Маці расійскага вайскоўца, які трапіў у палон ва Украіне, звярнулася да Пуціна
Святлана Агеева, маці расійскага вайскоўца, яфрэйтара Віктара Агеева, які трапіў у палон у Луганскай вобласці Украіны, дала інтэрв’ю «Новой газете». Яна прызнаецца, што дагэтуль верыла, што расійскай арміі няма на Данбасе. Цяпер жа здарэнне з яе сынам усё змяніла.
Агеева жыве ў 100 кіламетрах ад Барнаула, яна працуе ў школе настаўніцай англійскай мовы. Яе сыну Віктару 23 гады. Да камандзіроўкі на Данбас ён жыў у Барнауле на здымнай кватэры з старэйшым братам Максімам. Па словах жанчыны, да яе ўжо прыязджаў ваенны камісар, які заявіў, што ніякага кантракту ў расійскай арміі з яе сынам не было, а ваяваць у “ЛНР” ён паехаў як найміт. «Са слоў ваенкама я так зразумела, што яму загадалі з Масквы да мяне з’явіцца», — распавядае Святлана Агеева. Яна прызнаецца, што «гатовая на ўсё, абы толькі Віктара хутчэй адпусцілі, гатовая нават ехаць у Кіеў». Агеева сцвярджае, што яе сын паехаў служыць па кантракце ў горад Батайск Растоўскай вобласці, раз на тыдзень ён адтуль тэлефанаваў. Службай быў задаволены, у пачатку траўня стаў яфрэйтарам. 24 траўня яго ўзялі ў палон на тэрыторыі Украіны, калі ён разам са сваім падраздзяленнем (магчыма, яно адносіцца да ГРУ) быў у разведцы. Мінабароны РФ заявіла, што такі чалавек па кантракце ў расійскай арміі не служыў. Больш падрабязна гл. тут.
Маці яфрэйтара Агеева запісала зварот да прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна, міністра абароны Сяргея Шайгу і міністра замежных спраў Сяргея Лаўрова. Яна просіць дапамагчы вярнуць сына на радзіму і дапамагчы разабрацца, у якім статусе ён быў ва Украіне.
Паводле «Еўрарадыё»