2 жніўня Дамова аб ракетах сярэдняй і малой далёкасці паміж Расіяй і ЗША спыніла дзеянне

Дзеянне дамовы аб ліквідацыі ракет сярэдняй і малой далёкасці (РСМД) паміж Злучанымі Штатамі і Расіяй скончылася 2 жніўня пасля таго, як абодва бакі афіцыйна з яе выйшлі, піша «Свабода».

1bab2d30_f394_4c69_aa6b_6e36d3548261_w1023_r1_s.jpg

Расійская ракета 9М729, якую ЗША называе адным з парушэнняў Дамовы аб ліквідацыі ракет сярэдняй і малой далёкасці

Генеральны сакратар ААН Антонію Гутэрыш 1 жніўня заявіў, што разам з гэтым пагадненнем свет страціць «бясцэнны засцерагальнік ад ядзернай вайны».

Гэтая ракетная дамова, а таксама пагадненне СНВ-3 (ці «Новы START») аб скарачэнні стратэгічнага наступальнага ўзбраення паміж Расіяй і ЗША, з’яўляюцца двума ключавымі дакументамі, якія кантралююць ядзернае ўзбраенне двух найбуйнейшых ядзерных дзяржаваў у свеце.

Дзеянне дамовы СНВ-3 заканчваецца ў пачатку 2021 года, калі бакі не дамовяцца аб яе падаўжэнні. Расія ўжо заяўляла пра гатоўнасць з яе выйсці.

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп выказаў надзею, што краінам удасца заключыць новае пагадненне, якое прыйдзе на змену гістарычнай дамове, заключанай падчас «халоднай вайны».

«Расія хацела б нешта зрабіць у плане ядзернага пагаднення, і мяне гэта задавальняе. Яны хочуць нешта зрабіць, і я таксама», — сказаў Трамп, адказваючы ўвечары 1 жніўня на пытанне карэспандэнта «Голасу Амерыкі». Пры гэтым ён адзначыў, што не абмяркоўваў дамову ад РСМД з расійскім прэзідэнтам Уладзімірам Пуціным падчас праведзенай напярэдадні тэлефоннай размовы.

Прэс-сакратарка МЗС Расіі Марыя Захарава 1 жніўня абвінаваціла ўрад ЗША ў нібыта недастатковых намаганнях для «пошуку агульнай пазіцыі для абмеркавання» пытанняў, звязаных з дамовай РСМД. Яна сказала, што Масква апублікуе сваю афіцыйную заяву з нагоды завяршэння дзеяння дамовы 2 жніўня.

ЗША і NATO неаднаразова абвінавачвалі Расію ў парушэнні ўмоваў ракетнай дамовы і распрацоўцы ядзернай зброі, уключаючы ракеты 9M729 або SSC-8, якія, паводле звестак Паўночнаатлантычнага альянсу, маюць радыус дзеяння каля 1500 км. Масква гэтыя абвінавачанні адхіляе і ў сваю чаргу вінаваціць Вашынгтон у парушэнні дамоўленасцяў.