Для святара з цяжкай формай COVID-19 шукаюць донара плазмы
Пра гэта піша ў фэйсбуку грамадская актывістка Наталля Васілевіч.
Сябры і родныя шукаюць донара плазмы святару Свята-Петра-Паўлаўскага сабора Генадзю Васільевічу Буцько, які з 14 красавіка знаходзіцца на ШВЛ ў штучнай коме ў 6-й лякарні Мінска. Для лячэння неабходна пераліванне крыві чалавека, які перанес COVID-19 і ў плазме якога ўтварыліся антыцелы да каронавіруса. Група крыві — 1-я станоўчая.
«Калі вы перанеслі COVID-19 і хочаце здаць плазму, вы павінны быць здаровыя: у вас павінны адсутнічаць клінічныя сімптомы і любыя лабараторныя прыкметы каронавіруснай інфекцыі на працягу не менш чым 15 сутак. Таксама узрост ад 18 да 60 гадоў, вага не менш за 50 кг і іншыя стандартныя патрабаванні да донараў. Даследавання выкарыстання рэканвалесцэнтнай плазмы для COVID-19 паказваюць, што гэта бяспечная і эфектыўная тэрапія, якая памяншае працягласць і цяжар COVID-19», — напісала ў фэйсбуку Наталля Васілевіч.
Жадаючых стаць донарам і прыдатных па вышэйпазначаных патрабаваннях просяць звярнуцца ў рэгістратуру лякарні для донараў: 8 (017) 2395913 ці 8 (017) 2395914.
Як паведамлялася раней, антыцелы супраць віруса, якія ўтварыліся ў крыві донараў у выніку перанесенай інфекцыі, дапамагаюць спраўляцца з хваробай іншым пацыентам, у якіх хвароба працякае ў цяжкай і сярэднецяжкай форме.