Балючы мазоль Лукашэнкі. Каардынацыйная рада і яе трансфармацыя

Сёння праходзіць галасаванне па выбарах у Каардынацыйную раду трэцяга склікання. Сярод звычайных беларусаў гэты працэс асаблівай цікавасці не выклікае. Затое нечакана цікавасць да гэтых выбараў падаграе рэжым.

Ілюстрацыйнае фота: reform.news

Ілюстрацыйнае фота: reform.news

Прадстаўнікі 12 спісаў на выбарах у Каардынацыйную раду (КР) імкнуцца падкрэсліць асаблівасці сваіх праграм: вось у чым наша фішка, прагаласуйце за нас! Але для Следчага камітэта (СК) Беларусі ўсе 257 прэтэндэнтаў на мандаты КР адным мірам мазаны: «Экстрэмісты!» Усе гэтыя людзі сталі фігурантамі крымінальных спраў.

Паведамленне СК з гэтай нагоды напісана не строгім юрыдычным стылем, а экспрэсіўнай мовай прапаганды, піша Аляксандр Класкоўскі на «Позірку». Яно стракаціць палітычнымі цэтлікамі ў духу: «Дванаццаць экстрэмісцкіх фарміраванняў пачалі барацьбу за "гранты" і арганізавалі псеўдавыбары».

«Кандыдатуры выставілі вядомыя збеглыя злачынцы»

У трактоўцы следчых матывы арганізацыі выбарчай кампаніі выглядаюць так: «Адчуваючы набліжэнне поўнай страты ўмоўнага аўтарытэту і фінансавання ў заходніх куратараў, свае кандыдатуры на права сядзець "за гаспадарскім сталом" выставілі вядомыя збеглыя злачынцы, такія як Азараў, Латушка, Пракоп'еў, а таксама менш вядомыя і зусім неангажаваныя прадстаўнікі радыкальнага свету».

Самі выбары ў КР следчыя малююць як «рашэнне аб рэарганізацыі дадзенай злачыннай групы з наступным прызначэннем новых лідараў экстрэмісцкіх ячэек». З'едлівы вораг рэжыму заўважыць тут, што ўлады мяркуюць па сабе: дэ-факта прызначаюцца якраз дэпутаты лукашэнкаўскага парламента, дэлегаты так званага Усебеларускага народнага сходу (УНС).

У выпадку ж выбараў у КР можна гаварыць пра малую цікавасць, рызыкі для ўдзельнікаў, але аўтарытэт распрацоўшчыкаў софту для галасавання і тых, хто тэставаў іх сістэму, досыць высокі, каб чакаць аб'ектыўнага падліку галасоў.

Дзеянні фігурантаў — назавём яе так — «справы 257» СК кваліфікуе па шэрагу цяжкіх крымінальных артыкулаў, у прыватнасці 357-м («Змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады»). Падкрэсліваецца, што ў рамках справы ідзе накладанне арышту на маёмасць з мэтай пакрыцця шкоды (не зусім ясна якога).


Глядзіце таксама

Такім чынам, з аднаго боку, шэраг незалежных каментатараў кажуць, што выбары ў КР не выклікаюць вялікай цікавасці сярод тых, хто жыве ў Беларусі, што галасаваць будзе ў асноўным дыяспара (і тое пытанне, наколькі актыўна). Самі арганізатары кампаніі разлічваюць у лепшым выпадку на дзясяткі тысяч удзельнікаў, на лічбу ў межах 1% беларускіх выбаршчыкаў.

З іншага боку, вярхушка рэжыму, яго сілавікі, паўтараючы пра «змову з мэтай захопу ўлады», міжволі падымаюць гэты быццам бы дастаткова маргінальны працэс на ўзровень экзістэнцыйнай пагрозы.

Сам Аляксандр Лукашэнка, мяркуючы па ўсім, уважліва сочыць за гэтай кампаніяй, згадваў пра яе нават з трыбуны VII УНС у красавіку. Дарэчы, сам УНС па працэдуры фармавання апрыёры прайграе выбарам у КР, паколькі наогул не абіраўся пры дапамозе прамога ўсеагульнага галасавання.

Здавалася б, уладам можна было проста праігнараваць задуму «купкі збеглых», каб не рабіць ім хоць і спецыфічнай, але рэкламы. Аднак тых, хто адважыўся балатавацца ў КР, «прэсуюць» па поўнай праграме, і гэтай гісторыі надаюць рэзананс.

Чым растлумачыць гэтую празмерную жэсць?

Можна меркаваць, што ў гэтага жорсткага прэсінгу некалькі прычын.

Але ўнутры краіны ўсё ўжо закатана ў асфальт, немагчымы нават намёк на палітычную альтэрнатыву. Каго хацелі пасадзіць, у асноўным ужо пасадзілі.

Сілавікам жа хочацца і надалей паказваць ўдарную працу, зарабляць зорачкі, атрымліваць рэсурсы. Так што самы час узяцца за тых, хто выціснуты ў палітычную эміграцыю: судзіць завочна, адбіраць маёмасць, па магчымасці збіваць іх актыўнасць, якая раздражняе рэжым.

У гэтым рэчышчы ідзе і «справа 104» — пераслед тых, хто публічна адсвяткаваў за мяжой Дзень Волі 25 сакавіка. Іронія лёсу ў тым, што ў 2018-м — тады было стагоддзе Беларускай Народнай Рэспублікі — улады афіцыйна дазволілі адзначаць гэтае свята ў цэнтры Мінска. А вось цяпер, аказваецца, гэтага нельга рабіць нават у Варшаве ці Антарктыдзе. Свята тое ж, а вось «эвалюцыя» рэжыму ў наяўнасці. Ён проста скаціўся ў таталітарызм.


Глядзіце таксама

У трактоўцы СК, сярод мэтаў святкавання Дня Волі — «эканамічны ціск, ізаляцыя краіны на міжнароднай арэне, заклікі да прапрацоўкі больш жорсткіх санкцый у дачыненні да Беларусі і яе грамадзян, кампраметацыя кіраўніцтва краіны». У гэтым выпадку ўлады таксама пагражаюць адабраннем маёмасці ў Беларусі як «мерай па забеспячэнні прынцыпу няўхільнасці пакарання і кампенсацыі шкоды».

Такім чынам, можна зрабіць выснову, што санкцыі ствараюць рэжыму адчувальны дыскамфорт. І хоць апазіцыя ўплывае на іх прыняцце толькі ўскосна, улады рвуцца адпомсціць. Сярод тых, хто балатуецца ў КР, таксама нямала прыхільнікаў максімальна жорсткага санкцыйнага ціску на рэжым. У іх ліку — згаданы ў паведамленні СК Павел Латушка, намеснік кіраўніка Аб'яднанага пераходнага кабінета.

Абпаліўшыся ў 2020-м на малацэ, Лукашэнка дзьме на ваду

Але самае галоўнае, мабыць, палягае ў тым, што Лукашэнка вельмі раўніва ставіцца нават да сімвалічных прэтэнзій на ўладу. КР жа прэтэндуе на тое, каб быць прадстаўнічым органам беларусаў.

Так, сёння цікавасць да гэтай кампаніі невысокая. Тым не менш, нейкую кроплю легітымнасці члены новага складу КР, мабыць, атрымаюць. І ў гіпатэтычнай сітуацыі глыбокага грамадска-палітычнага крызісу ў Беларусі гэты орган можа прад'явіць свае прэтэнзіі на ўдзел у вырашэнні пытання пра лёс краіны.

Згадаем, як хваравіта адрэагаваў Лукашэнка на стварэнне КР у жніўні 2020 года, калі бушавалі масавыя пратэсты. Ён адразу заявіў, што гэта «спроба захопу ўлады — з усімі вынікаючымі наступствамі». І на тагачасную вярхушку КР тут жа пачалі ціснуць.

Звернем увагу: першапачаткова гэтая структура была названая «Каардынацыйнай радай па забеспячэнні трансферу ўлады». І тады сітуацыя ў краіне сапраўды выглядала хістка. Гэта потым Уладзімір Пуцін упішацца за «малодшага брата», сілавікі канчаткова вызначацца («за намі Масква») — і лёс мірнага паўстання будзе прадвызначаны.

Кіраўнік разумее, што, калі сітуацыя зноў захістаецца (а вайна, у якой рэжым з'яўляецца суагрэсарам — справа слізкая), КР тут жа ўспомніць пра місію, якая была выказана ў першапачатковай назве.


Глядзіце таксама

Для цяперашняга ж кіраўніка Беларусі любы замах на яго ўладу — святатацтва. Ён нават кішэнны УНС вырашыў трымаць пад жорсткім кантролем, стаўшы яго старшынёй. Таксама ж дрымотны інстытут, як сцвярджаюць гэтыя «яйкагаловыя» палітолагі. А ўжо пра «экстрэмісцкую» КР і казаць няма чаго — там будуць толькі і вартаваць хвіліну слабасці сістэмы.

Ёсць і такі момант. Святлана Ціханоўская, якая кінула пальчатку Лукашэнку ў 2020-м, паўтарыць такі фокус у 2025-м не зможа (калі не здарыцца цуду ў выглядзе імклівага абвалу рэжыму). І ў сувязі з новымі прэзідэнцкімі выбарамі (хай і чыста імітацыйнымі) рэжым і яго прапаганда, трэба думаць, стануць раскручваць наратыў, што час Ціханоўскай канчаткова скончыўся.

А вось выбары ў КР можна праводзіць раз за разам. Сёння яны не выклікаюць ажыятажу, але раптам рэжым патрапіць у паласу турбулентнасці, раптам пойдзе новая хваля палітызацыі беларусаў?

Так, многія незалежныя каментатары глядзяць на перспектывы КР скептычна. Але ў правадыра рэжыму не гоіцца псіхалагічная рана 2020 года.

Тады ж таксама здавалася, што ўсё ўжо схоплена, галоўныя супернікі схаваныя за краты, і раптам — такі чорт з табакеркі, такі выбух пратэстнага галасавання. Абпаліўшыся на малацэ, кіраўнік цяпер лічыць за лепшае добранька падзьмуць на ваду.