Італія перажывае наймацнейшую засуху за 70 гадоў

Найбуйнейшая рака месцамі перасохла, у пяці рэгіёнах уведзена надзвычайнае становішча.

pic_00800.jpg

У Італіі зафіксавана наймацнейшая за апошнія 70 гадоў засуха. У паўночнай частцы краіны перасыхаюць рэкі, узровень вады ў буйных азёрах моцна апусціўся, піша Ilmeteo.net. У пяці рэгіёнах краіны аб'яўлена надзвычайнае становішча.
Яшчэ ў чэрвені з-за спякоты і засухі рэкі паўночнай часткі краіны аказаліся ў крытычным стане. На вяршынях Альпійскіх гор растаў снег, што трывожыць метэаролагаў, якія чакаюць працягу анамальна спякотнага лета, бо напаўняльнасць вадаёмаў зараз залежыць у першую чаргу ад ападкаў, паведамляе Ilmeteo.net.
З таго часу сітуацыя працягвае заставацца крытычнай. Неспакой выклікае стан ракі По, самай буйной у Італіі. У некаторых месцах яна перасохла цалкам, так што можна перайсці з аднаго берага на іншы, наогул не ідучы па вадзе. Акрамя яе перасыхання, зафіксавана прасоўванне салёнай марской вады ўверх па рацэ, якая «есць» прэсную ваду ракі (гэта значыць змешваецца з ёй). На некаторых участках салёная вада Адрыятычнага мора ўпершыню прасунулася па рэчышчы ракі на 30 кіламетраў углыб сушы, піша Flamina & dintorni.
Крытычная сітуацыя адбіваецца і на ўзроўні вады ў іншых вадаёмах: запаўняльнасць другога па велічыні возера Маджорэ складае ўсяго 32%, а возера Кома высахла напалову.
Засуха нясе пагрозу для мясцовых культур і біяразнастайнасці, яна фактычна знішчае ўраджай фермераў. Напрыклад, ураджайнасць рысу знізілася на 50 працэнтаў. «Калі праблема з вадой захаваецца, 100% ураджаю будзе страчана», распавёў мясцоваму выданню Джанлуіджы Таккіні, рысавод з муніцыпалітэта Санта-Крысціна і Бізон, які знаходзіцца ў 40 кіламетрах ад Мілана. Увогуле страты ўраджаю гэтай культуры ацэньваюць у 30 працэнтаў.
Урад Італіі аб'явіў надзвычайнае становішча ў пяці паўночных рэгіёнах краіны ў сувязі з дэфіцытам вады. Звязаны з засухай шкоду ўлады Італіі ацэньваюць у 1 млрд еўра.