КНДР запусціла дзве балістычныя ракеты. Гэта ўжо другі пуск за тыдзень
Паўночная Карэя запусціла дзве балістычныя ракеты малой далёкасці з раёна порта Вонсан на ўсходнім узбярэжжы краіны. Гэта ўжо другі пуск ракет у КНДР за тыдзень.
Ракеты былі выпушчаныя каля пяці гадзін раніцы ў сераду, праляцелі 250 км, дасягнуўшы вышыні каля 30 км, і ўпалі ў Японскае мора, паведаміў Аб’яднаны камітэт начальнікаў штабоў Паўднёвай Карэі.
Па словах міністра абароны Паўднёвай Карэі Чжон Кён Ду, ракеты адрозніваліся ад тых мадэляў, якія былі запушчаны раней.
Прэм’ер-міністр Японіі Сіндзо Абэ заявіў, што ніякай пагрозы для бяспекі краіны паўночнакарэйскія ракеты не ўяўлялі.
На мінулым тыдні КНДР запусціла дзве ракеты малой далёкасці, адна з якіх праляцела каля 690 км, а іншая — 430 км.
Гэта быў першы запуск пасля сустрэчы лідара Паўночнай Карэі Кім Чэн Ына з прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам у раёне дэмілітарызаванай зоны, якая падзяляе дзве Карэі. Тады яны дамовіліся працягнуць перамовы па дэнуклеарызацыі.
Неўзабаве пасля гэтага Пхеньян выказаў абурэнне з нагоды планаў ЗША і Паўднёвай Карэі правесці сумесныя штогадовыя ваенныя вучэнні.
Наступальныя магчымасці
Эксперты мяркуюць, што ў бліжэйшы час можна чакаць новых запускаў.
«Паўночная Карэя працягне выказваць свой гнеў, выпрабоўваючы ракеты ў бліжэйшыя дні, перад пачаткам вучэнняў у жніўні», — кажа эксперт Цэнтра нацыянальных інтарэсаў у Вашынгтоне Хары Казіяніс.
«Гэта зварот да Вашынгтона і Сеула: спыніце сумесныя вучэнні ці мы працягнем дэманстраваць свае ўласныя наступальныя магчымасці», — працягвае ён.
Паўночная Карэя называе гэтыя вучэнні парушэннем дамоўленасцей паміж Трампам і Кімам, дасягнутых у ходзе саміту ў Сінгапуры ў мінулым годзе.
У Пхеньяне сцвярджаюць, што вучэнні могуць падарваць аднаўленне перамоваў па дэнуклеарызацыі.
У панядзелак дзяржсакратар ЗША Майк Пампея заявіў, што перамовы могуць пачацца вельмі хутка, аднак ніякіх канкрэтных тэрмінаў агучана пакуль не было.
У мінулым годзе Кім Чэн Ын абяцаў, што КНДР спыніць ядзерныя выпрабаванні і не будзе запускаць міжкантынентальныя балістычныя ракеты.
Аднак здымкі са спадарожнікаў, зробленыя ў чэрвені, паказалі, што ў КНДР усё яшчэ могуць працягвацца аперацыі па перапрацоўцы радыеактыўных матэрыялаў.
Акрамя таго, Пхеньян працягвае дэманстраваць свае здольнасці да распрацоўкі новай зброі, нягледзячы на жорсткія эканамічныя санкцыі.
У траўні Пхеньян зрабіў запуск ракеты малой далёкасці — гэта было першае ракетнае выпрабаванне з моманту запуску міжкантынентальнай ракеты ў 2017 годзе.
Таксама на мінулым тыдні КНДР прадэманстравала сваю новую падводную лодку, якая, як сцвярджаюць улады, здольная прыняць на борт да трох балістычных ракет.
Паводле BBC