Затрымалі падазраваных у забойстве Шарамета

Пра затрыманне падазраваных у забойстве журналіста Паўла Шарамета​ паведаміў на сваёй старонцы ў Facebook міністр унутраных спраў Украіны Арсэн Авакаў. Ён анансаваў брыфінг па гэтай справе, на якім будзе агучана абвінавачанне, паведамляе Радыё Свабода.

3fcfbbd2_8984_4395_b87e_9cc9b3d76ead_w1023_r1_s.jpg

Раней паведамлялася, што паліцыя Украіны затрымала сямейную пару добраахвотнікаў з батальёну «Правы сектар», якія могуць фігураваць у справе. Пакуль невядома, ці ідзе гаворка пра тых самых людзей
Як паведамляла ўкраінскае інтэрнэт-выданне «Українська правда», у якім да сваёй гібелі працаваў Павал Шарамет і якое шчыльна займаецца ходам расследавання справы аб ягоным забойстве, Уладзімір Грышчанка (пазыўны «Буча») затрыманы 24 верасня, а ягоная жонка Іна (пазыўны «Пума») – 5 лістапада.
Суд арыштаваў іх абаіх на час расследавання іншай справы, пачатай у ліпені 2018 году – добраахвотнікі падазраюцца ў замаху на забойства і неасцярожных паводзінах са зброяй.
Амбасада ЗША ва Украіне заклікала да «справядлівасці адносна сям’і Паўла Шарамета»«Паводле версіі следcтва, Грышчанкам і іхнаму знаёмаму, таксама ветэрану антытэрарыстычнай аперацыі, Івану Вакуленку, заказалі забойства жыхара Івана-Франкоўскай вобласці. Яны нібыта зрабілі выбуховае прыстасаванне і прымацавалі яго да машыны ахвяры ў горадзе Косава 13 ліпеня 2018 года. Аднак выбуху не адбылося, бо пацярпелы мужчына сам заўважыў выбуховае прыстасаванне», – паведамляе «Українська правда».
Паводле інфармацыі выдання, пацярпелым павінен быў стаць 61-гадовы Міхаіл Чакурак, якога цяпер таксама судзяць за напады, рабаванне і падрыў будынку.
Справу Грышчанкаў расследавала пракуратура Івана-Франкоўску, але цяпер усе матэрыялы перададзеныя ў Кіеў, у галоўнае ўпраўленне паліцыі.
Як пісала сама Іна Грышчанка пасля арышту свайго мужа, справа перададзеная ў Кіеў з фармулёўкай «у сувязі з датычнасцю да іншых злачынстваў». Паводле яе, на Уладзіслава «вешаюць» ня толькі замах на забойства ў Івана-Франкоўскай вобласці, а і журналіста Паўла Шарамета.
«Ці могуць яны звязаць гэта з Паўлам Шараметам? Я ня вельмі ўпэўнены, бо гэтага эпізоду сапраўды няма. Магчыма, яны атрымалі нейкія відавочныя доказы датычнасці да іншых злачынстваў. Да чаго менавіта – у матэрыялах, якія я маю, такога няма», – сказаў адвакат Масі Наем, які абараняў Іну Грышчанку ў судзе ў часе абрання для яе меры стрымання.
У той жа час «Українська правда» піша, што знешні выгляд Уладзіслава і Іны Грышчанак сапраўды падобны на падазраваных, прыкметы якіх абвясціла афіцыйна следства. Апроч таго, справу сямейнай пары пра замах на забойства ў Івана-Франкоўскай вобласці вядзе той жа следчы, што і справу аб забойстве Паўла Шарамета.
У Нацыянальнай паліцыі гэтую сітуацыю не каментавалі.
44-гадовы ўраджэнец Менску журналіст Павал Шарамет, які працаваў у СМІ Беларусі, Расеі і Украіны, загінуў 20 ліпеня 2016 году, падарваўшыся ў аўтамабілі ў цэнтры Кіева, дзе ён жыў і працаваў апошнія пяць гадоў.
Выбух адбыўся ў 7.45 на скрыжаванні вуліц Багдана Хмяльніцкага і Івана Франка ў Кіеве. Магутнасць выбухоўкі, паводле ацэнкі праваахоўнікаў, склала 400–600 грамаў у тратылавым эквіваленце. Пасля высветлілася, што гэта была мадыфікаваная мадэль супрацьпяхотнай міны Мон-50.
Нацыянальная паліцыя Украіны распачала крымінальную справу паводле артыкулу «Наўмыснае забойства». Да расследавання падключыліся супрацоўнікі ФБР, аб дапамозе якіх папрасілі ўкраінскія ўлады. У якасці асноўнай версіі забойства разглядалася помста за прафесійную дзейнасць. Следcтва таксама не выключала, што Шарамета маглі забіць у мэтах дэстабілізацыі сітуацыі ва Украіне, з асабістых матываў або памылкова (цэллю магла быць грамадзянская жонка загінулага, уладальніца выдання «Українська правда»​ Алена Прытула, – менавіта на яе аўтамабілі ехаў Шарамет у момант трагедыі).
Месяц таму прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што вызначыў тэрміны завяршэння расследавання справы аб забойстве Шарамета, але адмовіўся назваць прычыны яе засакрэчвання.