Калі дыктатар баіцца коміка

Кіраўніцтва Казахстана не знаходзіць сабе месца. Стала вядома пра хуткі рэліз фільма «Борат-2», зняты брытанскім комікам Сашам Коэнам.

maxresdefault__1__12.jpg

Фільм з’яўляецца працягам карціны «Борат: вывучэнне амерыканскай культуры на карысць слаўнага народа Казахстана», якая пабачыла свет у 2006 го­дзе. Гэта псеўдадакументальная стужка пра жыццё выдуманага рэпарцёра з Казахстана Бората Сагдзіева, які выпраўляецца ў Амерыку, каб навучыцца там дэмакратыі.

Пры гэтым, думаецца, наўрад ці Коэн хацеў неяк абразіць дзяржаву Казахстан, якая з’явілася тут, хутчэй, выпадкова. На экране гэта краіна выглядае як тыповая балканская посткамуністычная дзяржава, якая фармальна арыентаваная на заходнія стандарты, а на самай справе вельмі далёкая ад іх. Напрыклад, характэрная пачатковая сцэна, якая дэманструе ад’езд Бората ў Амерыку на вучобу дэмакратыі на аўтамабілі, які цягне конь.

А вось у Астане (так у 2006-м называўся цяперашні горад Нурсултан) гэтага сатырычнага падтэксту не зразумелі. Яшчэ задоўга да прэм’еры кіраўніцтва краіны абвясціла Коэну і яго твору сапраўдную вайну, паколькі стужка, як заявіў МЗС, фарміруе Казахстану неадэкватны вобраз краіны-варвара, дзе ўсе займаюцца інцэстам і п’юць віно з мачы каровы.

Наколькі сусветныя гледачы сапраўды верылі ў тое, што казахі робяць такія рэчы, цяжка сказаць. А вось тое, што стужка стала аплявухай для ўсяго рэжыму Назарбаева, — відавочна. Прадэманстраваны Коэнам на экране Казахстан цалкам не супадаў з тым вобразам квітнеючай краіны, які Астана спрабавала навязаць свету.

Таму за фільмам Коэна адразу пабачылі вушы «замежных разведцэнтраў» або «пятай калоны». «Наўрад ці можна лічыць, што клоунскія выхадкі Коэна ў вобразе “нязграбнага Бората” — звычайная пародыя на казахскіх тэлежурналістаў. Вельмі сістэмныя і прафесійныя гэтыя антыказахскія выпады. Парадыйны “казах Борат” — гэта не механізм шоу-бізнесу для прыцягнення ўвагі заходняй аўдыторыі рознымі глупствамі, а прадуманы інструмент інфармацыйнай вайны супраць незалежнага Казахстана», — адзначала адно з праўладных выданняў. Яно ж спрабавала давесці, што шоу Коэна фінансуе казахская апазіцыя ў замежжы.

У сваю чаргу, у МЗС Казахстана агучвалася ідэя падаць на Коэна ў амерыканскі суд, каб дамагчыся поўнай забароны фільма. Увосень 2006-га ўрад Казахстана абвясціў аб правядзенні ў ЗША інфармацыйнай кампаніі, фрагментам якой стала распаўсюджванне праз СМІ інфармацыі, што распавядае пра «рэальны Казахстан».

Напружаныя адносіны Казахстана з «Боратам» нікуды не падзеліся і ў наступным дзесяцігоддзі. У 2010-м адзін тамтэйшы дэпутат заявіў, што фільм назаўжды ачарніў рэпутацыю краіны за мяжой і нашкодзіў казахам у свеце. Адначасова многія казахскія кінематаграфісты ў рамках дзяржзамовы спрабуюць абвергнуць выяўленыя ў фільме Коэна стэрэатыпы накшталт таго, што «жанчыны дзякуючы рэформам ураду атрымалі права ездзіць у аўтобусах, а гомасексуалам дазволілі не насіць блакітныя капелюшы на публіцы».

Эфект гэтых намаганняў быў амаль нулявы. Публіка ўпарта бачыць Казахстан вачыма Бората. Як прыклад — скандальны інцыдэнт на спартовых спаборніцтвах 2012 года ў Кувейце. Падчас узнагароды атлета з Казахстана арганізатары ўключылі варыянт гімна з «Бората» замест сапраўднага нацыянальнага гімна краіны. Над стадыёнам залуналі словы з песні Бората: «Казахстан — гэта найвялікшая краіна ў свеце. Усімі іншымі краінамі кіруюць дзяўчаты».

Падобна, паступова ўсвядоміўшы бесперспектыўнасць вайны з «Боратам», у Назарбаева вырашылі шукаць новыя фармулёўкі трактоўкі камедыі. У мінулым годзе амбасадар Казахстана ў ЗША заявіла, што Борат больш не раздражняе яе кіраўніцтва. Як заявіла дыпламат, «такі аналаг раздражнення будзе падобны на той, які можа адчуць англічанін, калі яго прыраўняюць да містэра Біна». Усё больш чыноўнікаў прызнаюць, што фільм пра Бората спрыяе цікавасці да краіны і выклікае намер яе наведаць. Гучалі нават заклікі да Назарбаева асабіста падзякаваць Коэну за рэкламу.

Зрэшты, пакуль Назарбаеву не да гэтага. Справа ў тым, што вялікі казахскі журналіст Борат Сагдзіеў зноў вяртаецца. Выпуск фільма пра яго новыя прыгоды чакаюць у пачатку лістапада. Што тычыцца сюжэту «Бората-2», мяркуецца, што галоўны герой будзе лічыць сябе знакамітасцю пасля поспеху першага фільма, і паспрабуе хавацца, прыкідваючыся іншым чалавекам. Магчыма, фільм неяк прывязаны да выбараў прэзідэнта ЗША, паколькі выйдзе напярэдадні галасавання 3 лістапада. Пішуць, што ў сіквеле будуць паказаныя адносіны паміж прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам і фінансістам Джэфры Эпштэйнам, што быў абвінавачаны ў сексуальным гвалце і памёр у турме.

Магчыма, гэтым разам герой Сашы Коэна не збіраецца «праслаўляць» Казахстан, і ў Нурсултане могуць спаць спакойна. Зрэшты, пакуль не адбудзецца прэм’ера, супакойвацца атачэнню Елбасы рана. Ад Бората можна чакаць чаго заўгодна.