Маці Паўла Шарамета пра арышты ў Кіеве: «Баюся, каб не пацярпелі невінаватыя»
Людміла Станіславаўна, маці журналіста Паўла Шарамета, падзялілася са «Свабодай» думкамі пра затрыманні ў Кіеве падазраваных у забойстве яе сына.
Павал Шарамет загінуў 20 ліпеня
2016-га ва ўзросце 44 гады, падарваўшыся ў аўтамабілі ў цэнтры Кіева, дзе ён
жыў апошнія пяць гадоў. Павал ад сярэдзіны 1990-х працаваў на тэлевізіі, у
друкаваных выданнях і на інтэрнэт-рэсурсах Беларусі, Расіі і Украіны. 12 снежня
Нацыянальная паліцыя Украіны абвясціла фігурантаў справы аб ягоным забойстве.
«Хацелася б праўды, але наколькі да яе наблізіліся?»
— Людміла Станіславаўна, ці звязваліся з вамі напярэдадні брыфінгу ўкраінскія следчыя, прадстаўнікі сілавых структур? Магчыма, спраўджвалі нейкую інфармацыю...
— Не-не. Пра брыфінг я даведалася абсалютна выпадкова. А наогул дагэтуль гады два не было ніякіх кантактаў — ні на мяне не выходзілі, ні я нікога не турбавала.
— Хоць і цяжка гаварыць, але ці вы самі верыце, што затрыманыя — гэта якраз тыя людзі, якія маюць дачыненне да злачынства?
— Я нічога не ведаю. Думаю, гэта можа пацвердзіць ці абвергнуць толькі суд. Адзінае, чаго я вельмі баюся, каб не пацярпелі невінаватыя людзі. Паўла няма, яго не вернеш... Вядома, хацелася б праўды. Але наколькі да яе наблізіліся, вельмі складана меркаваць.
— І ва Украіне, і ў Беларусі ўжо чуюцца скептычныя галасы.
— У тым і справа. Ведаеце, незадоўга да гэтага выйшаў фільм-расследаванне «Забойства Паўла» і, як мне здаецца, пасля яго прагляду ёсць над чым задумацца.
Хоць у гэтай сітуацыі імпануе, што ў прэзідэнта Зяленскага ёсць воля гэтым займацца. Ужо другі брыфінг з яго ўдзелам, людзі гатовыя да адкрытага дыялогу. З другога боку, расследаванне не даведзенае да лагічнага завяршэння, у лепшым выпадку спыніліся дзесьці пасярэдзіне.
Тады навошта ў такім «сырым» выглядзе рабіць агалоску? Толькі каб паказаць сам працэс? Вядома, я далёкая ад усяго, але ёсць пытанні.
«Ад таго, што я даведаюся, лягчэй не стане»
— Вы згодныя, што пры новай адміністрацыі ва Украіне зрухі ў справе Паўла больш істотныя, чым дагэтуль?
— Безумоўна, я за гэта Уладзіміру Зяленскаму ўдзячная: відаць, што справу не паклалі пад сукно, ёй займаюцца. Такім чынам і ўкраінскаму народу з яго боку падаецца сігнал: я сур’ёзны чалавек, буду выконваць свае абяцанні. І гэта варта павагі, малайчына. А вось наконт усяго астатняга не ведаю, у мяне няма адназначнай думкі.
— З папярэднім прэзідэнтам Пятром Парашэнкам вы сустракаліся, але гэтым разам ніякай ініцыятывы няма?
— Пакуль не, ад імя Зяленскага ніхто не турбаваў. А з Парашэнкам так, сапраўды сустракаліся, двойчы. Я была з унучкай, дачкой Паўла, сабраліся кіраўнікі ўсіх сілавых структураў. Казалі, што расследаванне не спыняецца, вельмі шмат зроблена. Пастаянна гучала фраза, што гэта справа іхнага гонару — знайсці замоўцаў і выканаўцаў жахлівага забойства.
Другі раз запрасілі, калі ад імя Цэнтру абароны журналістаў у Кіеў прыязджалі эксперты з Нью-Ёрку, якія асобна займаліся справай Паўла. Таксама была сустрэча з Парашэнкам і сілавікамі. Фактычна паўтарылі тое ж самае: выпадак складаны, расследаванне працягваецца. А ўжо пры Зяленскім гэта атрымала такія вось маштабныя памеры. Ва ўсялякім выпадку здаецца вонкава.
— Можа, варта ініцыяваць сустрэчу са свайго боку — ясна, што вам не адмовяць?
— Ведаеце, не хачу. Вельмі цяжка зноў і зноў усё пракручваць, вяртацца ў мінулае... Зразумела, я не адмоўлюся, калі захочуць са мной пагутарыць, нешта расказаць. Але сама ініцыяваць не буду... Ад таго, што я даведаюся, мне лягчэй не стане. Сына майго няма — вось гэта самае складанае. Усё астатняе не мае значэння, мне кожны раз усё цяжэй і цяжэй наноў асэнсоўваць.
«Сіла не ў гвалце, сіла ў праўдзе»
— Адносным суцяшэннем хіба тое, што Паўла дагэтуль памятаюць, любяць, паважаюць.
— І гэта якраз тое, што мяне падтрымлівае: памяць пра яго жывая, Пашка быў добры хлопец, годны чалавек. Я нядаўна была ў Брусэлі на цырымоніі ўганаравання прэміяй ягонага імя — грамадзянская супольнасць збірала асамблею, і мяне запрасілі яе ўручыць. Было шмат журналістаў, грамадскіх актывістаў з розных краінаў. Усе надзвычай цёпла згадвалі пра Паўла, было вельмі прыемна.
І не толькі на такіх форумах. Неяк ехала ў цягніку, маёй суседкай была жанчына з Харкава. Разгаварыліся, я сказала, хто мой сын. І яна са слязьмі гаварыла, што памятае, ведае, бо быў таленавіты журналіст і прыстойны чалавек. Якой маці не было б прыемна пачуць такое пра сваё дзіця?
— Няўжо Павал быў камусьці непажаданы аж да такой ступені? У вас ёсць нейкія тлумачэнні?
— А пра Вераніку Чаркасаву праз столькі гадоў хоць нешта стала вядома? Пра Дзіму Завадскага? Ну вось і адказ: значыць, камусьці іхная пазіцыя замінала, тыя людзі гатовыя на ўсё... Але ўсё роўна, як пастаянна паўтараў Паша, жыў з гэтай ідэяй: сіла не ў гвалце, сіла ў праўдзе. Спадзяюся, калі-небудзь гэта зразумеюць і іншыя.
12 снежня на пленарным пасяджэнні Кіеўскай гарадской рады было вырашана назваць сквер у цэнтры гораду ў гонар Паўла Шарамета. Імя журналіста будзе насіць зялёная зона на скрыжаванні вуліц Рэйтарская і Стралецкая. Адпаведны зямельны ўчастак у Шаўчэнкаўскім раёне быў выбраны паводле папярэдняй дамоўленасці з ягонымі сваякамі.