Мода на зялёнае
За некалькі месяцаў да парламенцкіх выбараў англічан ахапіла мода запісвацца ў актывісты Партыі зялёных Англіі і Уэльса (ПЗАУ). Колькасць сяброў Партыі зялёных за два гады ўзнялася з 11 да 44 тысяч чальцоў.
Статыстыка сапраўды зачароўвае. Колькасць сяброў Партыі зялёных за два гады ўзнялася з 11 да 44 тысяч чальцоў. Кожны чацвёрты малады чалавек у краіне будзе галасаваць на парламенцкіх выбарах 6 мая за «Зялёных». Рэйтынг партыі пераадолеў планку ў 11 працэнтаў (плюс пяць пунктаў за год і плюс тры за апошнія два месяцы). Чым выклікана такое «пазеляненне» Вялікабрытаніі, і як яно паўплывае на профіль краіны?
Перш за ўсё, кароткая інфармацыя пра саму Партыю зялёных Англіі і Уэльса. Яна існавала з 1973 года (у 1975-м атрымала назву «Экалагічная партыя»). Але ў 1990-м ад яе адкалоліся Шатландская партыя зялёных і Зялёная партыя паўночнай Ірландыі. Так што можна лічыць, што свае існаванне ПЗАУ пачала толькі 14 з лішкам гадоў таму. І ў прынцыпе, яна някепска развівалася для маладой структуры (напрыклад, у Лонданскай гарадской асамблеі, дзе засядаюць 25 дэпутатаў, эколагі маюць зараз 2 прадстаўнікі). Партыі таксама ўдалося атрымаць адно месца ў брытанскім парламенце.
Аднак сапраўдны прарыў Зялёных пачаўся з прыходам у кіраўніцтва ў 2012 годзе Наталі Бенет (Natalie Bennett). Нягледзячы на тое, што Бенет (1966 г.н.) нарадзілася і вучылася ў Аўстраліі, пасля пераезду ў Брытанію ў 1999-м, яна зрабіла хуткую кар’еру журналіста ў мясцовых СМІ. Адначасова яна спрабавала сябе ў мясцовай палітыцы як актывіст «Зялёных» і з часам дарасла да партыйнага лідара. З новым лідарам партыя за два гады выйшла на чацвёртае месца ў рэйтынгу, пакінуўшы пасля сябе лібералаў — партыю-ветэрана на брытанскай палітычнай сцэне.
Магчыма, сакрэт росту інтарэсу да эколагаў у Англіі тлумачыцца не персанальнымі якасцямі Наталі, а духам эпохі. Настроі электарату на выбарах 2015 года сярод іншага фармуюць два новых чынніка. Па-першае, гэта недавер да партый мейнстрыму (за час крызісу, што пачаўся ў 2008 годзе, лейбарысты і кансерватары былі пры ўладзе і давялі, што перамагчы негатыўны трэнд не здольныя, і самае галоўнае — асаблівай розніцы ў іх падыходах да вырашэння эканамічных праблем няма). Як следства, мы сталі сведкамі калапсу даверу да абедзвюх фармацый. Зараз гэтым партыям сімпатызуюць 60–65 працэнтаў брытанскага электарату.
Другі чыннік — фармаванне палітычных сімпатый і запытаў пад уплывам новых тэхналогій камунікацыі. У сацыяльных сетках ідзе аўтаномная ад палітычнага істэблішменту і старых медыя палеміка. Дзякуючы адсутнасці фільтраў, новым палітычным акторам прасцей дагрукацца да электарату. Гэтым шмат у чым і скарысталіся эколагі.
Першай праявай эрозіі старой брытанскай двухпартыйнай сістэмы стаў узлёт Партыі незалежнасці Аб’яднанага Каралеўства (UKIP) — еўрафобскай структуры, чый стыль чымсьці нагадвае эпатажнасць расійскай партыі Жырыноўскага. Гульня на мяжы дазволенага прыцягвае да сябе пратэстны правы электарат. Левым аналагам UKIP, на думку экспертаў, сталі «Зялёныя». Расчараваны ў лейбарыстах левы выбаршчык мяркуе, што «Зялёныя» здольныя на больш радыкальныя рэформы.
Праграма «Зялёных», сапраўды, больш радыкальная ў сацыяльных лозунгах, чым прапановы лейбарыстаў. Напрыклад, «Зялёныя» лічаць, што мясцовае самакіраванне, а не цэнтральны ўрад павінен вырашаць лёс публічных службаў на месцы. Плюсаў на фоне лейбарыстаў, якія падтрымалі вайну ў Іраку, ім дадае выразная антываенная пазіцыя. У астатнім гэта хрэстаматыйная праграма еўразялёных — талерантнасць да меншасцяў, развіццё зялёнай эканомікі, абарона правоў жывёл, новая палітыка адносна лёгкіх наркотыкаў, прапаганда экалагічнага стылю спажывання і г.д.
Выданне «Independent» цытуе аднаго з перабежчыкаў ад лейбарыстаў да зялёных: «Трыццаць гадоў я быў сябрам лейбарыстаў, аднак на мінулым тыдні я паклаў партбілет на стол і далучыўся да «Зялёных». Я стаў лейбарыстам у часы Тэтчэр, калі яна атакавала мадэль сацыяльнай дзяржавы. Хаця ў мяне былі сумневы, я ведаў, што гэта партыя працоўнага чалавека. Лейбарысты ў часы Тоні Блэра здрадзілі сабе. Я галасаваў за Эда Мілібэнда (цяперашні старшыня лейбарыстаў) у 2010-м. Ён падаваўся мяне палітыкам, які ачысціць партыю ад спадчыны Блэра. Аднак гэтага не адбылося. Я зразумеў, што ўся цяперашняя генерацыя лейбарысцкіх лідараў склалася пад пратэкцыяй Тоні Блэра. «Зялёныя» — вось рэальны голас левых за палітычную альтэрнатыву. Гэта арганізацыя з дэмакратычнай структурай і радыкальнай праграмай. Тут галоўную ролю гуляюць жанчыны, што робіць партыю вельмі свежай. Я ганаруся, што магу дапамагчы «Зялёным» стаць партыяй, якая выказвае волю падманутых англічан».
Праўда, не ўсё ў «Зялёных» так добра. Асноўная перашкода на іх шляху ў Вестмінстэр — мажарытарная сістэма выбараў. Практыка паказвае, што вельмі часта, маючы прыстойны рэйтынг у цэлым па краіне, новай палітсіле цяжка перамагчы ў канкрэтнай акрузе, дзе старыя партыі даўно напрацавалі выбарчыя тэхналогіі. «Зялёныя», па разліках экспертаў, будуць здольныя ўсур’ёз змагацца толькі на 12–15 акругах.
Акрамя таго, шматлікія сур’ёзныя медыя асцярожна ставяцца да новых лейблаў на палітычным рынку. Яны ахвотней даюць эфір палітыкам ад салідных партыйных фармацый. Напрыклад, адзін з вядомых брытанскіх фондаў, які арганізуе ўвесну выбарчыя дэбаты паміж лідарамі, вырашыў не запрашаць на іх Наталі Бенет. Не жадаюць часта размаўляць з неафітамі і палітыкі першай лігі. Так, прэм’ер Дэвід Кэмеран заявіў, што адмовіцца ад удзелу ў дэбатах з апанентамі ў тым выпадку, калі сярод іх пабачыць прадстаўніка «Зялёных».
Усе гэтыя акалічнасці пакідаюць пытанні наконт будучыні «Зялёных» і цяперашняй моды на зялёныя фарбы. Праўда, усе партыі Вялікабрытаніі знаходзяцца ў аналагічнай сітуацыі. Як піша выданне «Guardian», выбары 6 мая 2015 года будуць самыя непрадказальныя.