Мабільная вірусалогія

У дадатак да шматлікіх праблем з эпідэміяй, у заходніх урадаў — новы галаўны боль. У грамадстве робяцца ўсё больш папулярнымі забабоны пра тое, што вірус неяк звязаны з мабільнымі тэхналогіямі.

Фота www.youtube.com

Фота www.youtube.com


Прыкладна месяц таму, літаральна напачатку эпідэміі ў Еўропе, брытанскі жоўты таблоід Daily Mail па­дзяліўся сенсацыяй: каронавірус патрапіў на Зямлю з космасу. Адтуль, калі верыць выданню, яго даставіў метэарыт, які ўвосень мінулага года выбухнуў у атмасферы над горадам Ухань. Але чамусьці вельмі перспектыўная тэорыя пра іншапланетнае паходжанне смяротнага мікробу не зацікавіла аматараў канспіратыўных версій. Затое, падаецца, яны не на жарт зацікавіліся ідэяй, што хвароба неяк звязаная з тэхналогіяй 5G.

Увогуле, 5G — гэта найноўшае (пятае) пакаленне тэхналогій мабільнай сотавай сувязі, якое павінна значна павысіць хуткасць працы інтэрнэту, павялічыць ахоп і паменшыць час перадачы пакета даных у бяздротавых сетках. Некаторыя нават пішуць, што новая тэхналогія зменіць усё нашае жыццё. 5G значна паўплывае на асноўныя галіны, у тым ліку СМІ, выдавецкую справу, ахову здароўя, гульнявую індустрыю, працу грамадскага транспарту і аказанне камунальных паслуг.

Аднак пакуль 5G усё часцей выклікае асацыяцыю з эпідэміяй. Усё за кошт тэорыі, што вірус пашыраецца менавіта дзякуючы новай тэхналогіі. Пры гэтым сам механізм апісаны вельмі кепска. Адны сцвярджаць, што гэтая тэхналогія, нібыта, пазбаўляе лёгкія чалавека кіслароду. Іншыя кажуць пра нейкую радыяцыю, якую спараджае абсталяванне. Ёсць аматары ідэі, што сотавыя вышкі, якія забяспечваюць мабільную сувязь пакалення 5G, выпраменьваюць электрамагнітныя хвалі, частата якіх знішчае кісларод у паветры. Зрэшты, галоўным аргументам з’яўляецца той факт, што Ухань быў адным з першых гарадоў Кітая, які пачаў (прыкладна за два месяцы да выбуху эпідэміі) эксперыментаваць з 5G.

Хутчэй за ўсё, падобныя інсінуацыі не выйшлі б за межы інтэрнэт-форумаў. У публічную прастору яны трапілі, як лічыцца, дзякуючы розным поп-зоркам. Цэлы шэраг прадстаўнікоў брытанскай і амерыканскай сцэны падтрымалі міф пра сувязь Covid-19 і тэхналогіі 5G. Напрыклад, амерыканская акцёрка Разана Бар мяркуе, што новы вірус быў наўмысна распаўсюджаны, каб знішчыць яе пакаленне. Брытанскі рэпер MIA напісаў у Твітары, што 5G хвалямі перадачы і частотамі можа «збіць з панталыку цела падчас працэсу яго рэабілітацыі».

На нейкім этапе размовы перайшлі ў канкрэтную фазу. Некалькі тыдняў таму па той жа Брытаніі пракацілася хваля пагромаў мачтаў сотавай сувязі 5G. З улікам таго, што напады, сярод іншага, сур’ёзна паўплывалі на працу Нацыянальнай службы аховы здароўя, выкрываць антынавуковую прыроду тэорыі даводзіцца на ўрадавым узроўні. У эфір запрашаюць вучоных, якія даводзяць, што электрамагнітныя хвалі любой частаты не аказваюць уздзеяння на дыхальную сістэму чалавека.

Адначасова прэса звяртае ўвагу, што забабоны супраць тэхналогіі 5G пачаліся не цяпер, а прыкладна за два гады да выбуху эпідэміі. Іх глебай сталі чуткі, што сігналы 5G больш моцныя за сігнал папярэднікаў (4G і 3G). У такім выпадку ўплыў на здароўе, маўляў, павінен быць больш небяспечным. Дарэчы, тэма ўплыву электрамагнітных хваляў на здароўе чалавека да гэтага часу ў комплексе не раскрытая.

Аднак асноўнай крыніцай пашырэння тэорыі пра небяспечнасць 5G стаў выпадак у Гаазе (Нідэрланды). Тут у кастрычніку 2018-га ў мясцовым парку загінула вялікая колькасць птушак. Паколькі адначасова ў горадзе праходзілі тэсты 5G, гэтыя падзеі мясцовыя жыхары неяк звязалі. З таго часу ў выпадку калектыўнай смерці птушак у Еўропе стала бачылі фактар новай тэхналогіі сувязі.

Толькі ў 2019-м у групу патэнцыйных ахвяраў 5G паступова пачалі дадаваць людзей. Рубежнай падзеяй аказаўся фестываль у брытанскім Гланстанберы, на якім Еўрасаюз вырашыў прадэманстраваць магчымасці 5G. Народ не на жарт перапалохаўся, а фракцыя Зялёных, якая складае большасць у мясцовым савеце, нават прагаласавала супраць дэманстрацыі. Гэты інцыдэнт спрыяў росту нізавых пратэстаў супраць 5G на Захадзе. Дарэчы, нямецкая прэса піша, што за такія пратэсты актыўна агітавала пуцінская інфармацыйная кампанія Russia Today.

Гледзячы на вялікую колькасць цяперашніх публікацый супраць забабонаў наконт пагрозы 5G для чалавека, можна меркаваць, што маштаб калектыўнай фобіі наконт новых тэхналогій як мінімум паменшыцца. Аднак ёсць сур’ёзныя сумневы, што гэта апошняя канспіратыўная тэорыя, звязаная з вірусам.

Прынамсі, у тых жа Злучаных Штатах цяпер на падыходзе ўжо новая версія, яшчэ больш экстравагантная за папярэднюю. Прыкладна з канца сакавіка па сацыяльных сетках ЗША ходзяць чуткі, што афрыканцы генетычна ўстойлівыя да новага вірусу. У якасці доказу прыводзілася гісторыя нейкага камерунца, які жыве ў Кітаі. Ён, нібыта, заразіўся вірусам і раптам нечакана выжыў, як усталявалі навукоўцы, дзякуючы свайму афрыканскаму паходжанню. Выснова, якую робяць аматары фэйкаў, відавочная: вірус прыдумалі ў мэтах знішчэння белай расы. Выданне Chicago Tribune ужо запатрабавала ад улады верыфікацыі гэтых плётак, каб пазбегнуць іх пашырэння.

З улікам апісанага, можна дапусціць, што, пакуль медыкі не знойдуць вакцыну супраць вірусу, інсінуацыі наконт яго паходжання і ўласцівасцяў будуць працягваць дэстабілізаваць грамадства. Хаця тут нічога новага: у гісторыі падобнымі ўспышкамі калектыўнага псіхозу суправаджаліся ўсе вялікія эпідэміі.