Эфект Шарамета. «Мёртвая» справа для ажыўлення рэйтынгу
Асабісты ўдзел Зяленскага ў брыфінгу па справе Шарамета, яго прысутнасць
пры агучванні не надта пераканаўчых доказаў, далі яшчэ адну нагоду яго
крытыкам сцвярджаць, што пераслед патрыётаў і рэпрэсіі супраць іх
ажыццяўляюцца пад асабістым кантролем і па ўказанні менавіта прэзідэнта.
Гэта прагучала як сенсацыя: у Кіеве знойдзеныя і затрыманыя забойцы вядомага журналіста беларускага паходжання Паўла Шарамета. Урачысты брыфінг з нагоды раскрыцця гучнага злачынства, арганізаваны адразу ж пасля затрымання падазраваных, у якім акрамя прадстаўнікоў Нацпаліцыі прынялі ўдзел генпракурор Руслан Рабашапка і асабіста прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі, замест таго каб унесці яснасць, спарадзіў толькі новыя пытанні. Занадта зручныя фігуры для такога абвінавачвання, дый з заказчыкам няма яснасці, — як і з матывамі.
Што вядома пра забойства Паўла Шарамета?
Шарамет загінуў у ліпені 2016 года ў Кіеве ў выніку выбуху аўтамабіля. Першапачаткова следства разглядала 4 версіі здзяйснення злачынства. Першая — памылковае забойства (бо машына, у якой у дзень забойства ехаў Шарамет належала Алене Прытуле — шэф-рэдактарцы «Украінскай Праўды». Другая — забойства на глебе побытавых канфліктаў. Трэцяя — забойства з-за прафесійнай дзейнасці Шарамета. Чацвёртая — забойства з мэтай дэстабілізацыі сітуацыі ў краіне шляхам знішчэння вядомай асобы.
Следчыя разгледзелі больш за 800 канфіскаваных дакументаў, у прыватнасці, дадзеныя мабільных аператараў. Дапыталі больш за тры тысячы чалавек, правялі 47 экспертызаў, адпрацавалі 577 дамоў і каля 4300 кватэр. Праверылі 80 мільёнаў тэлефонных злучэнняў і 44 тысячы абанентаў. Даследавалі відэазапісы з 21 камеры назірання.
У выніку следства адпрэчыла ўсе версіі здзяйснення злачынства, акрамя апошняй — «забойства з мэтай дэстабілізацыі сітуацыі ў краіне шляхам забойства вядомай асобы». Версія побытавога канфлікту сапраўды выглядае абсурдна. Версія «памылковае забойства» пераканаўча адпала яшчэ ў ліпені 2016, калі, па выніках папярэдніх экспертызаў, стала зразумелым, што мэтай злачынцаў быў менавіта Шарамет. У працэсе даследаванняў цела і падарванага аўтамабіля было ўстаноўлена, што выбух быў падрыхтаваны мэтанакіравана для забойства кіроўцы, а пасажыры машыны, пры іх наяўнасці, засталіся б жывымі.
Вялікае пытанне, ці сапраўды следству канчаткова было патрэбна выключаць версію забойства ў сувязі з прафесійнай дзейнасцю? У гэтым выпадку ў злачынстве хаця б можна было выразна прасачыць матыў. Таму што менавіта матыў — самае слабае месца ў версіі следчых «забойства з мэтай дэстабілізацыі сітуацыі ў краіне шляхам забойства вядомай асобы».
Цалкам незразумела, якім чынам смерць Шарамета павінна была справакаваць дэстабілізацыю. Украінскія калегі-журналісты лаканічна і даволі бязлітасна заўважаюць, што Шарамет — далёка не самы вядомы ва Украіне журналіст. Больш за тое, на іх думку, дэстабілізацыя ў 2016 годзе наўрад ці спатрэбілася нават самім падазраваным.
Выклікае цалкам абгрунтаваныя падазрэнні ў канчатковым «раскрыцці справы» і факт наяўнасці некалькіх цалкам праўдападобных версіяў забойства Паўла, ні адна з якіх не разглядаліся следствам нават у выглядзе гіпотэзы.
Напрыклад, забойства адбылося з-за таго, што Шарамет не вярнуў аднаму з украінскіх алігархаў грашовыя сродкі, узятыя ў таго на развіццё ўласнага медыйнага праекта.
Ці тое, што забойства — справа рук беларускіх спецслужбаў.
Можа быць, забойства Шарамета магло быць спосабам паўплываць ці націснуць на трэцюю асобу, прадэманстраваць сілу для аднаго з бакоў канфлікту (версія юрыста-крымінолага Ганны Маляр, 2018)?
Следства ні ў якім выглядзе не разглядала і не аналізавала яшчэ адно цікавае супадзенне. У верасні 2000 года журналіст грузінскага паходжання, заснавальнік і першы галоўны рэдактар інтэрнэт-выдання «Украінская праўда» Георгій Гангадзэ таксама выйшаў ад сузаснавальніцы «Украінскай праўды», калегі Алены Прытулы, а праз два месяцы ў лесе быў выяўлены яго абезгалоўлены труп. Праз 16 гадоў ад Прытулы раніцай выйшаў Шарамет і быў узарваны ў яе аўтамабілі. Прытым сама Алена не пацярпела ў абодвух выпадках.
Цмяныя доказы нечай віны
Па інфармацыі следства, агучанай на брыфінгу, у забойстве Шарамета пакуль падазраюцца шэсць чалавек: Яна Дугар — баявы медык 25 паветрана-дэсантнай брыгады;Юлія Кузьменка — валанцёр і ваенны медык;Андрэй Антоненка — ветэран вайны на Данбасе, музыкант;Уладзіслаў Грышчанка — ветэран вайны на Данбасе з пазыўным «Буча»;Іна Грышчанка — яго жонка, ваенная з пазыўным «Пума»;Пётр Кіян — ветэран АТО.
Следства лічыць, што Антоненка і Кузьменка асабіста заклалі выбухоўку ў аўтамабіль журналіста. Затрыманая Яна Дугар нібыта была «разведчыцай» і фіксавала на фота аўтамабіль каля дома Шарамета і размяшчэнне камер назірання. Муж і жонка Грышчанкі ўжо даўно знаходзяцца ў СІЗА па абвінавачванні ў зусім іншым злачынстве. Ім інкрымінуюць спробу замаху на бізнесмэна ў мястэчку Косава Івана-Франкоўскай вобласці. Уладзіслаў нібыта мог зрабіць выбухную прыладу для забойства Шарамета, аб непасрэднай ролі яго жонкі і Кіяна ў гэтай справе выразна пакуль ніхто нічога не сказаў.
Доказы па гэтай справе паліцэйскія прадстаўлялі больш за гадзіну, аднак вялікая частка паказаных доказаў мае непасрэдна да забойства журналіста вельмі мала дачынення. Следчыя адсочвалі сувязі паміж пяццю падазраванымі, злучаючы іх наяўнасцю агульных знаёмых з таго ж ветэранска-валанцёрскага асяроддзя, а таксама адзначалі нібыта падабенства канструкцый выбуховых прылад, якімі ўзарвалі электраапору на адміністрацыйнай мяжы з Крымам, каб спыніць падачу электрычнасці на акупаваны паўвостраў, планавалі падарваць бізнесмэна на Прыкарпацці і ўзарвалі Шарамета.
І калі прэтэнзіі праваахоўнікаў да супругаў Грышчанкаў у справе аб замаху не выглядаюць зусім ужо беспадстаўнымі — ва Уладзіслава ў мінулым былі судзімасці, і ў яго дзеяннях можна ўбачыць нейкі крымінальны матыў асабістага ўзбагачэння, то довады далучэння да справы астатніх падазраваных не выглядаюць надта пераканаўча.
Галоўнымі прадэманстраванымі доказамі супраць Кузьменка, Антоненка і Дугар з’яўляюцца запісы з камер назірання на вуліцах каля дома Шарамета, якія зафіксавалі мужчыну і жанчыну, што падклалі выбухоўку пад машыну журналіста ў ноч перад яго смерцю, а таксама дзяўчыну, якая за некалькі дзён да забойства блукала каля дома, фатаграфуючы камеры і прыпаркаваныя аўтамабілі. Следства паведаміла, што замовіла ў Вялікабрытаніі экспертызу гэтых відэазапісаў, і гэтая экспертыза, нібыта, прыйшла да высновы, што камеры зафіксавалі: людзі на запісах, якія падкладаюць верагодна выбухоўку, — гэта менавіта Кузьменка і Антоненка, а «разведчыца» — Дугар.
Яшчэ адным доказам называюць тое, што пад час забойства мабільныя тэлефоны гэтых людзей, хоць і не былі запеленгаваныя на месцы забойства, але «не праяўлялі ніякай актыўнасці, што вельмі нехарактэрна для падазроных».
Ці з’яўляюцца здагадкі следчых слушнымі, на гэтае пытанне павінна адказаць далейшае следства і суд. Зараз жа самае важнае і прынцыповае пытанне — ці змаглі паліцэйскія пераканаць грамадскасць, што справа і сапраўды раскрытая, а падазрэнні ветэранам абгрунтаваныя? І адказ на гэтае пытанне адназначны — не. Наўпроставых доказаў віны Кузьменка, Антоненка і астатніх следства не прадаставіла.
У якасці доказаў следства таксама прыводзіць фрагменты запісаў тэлефонных размоў, але трактаваць гэтыя размовы можна вельмі па-рознаму. Пра забойства Шарамета, падрыхтоўцы гэтага злачынства або замятанне слядоў там ніхто нічога не кажа. Здаецца, следства такой дэманстрацыяй паспрабавала ахарактырызаваць сваіх падследных, якія нібыта абмяркоўвалі неабходнасць дэстабілізацыі сітуацыі ў краіне і неабходнасць для Украіны нейкай сакральнай ахвяры, у якасці якой, нібыта, нават называлі фігурантку іншага крымінальнага пераследу — валанцёра Марусю Зверабой.
Зручныя фігуры для стабілізацыі «дэстабілізацыі»
Асабісты ўдзел Зяленскага ў брыфінгу па справе Шарамета, яго прысутнасць пры агучванні не надта пераканаўчых доказаў, далі яшчэ адну нагоду яго крытыкам сцвярджаць, што пераслед патрыётаў і рэпрэсіі супраць іх ажыццяўляюцца пад асабістым кантролем і па ўказанні менавіта прэзідэнта.
Калі прааналізаваць сітуацыю, то зразумела: Зяленскаму, сапраўды, да смерці надакучылі ветэраны і датычныя да іх людзі. Са свайго пункту гледжання, ён нават цалкам шчыра можа лічыць, што яго пераследуюць. Ветэраны і валанцёры праводзяць свой, альтэрнатыўны, ваенны парад у жніўні, з зайздроснай перыядычнасцю мітынгуюць на Банкавай пад офісам прэзідэнта, пагражаюць асабіста Зяленскаму праз сацыяльныя сеткі, патрабуюць і атрымліваюць бясплатнае жыллё за дзяржаўныя кошты (а гэта яшчэ і дадаткова абцяжарвае далёка не гумовы бюджэт краіны).
Згодна з вынікамі сацыялагічнага апытання групы «Рэйтынг», якое адбылося ў кастрычніку гэтага года, ветэраны і валанцёры карыстаюцца найбольшым узроўнем даверу сярод украінцаў, і апярэджваюць па гэтым паказчыку прэзідэнта, пракуратуру і нацыянальную паліцыю. У прыватнасці, валанцёрам давярае 69% насельніцтва, ветэранам — 67%, прэзідэнту — 66%, нацыянальнай паліцыі — 32%, а пракуратуры — толькі 15%.
Вострае жаданне маргіналізаваць гэтую сацыяльную групу, пазбавіць яе рэйтынгу і падтрымкі ўкраінскага насельніцтва магло падштурхнуць Зяленскага на падобнае гучнае «раскрыццё злачынства» супраць Шарамета.
Зяленскі ўжо рабіў спробу «прыструніць» тых, хто, на яго погляд, зарваўся. У прыватнасці, гаворка ідзе пра сітуацыю з вядомай ва Украіне валанцёркай Марынай Зверабой. Пасля сваркі прэзідэнта з байцом у горадзе Залатым на Данбасе народны дэпутат «Еўрасалідарнасці» ў Радзе Сафія Федына і валанцёр Марына Зверабой у сваім стрыме ў сацыяльных сетках у рэзкай форме выказалі Зяленскаму папярэджанне аб недапушчальнасці хамства вайскоўцам. У канцы лістапада да Зверабой раптоўна прышлі з ператрусам следчыя Дзяржаўнага бюро расследаванняў (ДБР). Была распачатая крымінальная справа за «выказванне пагрозы забойствам» прэзідэнту. Сам факт ператрусу ў Зверабой яе шматлікія прыхільнікі палічылі палітычным пераследам. Валанцёр дала прэс-канферэнцыю проста на прыступках ДБР, куды 2 снежня яе выклікалі для дачы паказанняў па справе. Сваім прыхільнікам (сабралася каля 600 чалавек) Зверабой распавяла, што ўлада спрабуе з дапамогай яе прыкладу запалохаць атошнікаў і валанцёраў, але «ніхто, ніводны не павінен баяцца, бо падтрымка будзе аказана любому чалавеку, якога паспрабуе тым ці іншым чынам пераследаваць улада».
Таксама валанцёрка паўтарыла сваё папярэджанне Зяленскаму: «Паўтараю яшчэ раз: калі ты будзеш хаміць нашым вайскоўцам, то з табой здарыцца ўсё, што там мы па спісе табе тлумачылі з Федынай. Калі яшчэ не даходзіць. І калі ты думаеш, што з табой тое не здарыцца, таму што ты мне замовіў ператрус дома ў маёй бабулі, ты памыляешся — адбудзецца ўсё так, як мы сказалі».
Зараз для Зяленскага, відавочна, настаў час спробы №2, адназначна больш сур’ёзнай і добра падрыхтаванай, ужо з іншымі дзеючымі персанажамі.
На карысць гэтай версіі сведчыць і тое, хто быў абраны ў якасці падазроных. Сярод іх — выключна валанцёры і былыя добраахвотнікі вайны на Данбасе. Кожны з гэтых людзей — глыбока паважаны чалавек у асяроддзі ваенных, добраахвотнікаў і валанцёраў. Прытым трэба звяртаць увагу не толькі на іх прафесійную дзейнасць, але і на тую сэнсавую нагрузку, якую яны нясуць у якасці новых герояў сваёй радзімы. Прызнанне іх злачынцамі — спроба дэсакралізаваць іх вобраз, пазбавіць павагі, прымусіць вялікую масу атошнікаў і валанцёраў расчаравацца ў сваіх ідэалах.
Возьмем, напрыклад, Яну Дугар. Нягледзячы на досыць юны ўзрост, пералік яе дасягненняў ўражвае. Кавалер ордэна «За мужнасць» III ступені, адзначана нагрудным знакам «За ўзорную службу», медалём «За абарону Аўдзееўкі», знакам «За выратаваныя жыцці», медалём «За захаваныя жыцці», нагрудным знакам «Знак пашаны» ад Міністра абароны.
Таксама паглядзім на затрыманага Андрэя Антоненка, кіеўскага рок-музыканта, вядомага пад імем Riffmaster. У свой час хлопец прыпыніў музычную кар’еру і стаў сяржантам Сіл спецыяльных аперацый. Яго песню «Ціха прийшов, ціха пішов» лічаць адным з гімнаў атошнікаў. «Байцы Сіл спецыяльных аперацый ВСУ добра ведаюць Андрэя. А песню, якую ён прысвяціў байцам, ведаюць на памяць. Яна стала неафіцыйным гімнам», — казаў пра яго былы прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка.
«Мёртвая» крымінальная справа Шарамета, якую практычна немагчыма раскрыць, з удзелам валанцёраў і былых добраахвотнікаў — тое, што доктар прапісаў для ажыўлення рэйтынгу ўлады. Гэта, з аднаго боку, дыскрэдытацыя значнай сацыяльнай, непадкантрольнай прэзідэнту, групы са спробай выкарыстоўваць закон як інструмент рэпрэсій, з другога, — абяцаныя яшчэ падчас выбарчай прэзідэнцкай кампаніі «пасадкі», з трэцяй — «раскрыццё таго, што не раскрыў папярэднік». Пры гэтым рыторыка ўлады ўсё больш відавочна ссоўваецца ад асуджэння Расіі як агрэсара, да асуджэння ўкраінскіх нацыяналістаў, якія ўсё больш выглядаюць як радыкалы, гатовыя пайсці на злачынствы дзеля сваіх ідэй.