Бунт кансерватараў

Заклікамі да сепаратызму, сабатажам і пагрозамі калектыўнага самаспалення кансерватыўная Амерыка адрэагавала на рашэнне Вярхоўнага суда краіны легалізаваць аднаполыя шлюбы. 



tort_gays.jpg

26 чэрвеня ў ЗША праз адпаведнае рашэнне Вярхоўнага суда былі цалкам легалізаваныя аднаполыя шлюбы. Вышэйшая судовая інстанцыя Злучаных Штатаў пастанавіла, што Канстытуцыя гарантуе права для аднаполых параў заключыць шлюб. Сваім рашэннем Вярхоўны суд абавязаў улады ўсіх штатаў рэгістраваць аднаполыя шлюбы, а таксама прызнаваць такія шлюбы, калі яны заключаны ў іншай юрысдыкцыі. Да рашэння Вярхоўнага суда аднаполыя шлюбы ўжо былі легалізаваныя ў 35 штатах з 50. Каментуючы рашэнне Вярхоўнага суда, амерыканскі прэзідэнт Барак Абама заявіў: «Каханне толькі што перамагло».

Аднак за акіянам хапае тых, хто далёка не ў захапленні ад вердыкту Феміды. Гутарка пра амерыканцаў кансерватыўных поглядаў. «Ні адзін суд не можа адмяніць законы прыроды. Прырода і Бог віталі падпісантаў нашай Дэкларацыі незалежнасці як асноўнай крыніцы права, якое не можа быць узурпаванае рашэннем суда, нават Вярхоўнага суда Злучаных Штатаў», — пракаментаваў сітуацыю прэзідэнт фонду «Навукова-даследчы савет сям’і», адной са шматлікіх установаў, якія прапагандуюць кансерватыўныя каштоўнасці. Яшчэ далей пайшло «Сямейнае радыё», якое назвала «26 чэрвеня новым 11 верасня»: «26 чэрвеня 2015 года — дзень, калі вежы-блізняты ісціны і праведнасці былі ўзарваныя маральнымі джыхадзістамі», — пафасна сказаў ды-джэй радыёстанцыі.

У выніку літаральна за тыдзень у ЗША паўстаў шырокі грамадскі фронт супраць новага закону. Гэта буйны, аднак неаднародны рух з рознымі фракцыямі. Напрыклад, тут ёсць адміністрацыі штатаў, дзе марш Мендэльсона для гомасексуалістаў забаронены на афіцыйным узроўні. «Не існуе Тэхасу, які падпарадкуецца рашэнню Вярхоўнага суда насуперак сваім рэлігійным перакананням наконт інстытуту шлюбаў», — заявіў тэхаскі губернатар Грэг Эбат. Пры гэтым каментатары адзначаюць, што рыторыка губернатара Тэхасу балансуе на мяжы сепаратызму. Эбат і яго прыхільнікі лічаць, што ў дадзеным выпадку мае месца парушэнне прававых прынцыпаў федэрацыі, паводле якіх шлюбы — гэта кампетэнцыя штатаў.

Праўда, ваяўнічыя позы губернатараў-гомафобаў выклікаюць у грамадстве хутчэй іранічную ўсмешку. Усе памятаюць, як у 1963 годзе падобным чынам рэагаваў на рашэнне Вярхоўнага суда пра забарону расавай сегрэгацыі ў навучальных установах губернатар Алабамы Джордж Уолес. Губернатар нават спрабаваў сваім целам забарыкадаваць дзверы ўніверсітэта Алабамы, намагаючыся не дапусціць туды студэнтаў з чорнай скурай.

Згадваючы Уолеса, мала хто верыць, што сепаратысцкая фронда на месцах мае перспектыву. У ЗША паважаюць закон, а ён у дадзеным выпадку на іншым баку. Так, губернатар Кентукі, дзе аднаполыя шлюбы таксама забароненыя, адразу падпарадкаваўся рашэнню вышэйшай інстанцыі. «Ніхто, нават Вярхоўны суд не можа прымусіць вас адмовіцца ад вашых перакананняў, аднак як абраны орган суд мае права патрабаваць законапаслухмяных дзеянняў», — сказаў палітык.

Але, як сведчыць гісторыя, імплементацыя таго ж закону супраць сегрэгацыі праходзіла нялёгка. Чарнаскурыя амерыканцы яшчэ доўга заставаліся людзьмі другога гатунку з-за моцных бытавых забабонаў. Сексменшасцям, падаецца, будзе патрэбна прайсці той жа шлях. У якасці рэакцыі на навіны з Вашынгтону ў некаторых штатах стыхійна пачалі фармавацца кааліцыі святароў розных рэлігій, уключаючы, дарэчы, мулаў, якія абяцаюць не абвяшчаць прадстаўнікоў секс-меншасці сужонкамі. Да «змовы» падключыліся фірмы, якія займаюцца рознымі вясельнымі паслугамі.

Далей за ўсё ў гэтым накірунку пайшоў нехта Рык Скарбара, былы евангелісцкі святар, які абяцае спаліць сябе ў выпадку, калі геі сапраўды пачнуць заключаць шлюбы. Калі верыць выданню «The Huffington Post», ініцыятыву Рыка гатовыя падтрымаць яшчэ некалькі тузінаў рэтраградаў.

Натуральна, не прайшлі міма апошніх падзей і кансерватыўныя палітыкі, асаблівы тыя, хто мае інтэнцыі стаць кандыдатам ад рэспубліканцаў на прэзідэнцкіх выбарах 2016 года. Напрыклад, кандыдат Бобі Джындал паабяцаў у выпадку свайго пераезду ў Белы дом не толькі адмяніць права геяў на шлюбы, аднак увогуле ліквідаваць Вышэйшы суд, які, на яго думку, марнуе сродкі падаткаплацельшчыкаў. Джэб Буш і Марка Рубіа — на думку прэсы, самыя перспектыўныя кандыдаты ад рэспубліканцаў на наступных выбарах, — гатовыя ў выпадку абрання ініцыяваць папраўку ў Канстытуцыю, якая перадае штатам права самім вырашаць, каго можна весці да алтара.

Так ці інакш, рашэнне Вярхоўнага суда ад 26 чэрвеня — моцны ўдар па пазіцыях і шансах рэспубліканцаў на наступных прэзідэнцкіх выбарах. Каб выйграць партыйны праймерыз і ўзначаліць рэспубліканскі лагер на выбарах 2016-га, кандыдатам давядзецца абяцаць кансерватыўнаму актыву адмену ненавісных аднаполых шлюбаў. Аднак, як сведчаць апытанні, большасць амерыканцаў не бачыць тут нічога кепскага. Прычым сярод іх — большая частка (60 працэнтаў) моладзі — актыўнай часткі насельніцтва.

Сайт «Fox» адзначае з гэтай нагоды: «Каб перамагчы ў намінацыі кандыдата GOP, адзін з цяперашніх 13 прэтэндэнтаў мае публічна сказаць нешта накшталт: «О, я супраць аднаполых шлюбаў. Аднак на ўзроўні агульных выбараў гэта будзе выглядаць не так крута. Гэта таксама тычыцца і выбараў у Палату прадстаўнікоў. Тэма аднаполых шлюбаў, хутчэй за ўсё, не будзе вырашальнай на выбарах 2016 года. Аднак дакладна, што гэта не тая тэма, якая дапаможа рэспубліканцам перамагчы».