«У нас адна мэта — свабодная Беларусь». Ціханоўская падтрымала выбары ў КР
Дэмакратычная лідарка Святлана Ціхаўская патлумачыла, чаму ўдзел у выбарах у Каардынацыйную раду, — гэта важна.
«Сёння пачалося галасаванне на выбарах у Каардынацыйную раду, — напісала Святлана Ціханоўская ў сваім тэлеграм-канале. — І я ўдзячная ўсім, хто вылучаецца і галасуе. Таксама дазвольце выказаць словы падтрымкі ўсім, хто ўжо зазнаў рэпрэсіі за ўдзел у кампаніі, новыя крымінальныя справы і пераслед блізкіх. Рэжым працягвае запалохваць і спрабуе сарваць дэмакратычны працэс, бо бачыць у гэтым пагрозу сваёй злачыннай уладзе».
«Я ведаю і бачу ўсе хібы і недасканаласці выбараў і сістэмы галасавання. Але гэта першая спроба Каардынацыйнай рады арганізаваць незалежны выбарчы працэс – чаго беларусы пазбаўленыя былі дзесяцігоддзямі», — дадала палітык.
Каардынацыйная рада, паводле яе слоў, з’яўляецца «неад’емнай часткай структуры дэмакратычных сілаў». «Гэта платформа для спрэчак і дыскусіяў, якая дасць магчымасць беларусам уплываць на рашэнні сваіх лідараў. Каардынацыйная рада павінна адказваць на запыты беларусаў, абараняць іх інтарэсы. І мне б хацелася там чуць і бачыць розныя галасы, новыя ідэі і людзей з рознымі поглядамі. Мы — усе розныя, але ў нас адна мэта — свабодная Беларусь», — адзначыла Ціханоўская.
«Дзякуй кожнаму з вас за падтрымку, вашую мужнасць і цярплівасць», — падсумавала яна.
Выбары ў Каардынацыйную раду стартавалі 25 траўня ў анлайн-фармаце. Выбаркам паведаміў, што ад самага пачатку адмысловы сайт для галасавання падвергся з магутнай DoSS-атацы.
«Каласальная яўка, якая ўжо перавышае колькасць насельніцтва Беларусі больш чым у два разы», — сказала ў звароце кіраўніца выбарчай камісіі Алена Прыходзька, адзначыўшы, што ў першыя часы на выбарах «прагаласавалі» 18 тысяч чалавек. Праз гэта запуск галасавання давялося адкласці на дзве гадзіны.
«Нічога страшнага не адбылося, але прыйшлося падкарэктаваць сістэму галасавання», — пазней паведаміў стваральнік мабільнага дадатку Belarus ID Павел Лібер.
Таксама з Беларусі паступаюць паведамленні аб заўважным замаруджванні інтэрнэту. Гэта можа сведчыць пра тое, што рэжым Лукашэнкі спрабауе такім чынам сарваць выбары.
Платформа Belarus ID дасяжная толькі беларусам за мяжой. Беларусы ўнутры краіны могуць прагаласаваць на адмысловым сайце. Для галасавання патрэбны беларускі пашпарт, прымаюцца і пратэрмінаваныя.
Аддаць свой голас можна толькі за адзін спіс кандыдатаў. Агулам кааліцый 11, у іх — 234 чалавекі.
Выбары працягнуцца тры дні — да 27 траўня. Першыя
вынікі арганізатары абяцаюць агучыць ужо ў панядзелак.