Алег Волчак: У справе Шарамета яшчэ вельмі шмат пытанняў
Кіраўнік цэнтра «Прававая дапамога насельніцтву» і былы следчы пракуратуры Алег Волчак ацаніў дзеянні ўкраінскіх уладаў па раскрыцці справы аб забойстве беларускага журналіста Паўла Шарамета.
Як вядома, украінская паліцыя затрымала падазраваных у датычнасці да забойства ў Кіеве 20 ліпеня 2016 года беларускага журналіста Паўла Шарамета (у яго машыны падклалі выбухоўку). У прыватнасці, праваахоўнікі затрымалі ўдзельніка баявых дзеянняў на Данбасе, вайскоўца і музыканта Андрэя Антоненку і доктарку-валанцёрку Юлію Кузьменка.
Алег Волчак распавёў Радыё Рацыя:
— Украінскія журналісты, з якім даводзілася абмяркоўваць гэтую справу, казалі, што яна была раней досыць засакрэчаная. Прадстаўнікі СМІ рабілі фільмы пра Шарамета, праводзілі ўласныя расследаванні, але справа заставалася на адным і тым жа месцы. Хаця былі і запісы відэакамер, і агентура павінна ў аператыўнікаў быць.
— Справу маглі раней адмыслова тармазіць?
— Мне складана меркаваць пра гэта з Мінска, але відавочна, што пасля прыходу Зяленскага на пасаду прэзідэнта, у сілавых структурах адбыліся шматлікія змены. Мяркуемыя выканаўцы забойства Паўла Шарамета затрыманы, але галоўныя пытанні застаюцца. Хто заказчык? Навошта было забіваць журналіста? Пабачым, наколькі прафесійна спрацуюць украінскія праваахоўнікі.
— На ваш погляд, “справа Шарамета” будзе раскрытая?
— Важна не проста раскрыць, а аб’ектыўна раскрыць. Адна справа, калі прызначаць вінаватых, і іншая — калі знойдуць рэальных забойцаў. Увогуле, калі такія справы не раскрываюцца па гарачых слядах, то знайсці злачынцаў праз некалькі гадоў вельмі і вельмі складана. Але, як мне падаецца, справу Шарамета ўсё-такі раскрыюць.
Кастусь Заблоцкі,
Беларускае Радыё Рацыя