40 чалавек застрэленыя падчас нападу на мячэць у Новай Зеландыі
Удзень 15 сакавіка некалькі ўзброеных нападнікаў атакавалі дзве мячэці ў горадзе Крайстчэрч у Новай Зеландыі, піша «Радыё Свабода».
Як перадае The Guardian, забітыя не менш як 40 чалавек і параненыя не менш як 20.
Такія лічбы агучыла прэм’ер-міністарка Новай Зеландыі Джасінда Ардэрн. Яна адзначыла, што такое «можна назваць толькі тэрарыстычным нападам».
Прэм’ерка назвала напад «беспрэцэдэнтным» і «адным з самых змрочных дзён» у гісторыі краіны. Ардэрн дадала, што ахвярамі страляніны сталі ў тым ліку мігранты і ўцекачы — але «яны — гэта мы», падкрэсліла яна, і такім злачынствам «няма месца ў Новай Зеландыі».
Нападнікі ўварваліся ў мячэці, дзе былі дзясяткі чалавек. Перад мячэцямі паліцыянты знайшлі некалькі самаробных бомбаў, іх абясшкодзілі.
Паліцыя затрымала трох мужчын і жанчыну — меркаваных нападнікаў (мяркуецца, што іншых нападнікаў не было), у іх ліку аўстраліец.
Адзін з нападнікаў, 28-гадовы мужчына крайне правых поглядаў, вёў жывую відэатрансляцыю нападу, а перад атакай апублікаваў маніфест на 74 старонкі, у якім выказваў нянавісць да мігрантаў.
Выезды з гораду закрытыя, таксама закрытыя школы і грамадскія будынкі.