Германія будзе выплачваць пенсіі габрэям-блакаднікам
Габрэі, якія перажылі блакаду Ленінграда, будуць атрымліваць штомесячную пенсію ў памеры 375 еўра. Пра гэта габрэйская арганізацыя Jewish Claims Conference дамовілася з урадам ФРГ.
Урад Германіі вырашыў выплачваць габрэям, якія перажылі блакаду Ленінграда, штомесячную пенсію ў памеры 375 еўра, піша www.dw.com.
Пра гэта 6 кастрычніка паведаміла Камісія па габрэйскіх матэрыяльных ісках да Германіі (Jewish Claims Conference). Было адзначана, што такія выплаты будуць атрымліваць каля 6500 чалавек — не толькі блакаднікі, але і габрэі, якім удалося збегчы ад нацысцкага тэрору ў іншых рэгіёнах Еўропы.
Камісія па габрэйскіх матэрыяльных ісках штогод праводзіць перамовы з урадам Германіі ў спробе павялічыць колькасць габрэяў, якія маюць права на кампенсацыі. Паводле дамоўленасці, гэтыя 6500 ахвяр Халакосту стануць атрымліваць штомесячныя пенсіі ў памеры 375 еўра.
Jewish Claims Conference адзначыла важнае значэнне выплат. "Па меры старэння гэтага апошняга пакалення тых, хто выжыў, іх патрэбы ўзрастаюць. Нават праз 75 гадоў пасля Халакосту гэтыя сімвалічныя выплаты забяспечваюць прызнанне і вяртаюць тым, хто застаўся жывы, часцінку годнасці, якая была адабраная ў іх у маладосці", — пракаментаваў дасягнутае з урадам ФРГ пагадненне прэзідэнт Камісіі па габрэйскіх матэрыяльных ісках Гідэон Тэйлар.
Паводле www.dw.com