Мы не пінгвіны, пінгвіны не мы

У той час, як цэнтр Стамбула нагадваў зону баявых дзеянняў з-за сутыкненняў пратэстоўцаў з паліцыяй, адзін з галоўных турэцкіх тэлеканалаў дэманстраваў дакументальны фільм пра пінгвінаў. Пратэстоўцы пераўтварылі іх у сімвал цэнзуры. 



a_my_idziem_na_pounac.jpg

Нямірныя пінгвіны

Майкі з пінгвінамі, касцюмы пінгвінаў, жарты пра пінгвінаў — арктычная птушка ўвасобіла (а таксама, напэўна, дапамагла пераадолець) расчараванне і раздражненне пратэстоўцаў, піша TIME.

«Наша аўдыторыя адчувае сябе здраджанай», — сказаў глаўны выканаўчы дырэктар NTV падчас сустрэчы з персаналам, частка якога звольнілася на знак пратэсту супраць замоўчвання пратэстаў.  Крытыка на адрас канала была «збольшага справядлівай», дадаў ён.

На сённяшні дзень пратэсты ахапілі ўжо каля 60 турэцкіх гарадоў. Мабыць, мала хто цяпер памятае, што ўсё пачалося з планаў высечкі парка ў Стамбуле. Цяпер гэта ўжо выбух раздражнення ўладамі ў цэлым.  У тым ліку, абмежаваннем свабоды СМІ, аўтарытарнымі манерамі прэм'ер-міністра Рэджэпа Эрдагана і ўзмацненнем ісламскага фактара.

Згодна з апытаннем, праведзеным на сайце Стамбульскага Універсітэта Білгі, 84% дэмастрантаў у Стамбуле ўзялі ўдзел у акцыях пратэста менавіта з прычыны цэнзуры ў СМІ.

Дарэчы, гэтае цэнзураванне прынесла NTV камерцыйныя страты: Garanti Bank, які афіляваны з тэлеканалам, страціў ад 35 да 40 мільёнаў лір  (ад $18.6 мільёнаў да $21.2 мільёнаў), якія былі забраныя ўкладчыкамі. Тым часам  пратэстоўцы заклікалі CNN International скасаваць пагадненне з CNN Turk, тэлеканалам, які круціў дакументальны фільм пра пінгвінаў.

На фоне маўчання традыцыйных СМІ расквітнелі сацыяльныя медыя. Пратэсты каардыніраваліся праз Twitter і Facebook, дзе туркі складаюць чацвёртую па велічыні групу ў свеце. Згодна з даследваннем New York University’s Social Media і Political Participation Lab, узровень камунікацыі ў сацыяльных сетках быў «фенаменальны». Больш за 3000 твітаў у хвіліну, датычных акцыі пратэсту, адпраўлялася пасля поўначы 31 траўня. Пратэстоўцы заклікалі праз твітэр сваіх суграмадзянаў выключыць тэлевізар. 

У сваю чаргу, прэм'ер-міністр назваў сацыяльныя сеткі крыніцай дэзынфармацыі і «пагрозай».