Яны пра нас: Замежныя СМІ пра ўплыў падзей у Казахстане на Беларусь
Уплыў падзей у Казахстане на транзіт улады ў РБ і іншыя беларускія актуаліі — у люстэрку замежных медыя.
«У Мінску заяўляюць, што прырода беспарадкаў у Казахстане і ў Беларусі адна — "замежнае ўмяшанне". Аляксандр Лукашэнка разумее ўнутраныя крыніцы праблем і адкарэктуе сваю палітыку з улікам таго, што адбылося, лічаць эксперты. У прыватнасці, пастараецца не дапусціць двоеўладдзя і адкласці перадачу ўлады, наколькі гэта магчыма. Галоўная выснова, якую беларускі кіраўнік зробіць з падзей, якія адбываюцца ў Казахстане, — гэта тое, што двоеўладдзе — стан ненадзейны».«Независимая газета» (Расія)
«Вялікая розніца паміж беларускім наратывам Лукашэнкі і наратывам Такаева. Такаеў кажа пра нейкую амёбную групу тэрарыстаў, якія кантралююцца звонку. Пакуль незразумела, хто гэта, як яны там апынуліся і гэтак далей. І ў цэлым тэрарысты ўсімі краінамі і коламі грамадства ўспрымаюцца як ідэальнае зло. У выпадку Лукашэнкі ён паказваў канкрэтна на Захад і гаварыў: "Глядзіце, гэта ўсё агенты ЦРУ і нехта там яшчэ". І Беларусь стала такой абаронцай Расіі ад гэтага ўсёпранікальнага Захаду. У гэтай тэорыі ўжо быў вялікі мінус у тым, што яна была вельмі непраўдападобнай унутры грамадства Беларусі».«Radio Azzatyk» (Кыргызстан)
«Лукашэнка даў зразумець, што калі абвастрэнне будзе адназначна па віне Украіны, Украіна можа аказацца ў кляшчах, прычым — вельмі сур'ёзна: і па перыметры ўкраінска-расійскай мяжы, і па перыметры ўкраінска-беларускай. А гэта патэнцыйна вельмі сур'ёзна ўскладняе сітуацыю ўкраінскага войска ў выпадку сапраўды маштабнага вайсковага канфлікту. На месцы ўкраінскай вайсковай і палітычнай эліты трэба прыняць усё гэта да ўвагі. Для гэтага Лукашэнка, уласна, гэта і сказаў».«Страна» (Украіна)
«Калі наступіць мір на польска-беларускай мяжы, залежыць ад рашэння прэзідэнта Расіі, гэта значыць, калі Пуцін дасягне сваіх стратэгічных мэтаў — такія яго ўмовы ў дыскусіях з Захадам і ЗША. Поспехам Пуціна было б акрамя іншага, прымусіць Захад легалізаваць газаправод "Паўночны паток-2"».«Gazeta Prawna» (Польшча)
«Ён (Аляксандр Лукашэнка) абдумвае, напэўна, нейкі новы выбухны эксцэс у духу гісторыі з бежанцамі, таму што тое, што адбылося (у Казахстане), нічога добрага не абяцае. Таму што ён будуе ў сябе канструкцыю транзіту без транзіту, якая заваліцца, як яна толькі што завалілася ў Казахстане, прычым у значна больш камфортных эканамічных умовах. І Лукашэнка мусіць нешта зараз прадэманстраваць, каб паказаць, як ён патрэбны, неабходны і як трэба з ім весці размовы».«Эхо Москвы» (Расія)
«Украіна, фармальна перайшоўшы ў лагер сапернікаў Аляксандра Лукашэнкі, так і не вырашылася пайсці на поўны разрыў адносін з паўночным суседам. У сваю чаргу, беларускі бок не стаў нагнятаць абстаноўку, імкнучыся, наколькі гэта магчыма, заплюшчваць вочы на яўна варожую рыторыку Кіева. Галоўнай прычынай гэтага было і застаецца гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва, якое вельмі важнае для абедзвюх краін. Адзінае, што можа парушыць цяперашні статус-кво ў будучыні — гэта ўказанні Кіеву ад ЕС і ЗША».«Одна родина» (Расія)
«У панядзелак на сустрэчы лідараў АДКБ Лукашэнка звярнуўся да Узбекістана. Ён заявіў, што Ташкенту трэба зрабіць урок з падзей у Казахстане. Ён нагадаў пра Афганістан, які знаходзіцца непадалёк, і, спасылаючыся на нейкія сакрэтныя даныя, намякнуў, што краіна Шаўката Мірзіяева можа ў бліжэйшы час сутыкнуцца з праблемамі, праз якія без дапамогі саюзнікаў (у першую чаргу Расіі) улада там можа ўпасці. Беларускі палітык апошнім часам ужыўся ў ролю гарачага прыхільніка інтэграцыі постсавецкіх дзяржаў».«Rzeczpospolita» (Польша)