Ля берагоў Японіі побач з Курыламі бясследна знік востраў
Незаселены востраў каля берагоў Японіі, хутчэй за ўсё, пайшоў пад ваду. Выведвальныя караблі пацвердзілі знікненне вострава.
Невялікі востраў Эсанбэ Ханакіта Кадзіма, размешчаны ля берагоў Японіі, бясследна знік. Пра гэта паведаміла 2 лістапада “The Guardian”. Паводле дадзеных выдання, незаселены востраў, хутчэй за ўсё, пайшоў пад ваду. Ён размяшчаўся на захад ад астравоў Курыльскай грады.
Знікненне вострава заўважылі ў верасні 2018 года жыхары японскай вёскі Саруфуцу. На месца былі адпраўленыя выведвальныя караблі, якія пацвердзілі знікненне Эсанбэ. Паводле словаў аднаго з мясцовых жыхароў, некалькі дзесяцігоддзяў рыбакі пазбягалі Эсанбэ, паколькі навігацыйныя сістэмы распазнавалі востраў як падводную скалу.
Да гэтага ў апошні раз берагавая ахова Японіі аглядала востраў Эсанбэ ў 1987 годзе. Тады ён падымаўся над узроўнем мора ўсяго толькі на 1,4 метра.
Эсанбэ ўваходзіць у лік 158 астравоў, якім японскі ўрад даў назвы ў 2014 годзе, каб пацвердзіць права краіны на гэтыя тэрыторыі і пашырыць выключную эканамічную зону Японіі. Усе гэтыя астравы — незаселеныя.
Паводле gordonua.com