«Гэтая барацьба меркаванняў — уклад у беларускую палітычную культуру»
Сёння яшчэ працягваецца галасаванне па выбарах новай Каардынацыйнай рады — нібыта прататыпа дэмакратычнага парламента. У выбарах яшчэ могуць узяць удзел усе ўладальнікі беларускага пашпарта незалежна ад краіны знаходжання. Галасаваць можна і з тэрыторыі Беларусі, і з-за мяжы.

Ілюстрацыйнае фота
Тым не менш, выбары падыходзяць да фінішу BGmedia разам з гісторыкам, палітычным аглядальнікам Аляксандрам Фрыдманам абмеркавала першыя ўрокі кампаніі і яе скандалы.
— Я сачу за палітычнымі працэсамі, якія адбываюцца ў Беларусі. Не скажу, што старанна сачу за выбарамі Каардынацыйнай рады. Але вырашыў паставіць своеасаблівы эксперымент: спецыяльна на гэтую тэму нічога не чытаю, але навіны праглядаю. І да канца кампаніі па выбарах Каардынацыйнай рады мне самому стала цікава: што я буду ведаць пра выбары, спецыяльна не цікавячыся тэмай? Што можа даведацца чалавек, які жыве ў беларускім інфармацыйным полі, асабліва не цікавячыся.
Цяпер я магу адказаць. Я ведаю блокі, якія балатуюцца, я ведаю асноўныя фігуры кампаніі, я ведаю, хто лідзіруе па апытаннях. Тэма прысутнічае ў беларускай медыйнай прасторы, таму воляй-няволяй ты ведаеш асноўную храналогію падзей.
Вялікіх чаканняў ад выбараў Каардынацыйнай рады я не маю. Мне цікава, як новае пакаленне, якое выйшла з 2020 года, раскрываецца як палітыкі.
Напрыклад, мне сапраўды цікава слухаць эфіры Латушкі, фіксаваць рытарычныя прыёмы, якія ён выкарыстоўвае. Мне цікава назіраць, як экспэрты становяцца палітыкамі, напрыклад, Роза Турарбекава. Ці ж глядзець за рэакцыяй людзей, якія жорстка крытыкуюць усю гэтую кампанію, накшталт Паўла Усава…
З прафесійнага пункту, гэта беларуская палітыка, якая шмат у чым віртуальная, гэта барацьба меркаванняў — гэта ўклад у беларускую палітычную культуру. З гэтага пункту гледжання кампанія ўяўляе цікавасць. І вядома ж мабілізацыя апазіцыйнага электарату за мяжой адбылася: у сацсетках я бачу, як людзі палітызуюцца. Праўда, большасць беларусаў унутры Беларусі нават не ведаюць, што такія выбары адбываюцца. Гэта адзін бок выбараў, тэхналагічная.
Але з пункту гледжання ўплыву на падзеі ў беларускім кантэксце або на сітуацыю ўнутры Беларусі пра сур'ёзны ўплыў казаць не даводзіцца. У мяне ніякіх сур'ёзных чаканняў з нагоды Каардынацыйнай рады няма.
Глядзіце таксама

«У Беларусі вельмі-вельмі не хапае жанчын-палітыкаў і жанчын-экспертаў»
— На выбарах у Каардынацыйную раду занадта шмат кажуць пра гендарны баланс. Напрыклад, спіс «Наша справа» ўзначальвае палітолаг Роза Турарбекава. Але так адбылося, што са спісу дзве жанчыны сышлі з дыстанцыі датэрмінова. Узнікла сітуацыя, калі ад блока сталі патрабаваць зняць двух мужчын — каб адпавядаць «гендарным патрабаванням»… Ці не слепа капіруе апазіцыя дыктатарскія практыкі Лукашэнкі, абстаўляючы свае выбары падобнымі ўмовамі?
— Гендарны баланс у еўрапейскіх партыях самарэгулявальны: у Еўропе хочуць прыцягнуць жанчын у якасці выбаршчыкаў, таму сочаць за гендарным балансам.
Асабіста я лічу, што прасоўванне жанчын: і ў палітыцы, і ў экспертнай супольнасці — вельмі здаровы крок. У Беларусі вельмі-вельмі не хапае жанчын-палітыкаў, жанчын-экспертаў. У гэтым сэнсе беларуская палітыка і беларускі палітыкум вельмі завостраны на мужчын. Сапраўды, для разнастайнасці, для свежай хвалі не хапае прадстаўнікоў розных слаёў беларускага грамадства: і жанчын, і прадстаўнікоў нацыянальных і рэлігійных меншасцяў... Такая стракатасць пайшла б на карысць палітыцы.
Кансерватыўная мадэль паводзінаў, якую культывуе Лукашэнка пра тое, што кіраваць балем павінны мужыкі, мне зусім чужая. Я прывык да іншай палітычнай культуры і з вялікай сімпатыяй стаўлюся да жанчын у палітыцы.
Але вырашаць лёс цэлага блока па прычыне «недахопу» жанчын павінны выбаршчыкі, якія маюць магчымасць прагаласаваць, як лічаць патрэбным. А навязваць збоку «гендарныя квоты» — па-дурному. Тым больш, блоку «Наша справа», які ўзначальвае менавіта жанчына.
Мне здаецца, што Каардынацыйная рада капіюе больш еўрапейскія тэндэнцыі. Жанчынам трэба даваць шанцы. Было б вельмі выдатна, калі б наступным кіраўніком Беларусі стала жанчына. Прысутнасць у беларускай палітыцы Ціханоўскай, наяўнасць самога фактару Ціханоўскай сведчыць пра тое, што беларуская палітыка становіцца больш разнастайнай. Але я не лічу правільным усталёўваць колькасныя крытэрыі для жанчын. Дайце жанчынам права абірацца, а выбаршчыкам — галасаваць так, як яны лічаць патрэбным.
У людзей, якія сёння спрабуюць займацца палітыкай у беларускім кантэксце, адчуваецца недахоп дэмакратычнай палітычнай культуры. Я даўно жыву ў дэмакратычным грамадстве, мне могуць запярэчыць: табе лёгка казаць. А ў людзей, якія пражылі ўсё свядомае жыццё ў дыктатуры, адкуль магла з'явіцца Дэмакратычная палітычная культура?
Глядзіце таксама

«На выцісканне лукашызму са свядомасці людзей сыдуць доўгія-доўгія гады»
— Вядома, мы павінны называць рэчы сваімі імёнамі. У многіх беларусаў у галаве па-ранейшаму жыве Лукашэнка, нават калі яны і не знаходзяцца ў Беларусі. І трэба прызнаць яшчэ адну банальную рэч: Лукашэнка будзе жыць у галовах дастаткова доўга пасля таго, як сапраўдны Лукашэнка знікне. На выцісканне лукашызму са свядомасці людзей сыдуць доўгія-доўгія гады, гэта не адбудзецца па пстрычцы пальцаў. Паглядзіце, як доўга Сталін пасля сваёй смерці і яго спадчына жыло і жыве ў галовах людзей, гэта шмат у чым нават абумовіла развіццё Расіі і нават Беларусі.
Вазьміце беларусаў, якія нарадзіліся ў 1985 годзе і якім сёння 40 гадоў. Усё сваё свядомае жыццё яны пражылі ў эпоху Лукашэнкі, яны не ведаюць іншай рэальнасці, акрамя Лукашэнкі. 40 гадоў — гэта больш, чым палова чалавечага жыцця ў Беларусі. Я вельмі часта чую ад людзей пра так званую «ўнутраную эміграцыю»: я жыву 20-30 гадоў ва ўнутранай эміграцыі. Але ты ж жывеш не ў вакууме: хочаш ці не хочаш, але быццё (я зусім не марксіст) вызначае свядомасць.
У беларускай апазіцыі часта гучаць абвінавачванні: ды вы такія ж, як Лукашэнка! Апазіцыянеры кідаюцца такімі абвінавачваннямі часта. Але гэта аб'ектыўная рэальнасць: што Лукашэнка, што людзі, якія жылі ў эпоху Лукашэнкі, - усе яны прадукты адной эпохі.
Паглядзіце на жыццё любога чалавека: асяроддзе, у якім ён жыве, уплывае на структуру яго мыслення, на яго погляды. Мяркую па сабе: мой погляд па многіх пытаннях адрозніваецца ад погляду людзей, якія ўсё жыццё пражылі ў Беларусі. У мяне іншая оптыка, якая звязана з тым, што я жыву ў іншым грамадстве. Вельмі складана ацэньваць працэсы, у якіх ты не жывеш. Таму ўся беларуская аналітыка жахліва кульгае. Калі мы пачынаем разважаць пра працэсы ўнутры Беларусі, мы часта бачым іх на адлегласці і ўспрымаем зусім не так, як успрымаюць людзі на месцы. Пра беларускае грамадства я аддаю перавагу маўчаць, бо ацэнкі носяць галаслоўны і неабгрунтаваны характар.
Глядзіце таксама

«Ніякі палітычны поспех не варты зламанага лёсу нават аднаго чалавека, які знаходзіцца ў Беларусі»
— 22 траўня падпісчыкі чат-бота «План Перамога» атрымалі паведамленне з заклікам узяць удзел у выбарах у Каардынацыйную раду і галасаваць за спіс «Закон i правапарадак» на чале з Аляксандрам Азаравым. Азараў пацвердзіў факт рассылання, які паставіў пад пагрозу бяспеку ўсіх яе атрымальнікаў. Выбарчая камісія прапаноўвала Азараву да 9 раніцы 24 траўня зняць сваю кандыдатуру, у адваротным выпадку пагражаючы зняць увесь спіс «Закон i правапарадак». Азараў адмовіўся здымацца добраахвотна...
— Праблема заключаецца ў неразуменні ўмоў. Ніякі палітычны поспех не варты зламанага лёсу нават аднаго чалавека, які знаходзіцца ў Беларусі. Мы павінны праяўляць эмпатыю і клопат пра людзей, якія там знаходзяцца. Калі ты беларускі палітык, твой прыярытэт — лёс і жыцці людзей, якія знаходзяцца ў Беларусі. Неабходна разумець, у якіх умовах людзі там жывуць, існуюць, неабходна разумець, чым яны рызыкуюць.
Гаворка ж не ідзе пра мяккі драхлеючы рэжым — не. Гаворка ідзе пра дыктатуру, якая зубамі, хай нават гнілымі, моцна трымаецца за ўладу. Дарэчы, гэта вельмі савецкая метафара. І сённяшняя беларуская і расійская прапаганда любяць прыпісваць праціўнікам гнілыя зубы. Гэта пры гэтым, што савецкая стаматалогія зорак з неба не хапала.
А астатняе — маральнае пытанне: у кожнага свой маральны компас.