Amnesty International: у свеце смяротных прысудаў стала менш

У сёлетняй справаздачы «Death Sentences and Executions 2016» праваабарончая арганізацыя Amnesty International адзначае, што ў 2016 годзе ва ўсіх дзяржавах свету, за выняткам Кітаю, былі выкананы не менш за 1032 смяротныя прысуды.

amnesty_international_banner.jpg

Amnesty International, пачынаючы ад 2009 года, перастала публікаваць звесткі аб смяротных пакараннях і іх выкананні ў Кітаі, які гэту статыстыку лічыць дзяржаўнай таямніцай. Паводле ацэнкі Amnesty International, у Кітаі штогод выконваюцца «тысячы» смяротных прысудаў, то бок значна больш, чым ва ўсім астатнім свеце.

“Радыё Свабода” адзначае: “Калі не лічыць Кітаю, найбольш смяротных прысудаў летась было выканана ў пяці наступных дзяржавах: Іран (567+), Саудаўская Аравія (154+), Ірак (88+), Пакістан (87+), Егіпет (44+). Знак «+» азначае, што падаецца мінімальны лік пацверджаных пакаранняў смерцю.

У параўнанні з 2015 годам колькасць смяротных пакаранняў летась паменшала на 37%.

Amnesty International у сёлетняй справаздачы «Death Sentences and Executions 2016» адзначае, што ўпершыню ад 2006 года ЗША не апынуліся ў першай пяцёрцы краінаў з найбольшай колькасцю выкананых смяротных пакаранняў. У 2016 годзе ў ЗША было выканана 20 смяротных прысудаў.

Amnesty International таксама адзначае, што пасля 17-месячнага перапынку ўзнавіла выкананне смяротных прысудаў Беларусь (не менш за 4 прысуды у 2016 годзе), адначасова дадаючы, што ЗША і Беларусь — адзіныя краіны-ўдзельніцы АБСЭ, якія працягваюць ужываць пакаранне смерцю.

Справаздача Amnesty International паведамляе, што ў 2016 годзе дзве дзяржавы — Бенін і Наўру — скасавалі смяротнае пакаранне цалкам, а Гвінея абмежавала яго выкарыстанне, выключыўшы з яго гэтак званыя звычайныя злачынствы.

spring96.org