Экспансія «рускага свету». Як РПЦ помсціць за ўкраінскую аўтакефалію — і прычым тут Афрыка

Ужо некалькі гадоў РПЦ ажыццяўляе маштабны праект па экспансіі на афрыканскім кантыненце, укладваючы ў гэта вялізныя сумы грошай. Навошта гэта «духоўным айцам» Пуціна?

Патрыярх РПЦ Кірыл. Ілюстрацыйнае фота: kerpc.ru

Патрыярх РПЦ Кірыл. Ілюстрацыйнае фота: kerpc.ru

Незадоўга да поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну — у снежні 2021 года — быў створаны Патрыяршы экзархат Афрыкі, галоўны кіруючы орган Рускай праваслаўнай царквы на кантыненце. Ён дзеліцца на дзве епархіі: Паўночна-Афрыканскую і Паўднёва-Афрыканскую. Усяго гаворка ідзе пра некалькі соцень цэркваў з тысячамі вернікаў. Адной з ключавых задач РПЦ стала перавабліванне не толькі праваслаўнай паствы, але і святароў. Мясцовая царква для Масквы — не проста канкурэнт, а яшчэ і палітычны праціўнік.

«Гэта, безумоўна, вельмі амбіцыйны царкоўна-палітычны некарэктны, скандальны праект патрыярха Кірыла. Ён заяўлены як экзархат, які будзе размешчаны на тэрыторыі 50 з лішнім краін — гэта значыць усяго афрыканскага кантынента. І на сённяшні дзень гэта каля 20-25 краін, дзе прыходы ўжо адкрыты... Але мы не бачым ніякай статыстыкі ні па колькасці прыходаў, ні па колькасці святароў. Мы ведаем, што ў некалькіх семінарыях — у прыватнасці ў Пецярбургскай, — навучаюцца студэнты з Афрыкі прыкладна з дзесяці краін.


Глядзіце таксама

Мы не ведаем, як фінансуецца гэты экзархат. Безумоўна, ён патрабуе вельмі сур'ёзных выдаткаў, таму што святарам трэба плаціць заробак, трэба ўтрымліваць адміністрацыйны апарат, трэба аплачваць паездкі. Сёння гаварыць у дэталях пра гэты экзархат складана. Але можна гаварыць пра тэндэнцыі. І тэндэнцыя такая, што гэты экзархат з'яўляецца адной з асноўных прычын сур'ёзнага расколу ўнутры сусветнага праваслаўя. Расколу, які свядома і цалкам паслядоўна ствараўся і цяпер паглыбляецца патрыярхам Кірылам і той афіцыйнай царквой, якая цалкам падтрымлівае і выконвае яго рашэнні», — расказаў у эфіры «Настоящего времени» рэлігіязнаўца Сяргей Чапнін.

У 2019 годзе канстанцінопальскі патрыярх Варфаламей падпісаў томас аб аўтакефаліі новай украінскай царквы. Пазней яе прызнаў і Александрыйскі патрыярхат. Патрыярх Кірыл у адказ на гэта фактычна разарваў з усімі адносіны. «Александрыйскі патрыярх, які традыцыйна адказваў за ўсю афрыканскую праваслаўную царкву, прызнаў аўтакефалію Праваслаўнай царквы Украіны. Гэта азначае, што для Расіі ён абвясціў сябе ворагам», — тлумачыць афрыканістка Ірына Філатава.

«Александрыйскі біскуп — гэта біскуп ўсяе Афрыкі Фёдар. Ён там мае найбольшую колькасць прыходаў, па паходжанні грэк. І, натуральна, вялікі сябар патрыярха Варфаламея Канстанцінопальскага. Праблема ў фінансах. Каб зайсці ў нейкую краіну, забяспечыць прысутнасць, трэба купляць гэтую прысутнасць. На жаль, Грэцкая царква, гэтак жа як і Александрыйская, не маюць такіх шырокія фінансавых магчымасцей, як РПЦ», — кажа іераманах Пётр (Сцяпанаў).


Глядзіце таксама

Руская праваслаўная царква аплачвае рамонт прыходаў, праводзіць дабрачынныя акцыі — усімі спосабамі спрабуе заваяваць папулярнасць у вернікаў Афрыкі. Мясцовыя святары ездзяць на стажыроўкі ў Расію, нават праводзяць службы ў Маскве.

«У Рускай царкве прыцягвае тое, што яна праводзіць вельмі вялікую гуманітарную палітыку. Што яна вядзе асветніцкую працу, што яна арганізуе культурныя цэнтры, дабрачынныя мерапрыемствы. Гэта афрыканцам вельмі падабаецца», — расказвае Ірына Філатава. Паводле яе слоў, цемнаскурыя святары цяпер нярэдка ездзяць у Маскву для навучання.

Першапачаткова кіраўніком Патрыяршага экзархата Афрыкі прызначылі мітрапаліта Клінскага Леаніда — у свеце Леаніда Гарбачова. Заняўшы пасаду, святы айцец прамым тэкстам стаў гаварыць пра тое, што РПЦ прыйшла ратаваць афрыканцаў ад раскольнікаў, якія прызналі Праваслаўную царкву Украіны. Мітрапаліт Леанід — актыўны прыхільнік Яўгена Прыгожына. Неўзабаве пасля бунту наймітаў у чэрвені 2023-га Леаніда адхілілі ад афрыканскага праекта РПЦ і вярнулі служыць у родны Краснадар.


Глядзіце таксама

«Гарбачоў асабліва нічым не быў вядомы. Ён звычайны, стандартны мітрапаліт РПЦ. З гэтай прычыны ён і быў пастаўлены ў Афрыку. Гэта значыць, забяспечыць прысутнасць трэба — мы забяспечым. Але нейкія глабальныя праекты там пачынаць сэнсу РПЦ не бачыць, таму што аддачы не будзе. Яны ўкладуць грошы, абзавядуцца сувязямі, будуць аказваць нейкія паслугі мясцовым уладам у абмен на падтрымку сваёй царквы, але атрымаць адтуль, выцягнуць адтуль у царквы нічога не атрымаецца», — лічыць іераманах Пётр.

Неўзабаве пасля адстаўкі мітрапаліта Леаніда святары сталі скардзіцца на скарачэнне фінансавання. На пачатку гэтага года расійская «Незалежная газета» напісала пра тое, што РПЦ, верагодна, вырашыла адмовіцца ад актыўнага місіянерства ў Афрыцы. На сайце Афрыканскага экзархата не публікуецца новай інфармацыі пра пераходы клірыкаў Александрыйскай царквы ў РПЦ.