Франк-Вальтэр Штайнмаер. Валянціна Матвіенка. Рауль Кастра

Франк-Вальтэр Штайнмаер

Франк-Вальтэр Штайнмаер

13_2_logo.jpg

Лідэр нямецкіх сацыял-дэмакратаў будзе кандыдатам на пасаду кіраўніка ўраду на восеньскіх выбарах у бундэстаг. Дабівацца перамогі Франк-Вальтэр будзе з дапамогай літаратараў. Мова пра Гюнтэра Граса — лаўрэата нобелеўскай прэміі, аднаго з самых вядомых пісьменнікаў Германіі. Грас і Штайнмаер разам вышлі на публіку ў час адной з выстаў. Пасля пісьменнік зрабіў рэкламу сацыял-дэмакратам, параўнаўшы цяперашні стан эсдэкаў з сітуацыяй канца 60-х гадоў. Тады, як і сёння, у краіне правіла вялікая кааліцыя сацыял-дэмакратаў і хрысціянскіх дэмакратаў, аднак на чарговых выбарах перамогу святкавалі ружовыя. Параўнанне Штайнмаера і Вілі Брандта (культавага лідэра эсдэкаў 60-х гадоў) выклікала смех на старонках нямецкай прэсы. Вядома, што Грас, чыя маладосць выпала на часы гітлераўскай дыктатуры і вайны, заўсёды выступаў супраць харызматычных палітыкаў.
Валянціна Матвіенка
Губернатар Санкт-Пецярбургу вымушана заспакойваць горад на Няве, які кіпіць пасля спробы ўзарваць помнік Леніна на Фінскім вакзале. Атака на помнік правалілася. 300 грамаў траціла зрабілі ў Леніне дзірку, аднак сам помнік застаўся на месцы. Зараз яго рамантуюць. Між тым, назіраецца актывізацыя радыкальных сіл правага і левага кірунку. Напрыклад, ігумен храма на Лазараўскіх могілках адкрыта падтрымаў тэрарыстаў. «Я ўвогуле не магу прайсці каля помніка Леніну, каб у мяне не зачасаліся рукі абліць яго фарбай або ўзарваць», — сказаў ён. Камуністы збілі актывістаў «Адзінай Расіі», якія спрабавалі раздаваць улёткі «Камунізм — чума» на іх мітынгу. Пасля шпіталізацыі сваіх сяброў «Адзіная Расія» заявіла, што будзе судзіцца з КПРФ. Зюганоўцы ў адказ назвалі адзінаросаў «слабакамі» і «дзяўчынкамі». Палітолагі лічаць, што напружанасці спрыяе ананімнасць арганізатараў выбуху, якіх міліцыя да гэтага часу не знайшла. Адказнасць за тэракт узяў нейкі Залескі баявы лятучы атрад. Аднак, на думку большасці экспертаў, гэта арганізацыя прыдуманая. Замах на Леніна зрабілі больш салідныя групоўкі. Хто? Напрыклад, камуністы лічаць, што ў выбуху была зацікаўленая гарадская мэрыя і асабіста Валенціна Матвіенка.
Рауль Кастра
Пераемнік Фідэля Кастра на пасадзе прэзідэнта Кубы адкрыў для сябе новую катэгорыю праціўнікаў рэжыму. Мова пра акцёраў-правакатараў. Менавіта як правакацыю расцаніла афіцыйная Гавана акцыю падчас выставы Biennale. Мастацкая акцыя праходзіла пад лозунгам «Інтэграцыя і супраціў у часы глабалізацыі». У праграме фестывалю былі таксама і перформансы. Адна з аматараў гэтага жанру Таня Бругуера падчас свайго выступу прадэманстравала пародыю на прамову Фідэля, якую ён зрабіў 8 студзеня 1959 года, праз некалькі дзён пасля перамогі рэвалюцыі. Гэту прамову кожны кубінскі школьнік ведае на памяць. Іншаземцы, якія прысутнічалі на выступе Тані, проста не маглі паверыць, што на Кубе такі ўзровень свабоды. Аднак на наступны дзень усё стала на свае месцы. Той перформанс афіцыйныя крыніцы назвалі правакацыяй супраць кубінскай рэвалюцыі. Саму Таню запісалі ў шэрагі «асобаў, якія стаяць на службе антыкубінскай прапаганды» і нават назвалі «прафесійнай дысідэнткай». Пакуль Таню пакінулі на волі — некаторыя эксперты лічаць, што выключна па той прычыне, што ўсе сілы рэпрэсіўнай машыны кінутыя на барацьбу з блогерамі. Пасля таго, як на востраве дазволілі хатні інтэрнэт, сярод кубінцаў назіраецца мода на тое, каб весці жывыя дзённікі. Некаторыя нататкі на тых блогах не падабаюцца рэжыму.