Партыя Эрдагана адмаўляе магчымасць датэрміновых выбараў

Хусэйн Селік, намеснік старшыні Партыі справядлівасці і развіцця, створанай Рэджэпам Эрдаганам дзесяцігоддзе таму, заявіў, што мясцовыя і прэзідэнцкія выбары адбудуцца ў 2015 годзе — як і было запланавана. 



erdogan.jpg

Рэджэп Эрдаган

«Урад працуе як гадзіннік. Няма ніякай неабходнасці ў датэрміновых выбарах», — сказаў ён журналістам пасля паседжання выканаўчага камітэта партыі, скліканага ў сувязі з акцыямі пратэста, якія пачаліся ў канцы мінулага месяца і працягваюцца дасюль.

Першапачаткова выкліканыя брутальным разгонам мірнай акцыі пратэсту супраць высечкі парка Гезі на плошчы Таксім у цэнтральнай частцы турэцкай сталіцы, яны распаўсюдзіліся на дзясяткі гарадоў Турцыі. Падчас сутычак дэманстрантаў з паліцыяй тры чалавекі — два пратэстоўца і адзін паліцыянт — загінулі, тысячы былі параненыя. Урэшце рэшт пратэсты набылі характар агульнага асуджэння прэм'ер-міністра Рэджэпа Эрдагана, які кіруе краінай апошнія 10 гадоў. Яго абвінавачваюць у аўтарытарных замашках і спробах увесці ісламскія парадкі ў свецкай краіне. «Час прэм'ер-міністра скончыўся», — сказаў лідар адной з апазіцыйных партый, заклікаючы правесці датэрміновыя выбары.

r_occupygezi_erdogan_large570.jpg

Удзельнікі акцый пратэста

Хусэйн Селік лічыць падобныя заклікі спробай скінуць прэм'ера нелігітымнымі сродкамі, «не маючы магчымасці перамагчы яго на выбарах».

Эрдаган таксама ясна даў зразумець, што не збіраецца сыходзіць пад ціскам вуліцы, хаця запэўніў, што патрабаванні дэманстрантаў «пачутыя» і «будуць прыняты да ўвагі». Але адначасова прэм'ер намякае на ўдзел у акцыях пратэсту «тэрарыстаў» і «замежных грамадзянаў», чым грашылі і грашаць усе аўтарытарныя лідары.

Дарэчы, сустракаючыся з Аляксандрам Лукашэнкам у 2010 годзе, Рэджэп Эрдаган сказаў яму: «Мы з вамі вельмі падобныя». Напэўна, такое падабенства не ўсім туркам даспадобы.