Футболу не будзе?

Дасюль цалкам не зразумела, ці адбудзецца Чэмпіянат свету ў Расіі ў наступным годзе? Пад пытаннем ужо і чарговы Мундыяль 2022 года ў Катары, што моцна пасварыўся з арабскім светам.

wx1080_5.jpg

Адразу пасля таго, як Катар у 2010-м быў абвешчаны гаспадаром Кубка свету–2022, стала відавочна, што катарскі турнір трапіць у аналы гісторыі. Справа ў тым, што чэмпіянат запланаваны на лістапад-снежань (улетку, калі традыцыйна праходзяць падобныя спаборніцтвы, гуляць у Катары праз спёку ў 40 градусаў немагчыма).

Тое, што FIFA пайшло на падобны спрэчны эксперымент, адразу выклікала падазрэнне. Як і тое, што адпаведнай інфраструктуры на той час у Катары не было, а сама працэдура галасавання па краіне-гаспадыні Мундыялю–2022 выглядала вельмі дзіўна. Толькі ў чацвёртым туры дзяржава Персідскага заліву выйграла ў ЗША. Каб стаць пераможцам, трэба было набраць неабходную квоту ў 13 галасоў, а Катар атрымаў іх толькі падчас пятага галасавання.

Грамадскасць адразу заявіла: без хабараў тут не абышлося. У прыватнасці, пісалі, што кіраўнік рэгіянальнай федэрацыі падмазаў каго трэба на суму ў 5 мільёнаў долараў. Хаця Катар, у сваю чаргу, усе абвінавачванні катэгарычна адхіляў, у 2012-м пры Федэрацыі была створаная следчая камісія, якая павінна была высветліць, ці сапраўды Масква і Доха давалі хабары.

Вынікі працы камісіі сталі вядомыя загадзя. 26 чэрвеня нямецкі таблоід «Bild» зліў змест даклад кіраўніка камісіі Майкла Гарсія. На радасць гаспадарам турніраў 2018-га і 2022-га, падазрэнні з іх былі, збольшага, знятыя.

Па іроніі лёсу, галоўнымі ахвярамі працы камісіі сталі не катарцы і рускія, а брытанскі істэблішмент, які гучней за ўсіх дамагаўся следства. Як вядома, менавіта Англія бачыла сябе гаспадыняй чэмпіянату 2018-га, які дастаўся Расіі. Калі верыць «Bild», брытанскі прэм’ер, які асабіста лабіяваў права Англіі прыймаць чэмпіянат, вёў брудную гульню. Тагачасны прэм’ер Дэвід Кэмеран кулуарна прапанаваў іншым федэрацыям галасаваць па прынцыпе «ты галасуеш за мяне падчас выбараў краіны-гаспадыні 2018-га, а я за цябе, калі будуць абіраць краіну-гаспадыню турніру 2022-га».

Аднак, падаецца цяпер футбольнай грамадскасці плёткі наконт таго, хто і каму даваў хабары, не вельмі цікавыя. Катар моцна пасварыўся з арабскімі суседзямі, якія абвінавацілі яго ў фінансаванні і падтрымцы ісламскай радыкальнай апазіцыі. Прычым, справа не абмежавалася дыпламатычнымі нотамі. Суседзі Катара выставілі ўраду краіны беспрэцэдэнтны для міжнароднага права ўльтыматум, у якім пагражаюць краіне эканамічнымі санкцыямі, палітычнай ізаляцыяй і гэтак далей.

Не дзіўна, што катарцы адразу кінуліся атакаваць крамы, не чакаючы дэфіцыту прадуктаў. Адначасова саюзнікі і праціўнікі Катару паабяцалі нарасціць вайсковую прысутнасць у Персідскім заліве, што яшчэ больш абвастрыла сітуацыю.

qatar_1.jpg

Цяжка ўявіць свята футболу ў такіх умовах. Як следства, усе патэнцыйныя спонсары і нават арганізатары чэмпіянату не знаходзяць сабе месца. Са спасылкай на свае крыніцы, брытанская газета «Guardian» піша пра паніку ў камітэце, які адказвае за будаўніцтва спартыўных аб’ектаў да катарскага чэмпіянату. Там прызнаюць, што сур’ёзнасць сітуацыі значна большая, чым любая з праблем, з якімі сутыкаўся Катар пасля атрымання права на правядзенне турніру ў 2010 годзе.

Паўстала і пытанне, ці павінны каманды з краін Захаду гу­ляць у краіне, якую падазраюць у фінансаванні тэрарызму? Прэзідэнт нямецкай футбольнай асацыяцыі ўжо адзначыў, што будзе абмяркоўваць «палітычнае вырашэнне гэтай праблемы» з урадам Германіі і УЕФА. «Футбольная грамадскасць ва ўсім свеце павінна пагадзіцца, што буйныя турніры не павінны праводзіцца ў краінах, якія актыўна падтрымліваюць тэрор», — кажа футбольны функцыянер.

Кіраўніцтва FIFA дасюль не можа пракаментаваць тое, што адбываецца, і адсутнасць каментараў працуе на аўтараў інсінуацый. На цяперашні момант у Федэрацыі кажуць толькі, што яе супрацоўнікі знаходзіцца ў «пастаянным кантакце» з Катарам.

Якой будзе развязка вакол Кубку свету–2022, ніхто не можа прагназаваць. Адзінае, што супакойвае, — да 2022 года яшчэ шмат часу, і, магчыма, Катар неяк стабілізуе свае адносіны з суседзямі. У гэтым плане значна больш пытанняў з чэмпіянатам у Расіі. На днях расійскіх футбалістаў абвінавацілі ва ўжыванні допінгу, што можа мець хуткія і негатыўныя наступствы для гаспадароў турніру.  

Што тычыцца перспектыў чэмпіянату ў Катары, дык ёсць сэнс дажыць да панядзелка. Менавіта на пачатку тыдня мінае 10 дзён, якія далі Катару арабскія суседзі на выкананне сфармуліраваных ва ўльтыматуме патрабаванняў. Між тым, стала вядома, што некаторыя федэрацыі ўжо зандуюць глебу, каб прыняць Кубак свету–2022 замест Катара. Калі верыць плёткам у прэсе, на гэтую ролю, быццам бы, прэтэндуе Кітай.