Хто стане прэзідэнтам Літвы? На выбрах пачаўся падлік галасоў
У Літве завяршаюцца выбары прэзідэнта. Сёння ўвечары стане ясна, хто зойме пасаду гэтую пасаду на найбліжэйшыя пяць гадоў. У другім туры выбараў канкуравалі дзейны кіраўнік дзяржавы Гітанас Наўседа і прэм'ер-міністр Інгрыда Шыманітэ.

У нядзелю ў Літве праходзяць прэзідэнцкія выбары. Чакаецца, што перамогу атрымае дзеючы прэзідэнт краіны Гітанас Наўседа. У ходзе перадвыбарнай кампаніі ў цэнтры ўвагі знаходзіліся праблемы бяспекі.
Насельніцтва Літвы складае каля 2,8 мільёна чалавек. Літва з'яўляецца саюзнікам Украіны. Пасля пачатку поўнамаштабнага расійскага ўварвання ў гэтую краіну Літва, як і іншыя краіны рэгіёну, асцерагаецца, што можа стаць аб'ектам агрэсіі з боку Масквы.
60-гадовы Наўседа, былы старшы эканаміст шведскай банкаўскай групы SEB, які не належыць ні да якой партыі, перамог у першым туры выбараў 12 траўня, набраўшы 44% галасоў. Для перамогі неабходна набраць 50%.
Глядзіце таксама

У другім туры Наўседзе супрацьстаіць прэм'ер-міністр Літвы Інгрыда Шыманітэ. Ёй 49 гадоў. Шыманітэ належыць да кіруючай правацэнтрысцкай партыі «Саюз Радзімы». Яна была адзінай жанчынай з васьмі кандыдатаў, якія ўдзельнічалі ў першым туры, і заняла другое месца, атрымаўшы 20%.
Па даных апытання ELTA / Baltijos Tyrimai, праведзенага ў лютым-сакавіку, крыху больш за палову літоўцаў лічаць напад Расіі магчымым ці нават вельмі верагодным.
«Нашы ворагі — якія нават называюць сябе нашымі ворагамі, якія з'яўляюцца нашымі ворагамі і ворагамі ўсяго дэмакратычнага свету — спрабуюць дэстабілізаваць нашу палітыку, і мы павінны зрабіць усё, каб супрацьстаяць гэтаму», — сказаў Наўседа падчас перадвыбарных дэбатаў.
І Наўседа, і Шыманітэ выступаюць за павелічэнне выдаткаў на абарону, прынамсі, да 3% ад валавога ўнутранага прадукту Літвы з 2,75 %, запланаваных на гэты год.
Шыманітэ, у мінулым — міністр фінансаў, заявіла ў чацвер, што ў выпадку яе перамогі «кірунак развіцця краіны — праеўрапейскі, празаходні — не зменіцца».
Глядзіце таксама

«Але я б хацела больш хуткага прагрэсу, большай адкрытасці і разумення, большай памяркоўнасці да людзей, якія адрозніваюцца ад нас», — патлумачыла яна.
Наўседа і Шыманітэ ўжо другі раз супрацьстаяць адзін аднаму ў другім туры прэзідэнцкіх выбараў. У 2019 годзе Наўседа перамог Шыманітэ, набраўшы 66% галасоў.