Суд у Кіеве арыштаваў падазраванага ў забойстве Паўла Шарамета

Пячэрскі раённы суд Кіева арыштаваў на два месяцы ўкраінскага вайскоўца і музыканта Андрэя Антоненка, якога падазраюць у забойстве журналіста Паўла Шарамета.

sharamet_pavel.jpg


"Хадайніцтва задаволіць. Ужыць ў дачыненні да падазраванага Антоненка Андрэя Сяргеевіча меру стрымання ў выглядзе ўтрымання пад вартай тэрмінам да 8 лютага 2020 года", — заявіў суддзя Сяргей Воўк падчас судовага пасяджэння.
Раней Пячэрскі суд выбраў аналагічную меру стрымання валанцёру і дзіцячаму доктару Юліі Кузьменка, якая таксама з'яўляецца падазронай па справе аб забойстве Шарамета.
Шарамет загінуў 20 ліпеня 2016 года ў выніку выбуху аўтамабіля ў цэнтры Кіева. Першапачаткова следства называла прыярытэтнай версіяй забойства журналісцкую дзейнасць Шарамета, аднак у выніку асноўнай версіяй стала дэстабілізацыя сітуацыі ў краіне.