў Літве, дзе ўз'яднаўся з сям'ёй. Як гэта было, можна паглядзець на відэа.

Дзмітрый Кулакоў — жыхар Шуміліна, бацька дваіх малагадовых дзяцей.Згодна з абвінавачваннем, у жніўні ён абражаў і пагражаў гвалтам супрацоўнікам міліцыі ў суполцы аднаго з мэсэнджэраў «Лепель для жыцця». Дзве з трох экспертыз паведамлення Кулакова ў мэсэнджары паказалі, што пагроз і абразаў у іх не было, і толькі трэцяя экспертыза прызнала, што пагроза прысутнічала.
Дзяржабвінаваўца запытваў шэсць гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Ён адзначыў, што дзеянні абвінавачанага падрываюць аўтарытэт улады і перашкаджаюць яе працы. «Я здзяйсняў розныя ўчынкі ў сваім жыцці, але не хацеў абразіць маёра Патоцкага, — сказаў Дзмітры Кулакоў у апошнім слове. — У мяне сям’я: праз гэтыя шэсць гадоў малодшае дзіця нават не ўспомніць мяне».
Суд даў яму 3,5 гады абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу. Кулакоў адбываў пакаранне ў папраўчай установе адкрытага тыпу №17 у Шклове.