Крыніцы: У Крамлі занепакоеныя тым, што ўсё больш расійскіх зорак выступаюць супраць вайны
Расійскае ўварванне ва Украіну працягваецца больш двух месяцаў. Нягледзячы на вайсковую цэнзуру, затрыманні і крымінальныя справы аб «фэйках» і «дыскрэдытацыі» расійскага войска, супраць вайны адкрыта выступаюць многія расійцы — у тым ліку вядомыя. «Медуза» распавядае, што з гэтым збіраюцца рабіць у Крамлі.
У Адміністрацыі прэзідэнта (АП) «занепакоеныя» антываеннымі
выказваннямі папулярных музыкаў, акцёраў, рэжысёраў і стэндапераў. Пра гэта выданню распавялі тры крыніцы, блізкія да Крамля. «Артысты — гэта
лідары меркаванняў, яны ўплываюць на сваю аўдыторыю, на яе неакрэплыя
розумы», — іранічна тлумачыць адзін з суразмоўцаў.
Сярод іншых ўварванне Расіі ва Украіну прама крытыкавалі
тэлевядучы Максім Галкін, рэпер Face, спявачка Манетачка, стэндаперы Аляксандр
Далгаполаў і Даніла Папярэчны.
Крыніцы падкрэсліваюць, што цяпер ва ўнутрыпалітычным блоку АП спрабуюць процідзейнічаць гэтым «лідарам меркаванняў», а курыруюць гэтую працу кіраўнік упраўлення грамадскіх праектаў АП Сяргей Новікаў і яго намеснік Аляксей Жарыч.
Гэта «супрацьдзеянне» арганізавана праз адміністрацыі расійскіх рэгіёнаў, якім АП «рэкамендуе» правесці адпаведныя «акцыі», сцвярджаюць крыніцы. Так, у канцы красавіка на аўтобусных прыпынках Краснаярска з'явіліся афішы, якія рэкламуюць нібыта прыезд у горад комікаў, акцёраў і спевакоў, якія выступілі супраць вайны.
Напрыклад, комік Даніла Папярэчны нібыта прадстаўляе тур «За мяжой патрыятызму» — на плакаце паказана, што канцэрты пройдуць у
Лондане, Парыжы і Таліне, а стэндапер гаворыць «на небяспечныя тэмы на
бяспечнай адлегласці».
Плакат, стылізаваны пад афішу групы Little Big, абвяшчае «Little патрыятызм Big Dебілізм». Раней удзельнікі групы — Ілля Прусікін
і Соф'я Таюрская — выступілі супраць расійскага ўварвання ва Украіну.
А «афіша» Веры Брэжневай (украінская спявачка
з'ехала з Расіі пасля пачатку вайны і дапамагае бежанцам) лаканічна
сцвярджае: «Я ведаю пароль, я бачу арыенцір на захад».
Такія ж плакаты пазней развесілі і ў Пецярбургу. У
адміністрацыях Краснаярскага краю і Пецярбурга на момант публікацыі не адказалі
на пытанне, ці былі гэтыя плакаты «спушчаныя» з АП. Пры гэтым у мэрыі
Краснаярска паабяцалі прыбраць «афішы» з вуліц горада.
Яшчэ адзін варыянт, прапанаваны АП рэгіянальным чыноўнікам, — асабіста выступіць супраць знакамітасцяў, якія асудзілі вайну. Напрыклад,
міністр культуры Прыморскага краю Алена Броннікава адкрыта абвясціла, што ўлады
рэгіёну не дадуць праводзіць канцэрты такім артыстам.
«Дзеячам эстрады, якія занялі адкрыта антырасійскую
пазіцыю пасля пачатку ваеннай аперацыі на Украіне, не месца ў Прымор'і. Мы, з
боку ўрада краю, дакладна не дамо такім спевакам і спявачкам эстрадныя
пляцоўкі. Упэўненая, што і камерцыйныя залы не аддадуць свае сцэны для
выступлення гэтых артыстаў. Інакш людзі проста не зразумеюць. Мы ўсе ведаем,
хто і якую пазіцыю заняў на фоне апошніх падзей. Такія змагары «за мір»,
як [Святлана] Лабада, [Андрэй] Макарэвіч і іншыя, паказалі свой сапраўдны твар,
сваё стаўленне да расійскага грамадства. Толькі забыліся ўдакладніць, чаму яны
не перажывалі і не лілі слёзы, калі, пачынаючы з 2014-га, Украіна забівала мірных
жыхароў Данбаса», — сказала яна.
Адна з крыніц патлумачыла:
такія «акцыі» разлічаныя ў тым ліку на тое, што яны дойдуць да федэральнай
аўдыторыі праз СМІ і тэлеграм-каналы. У прыклад яна прыводзіць тую ж
краснаярскую акцыю з плакатамі на прыпынках. «Галоўнае, каб задумка была
крэатыўная. Зразумела, што Краснаярскія пенсіянеры, якія сядзяць на прыпынках,
гэта не ацэняць — яны і не ведаюць, хто такі Face. Але пра плакаты напісалі СМІ,
у тым ліку і апазіцыйныя. Іх ўбачыла вельмі шырокая аўдыторыя, якая карыстаецца
інтэрнэтам і ведае гэтых артыстаў», — тлумачыць суразмоўца.
Разам з тым іншая крыніца адзначыла, што пакуль кампанія
супраць артыстаў, якія асудзілі вайну, «разгорнута далёка не на поўную магутнасць».
Федэральныя палітычныя фігуры і СМІ ў ёй удзельнічаюць хутчэй «па
інэрцыі», бо не хочуць паказаць сваёй аўдыторыі, як шмат вядомых расійцаў
асудзілі дзеянні Расіі.
Таму атака кіраўніка RT Маргарыты Сіманьян на Максіма
Галкіна застаецца хутчэй выключэннем з правілаў. Пасля таго як Максім Галкін
асудзіў Расію за гібель мірных жыхароў ва Украіне, Сіманьян заявіла ў эфіры «Расіі 1» пра «ілжывасць» і «крывадушнасць» артыста, паколькі пра яго нібыта «дакладна ўсім вядома, што ён гей», які «для адводу вачэй, для асабістага
ўзбагачэння, для шляху ў кар'еры» ажаніўся на «пажылой жанчыне» (Але Пугачовай).
Адказ Сіманьян атрымала ад Філіпа Кіркорава.
«Ты трымала свечку, каб публічна ачарняць чалавека і
яго сям'ю? Як на цябе павінны глядзець дзеці Алы і Максіма? Як яны павінны
глядзець на сваю радзіму, у якой ашалелыя выкрыкваюць такое на іх бацькоў? Як ты
смееш публічна прыніжаць людзей? Хто даў табе права? Маргарыта, ты галоўны
рэдактар рупара нашай краіны. Ты не маеш права сеяць разлад. Ты журналіст, а не
пахабная бабка на базары, што раскідвае бруд чутак і плётак», — заявіў ён.
«Па інэрцыі» выступаюць і некаторыя дэпутаты
Дзярждумы. Напрыклад, кіраўнік камітэта па культуры Алена Ямпольская («Адзіная
Расія») прапанавала забараніць выступаць у Расіі тым, хто асудзіў ўварванне ў
Украіну.
Крыніцы, блізкія да АП, і суразмоўца,
блізкі да кіраўніцтва Дзярждумы, падкрэслілі, што на заканадаўчым узроўні
падобных забаронаў Крэмль не плануе. Пры гэтым канцэрты такіх выканаўцаў і без
адпаведнага законапраекта часта забараняюць пасля пачатку вайны.
Суразмоўца, блізкі да кіраўніцтва Дзярждумы, так выказаўся
пра логіку падобных ініцыятыў з боку федэральных палітыкаў: «Цяпер
дзейнічаюць так — а што б яшчэ такога ********* [сказаць]
патрыятычненькага».