Ці пагражае Украіне «багданапад?»

Рашэнне дэпутатаў Пераяслаў-Хмяльніцкага гарсавета пазбавіцца ад згадкі ў назве населенага пункта імя гетмана Багдана Хмяльніцкага выклікала чуткі пра тое, што на змену «ленінападу» ва Украіну ідзе «багданапад».

Фота www.inosmi.ru

Фота www.inosmi.ru

Усяго ва Украіне налічваецца 112 помнікаў Хмяльніцкаму. Прычына падазраваць, што ім пагражае дэканструкцыя, зразумелая. Хаця Хмяльніцкі і быў заснавальнікам Гетманшчыны — эмбрыёну ўкраінскай дзяржаўнасці, — яго фігура адназначна выклікае асацыяцыю з Пераяслаўскай радай — прысягай казакоў на вернасць рускаму цару Аляксею Міхайлавічу ў 1654 годзе. Гэтага больш чым дастаткова для таго, каб запісаць Багдана Хмяльніцкага ў спіс падазроных гістарычных асобаў.

Нездарма частка ўкраінскіх нацыяналістаў неаднаразова заклікала да рэвізіі постаці гетмана ў падручніках гісторыі. Дастаткова ўзгадаць пасаж з вершу Тараса Шаўчэнкі, дзе аўтар абвінавачвае Хмяльніцкага ў здрадзе Украіне.

Адзін з галоўных аргументаў за тое, каб выкінуць Хмяльніцкага з гістарычнага пантэону, — таксама і яго незразумелае нацыянальнае паходжанне. Шмат хто лічыць, што лідар казакоў быў этнічным палякам, які абсалютна выпадкова, праз жаданне адпомсціць польскай адміністрацыі, стаў лідарам украінскага паўстання.

Так ці інакш, з пачаткам расійска-ўкраінскай вайны ў 2014-м армія крытыкаў Хмяльніцкага павялічылася. Іх рупарам выступіў алігарх Міхаіл Бродскі, які яшчэ ў мінулым годзе прапанаваў знесці помнік правадыру казакоў на Сафійскай плошчы Кіева, замяніўшы яго на мемарыял у гонар загінулых герояў АТА. «Рускія — ворагі? Так. Расійская імперыя 300 гадоў была захопнікам. Дык чаму ў нас стаіць помнік Хмяльніцкаму? Давайце яго знясём і замест яго паставім нарэшце стэлы гэтым хлопчыкам, якія пралілі кроў за нашу незалежнасць», — пісаў Бродскі.

Гэтым летам Багдан Хмяльніцкі канчаткова страціў своеасаблівую сакральнасць. Яго скульптуру ў Чарнігаве разгарнулі на 180 градусаў, каб паставіць помнік спінай да Масквы. Адразу ўзгадалі, што Хмяльніцкі і ў Кіеве на Маскву паказвае, і някепска было б і яго павярнуць таксама. Праўда, адначасова паўстала думка, што паварот помніка спінай да краіны-агрэсара — сігнал капітуляцыі, гатоўнасці да ўцёкаў. Менавіта пазіцыя анфас сімвалізуе гатоўнасць годна сустракаць ворага тварам да твару.

Цяпер трэнд «дэбагданізацыі» працягнулі ў Пераяславе. Праўда, мясцовыя чыноўнікі не бачаць у сваім рашэнні замаху на асобу або спадчыну Багдана Хмяльніцкага. Па іх словах, гетман проста трапіў пад дэкамунізацыю. Менавіта камуністы, пасля таго, як Чырвоная Армія ў 1943 годзе адбіла горад у фашыстаў, прыдумалі яму новую назву. За кошт перайменавання савецкае кіраўніцтва спадзявалася надаць у вачах украінцаў вайне з Гітлерам характар нацыянальна-вызвольнай.

Такая версія, праўда, трошкі кульгае. Сярод украінскіх камуністаў даўно папулярная тэорыя, паводле якой Хмяльніцкі быў здраднікам простага народу. Пераяслаўская рада, маўляў, спатрэбілася яму і яго атачэнню, каб за кошт расійскіх гарнізонаў спыніць казацкую стыхію і стаць звычайнымі феадаламі. Менавіта гэтая версія Пераяслаўскай рады і асобы Хмяльніцкага прадстаўленая ў першай савецкай энцыклапедыі.

Так ці інакш, у версію пра тое, што Хмяльніцкі выпадкова трапіў пад дэкамунізацыю, шмат хто не паверыў. Ва ўкраінскай прэсе хапае інсінуацый наконт непазбежнасці «багданапада». Не спыніла мноства плётак і афіцыйная заява Інстытута нацыянальнай памяці, які каардынуе гістарычную палітыку ў краіне. У інстытуце рэкамендавалі разумець фігуру Хмяльніцкага наступным чынам: «Гетман падпісваў саюзы з Польшчай, Літвой, Турцыяй, Крымскім ханствам. Саюз з Расіяй быў усяго толькі адным з такіх. Пасля смерці Хмяльніцкага Масква выкарыстоўвала яго для захопу Украіны».

Негалосна лічыцца, што лёс гетмана залежыць ад вынікаў дэбатаў наконт назвы горада Хмяльніцкі, што на Падоллі. Горад таксама стаў Хмяльніцкім у выніку штучнага рашэння, каб надаць большы маштаб 300-й гадавіне Пераяслаўскай рады, якую святкавалі ў 1954 годзе. Акрамя таго, сам Хмяльніцкі ў горадзе свайго імя ніколі не быў зусім.

Мясцовыя нацыяналісты ўжо двойчы без поспехаў падавалі ў гарсавет петыцыі з просьбай вярнуць гораду гістарычную назву — Праскураў. Тое, што бацькі гораду ігнаравалі падобныя заклікі, тлумачыцца і некаторымі эпізодамі гісторыі. Вяртанне гораду назвы Праскураў адразу зробіць візіткай гораду «праскураўскі пагром». Габрэйскі пагром у Праскураве, які ажыццявілі пятлюраўцы ў лютым 1919 года, не без падстаў лічыцца самым крывавым пагромам у гады Грамадзянскай вайны. Тады, калі верыць афіцыйным крыніцам, былі забітыя 1600 чалавек.

Сваю думкай наконт вынікаў цяперашняй дыскусіі з НЧ падзяліўся ўкраінскі журналіст і палітолаг Юры Палянін:

— Рашэнне аб перайменаванні Пераяслаў-Хмяльніцкага было прынята напярэдадні савета прадстаўнікоў рэгіёнаў з удзелам прэм’ера і прэзідэнта. Верагодна, жаданнем станоўча засвяціцца ў вачах кіраўніцтва і тлумачыцца ўся ініцыятыва з новай назвай. Што тычыцца чутак пра «багданапад», гэта хутчэй прадукт дзейнасці расійскіх медыя, якія да гэтага часу маюць сваю аўдыторыю ва Украіне. Хоць тэму пагрозы «багданапада» мусіруе частка мясцовай праваслаўнай інтэлігенцыі, у гэта верыцца слаба. Хмяльніцкі — частка казацкага міфа, які кансалідуе ўкраінскае грамадства, і сумнеўна, што нейкі палітык захоча яго аспрэчыць. Тым больш з рызыкай, што той міф будуць намагацца перахапіць у Маскве. Нагадаю, што ўлетку сепаратысты нейкі час паспрабавалі зрабіць праект «Маларосія» — альтэрнатыву цяперашняй Украіне. Маларасійскай дзяржаўнай атрыбутыкай меў стаць асабісты штандар Хмяльніцкага.