«Прашу вас, спыніцеся!» Беларус, абвінавачаны ў злачынствах у Бучы, патлумачыў сітуацыю

Жыхар Мазыра Сяргей Калацэй, абвінавачаны ўкраінскай Генпракуратурай у датычнасці да злачынстваў у Бучы, зрабіў допіс з тлумачэннем сітуацыі. У сваім інстаграме ён заявіў, што не пакідаў Беларусь ужо больш за два гады і ўвогуле не служыў у войску.

1_559.png

«З мяне зрабілі ваеннага злачынца, хоць я да узброеных сілаў не маю ніякага дачынення, так атрымалася, што я нават у войску не служыў!!! Што тычыцца адпраўленага мною вечка багажніка, то так, сапраўды я адпраўляў яго з беларускай пошты ў Расію незнаёмаму мне чалавеку! Гэта вечка ад майго аўто, аб'ява аб продажы якога была апублікаваная яшчэ да пачатку падзей у г. Буча!!! На сённяшні дзень мая старонка ў «Вконтакте» ўзламаная! Мне і маім блізкім паступаюць пагрозы!!! Прашу вас, спыніцеся!!!» — напісаў жыхар Мазыра.

Раней паведамлялася, што беларуса Сяргея Калацэя нібыта апазналі сярод расійскіх вайскоўцаў, якія катавалі і растрэльвалі мясцовае насельніцтва ў Бучы. Таксама ён быў заўважаны на паштовым пункце ў Мазыры, адкуль адпраўляў вечка ад аўтамабіля ў Расію. У той жа час там знаходзіліся і расійскія жаўнеры, якія афармлялі пасылкамі ў РФ нарабаванае ва Украіне.

Выглядае, што украінская Генпракуратура памылілася і Сяргей Калацэй не мае дачынення да ваенных злачынстваў арміі РФ у Бучы.